"Дэкор" як маленькі тэатр

Источник материала:  

Моду ў Круглым ствараюць з яркіх тканін і нават... поліэтыленавых пакетаў! Дзіцячая студыя "Дэкор" стварае казачныя калекцыі адзення і вучыць малых таму, што быць не падобнымі на іншых — гэта добра.

"Дэкор" як маленькі тэатр
Модная краіна цудаў У фае Круглянскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сабраліся галоўныя героі "Алісы ў краіне цудаў". Паказ моднай калекцыі ў выкананні дзяцей са студыі "Дэкор" — гэта як маленькі тэатр. Сярод прыгожых постацяў Алісы і каралеў вылучаюцца Белы Трус і Капялюшнік. Найперш, крэатыўнымі галаўнымі ўборамі. У 8-гадовай Леры Гурковай пасярод доўгіх вушэй з белай махнатай футры ўмацаваны маленькі вытанчаны капялюшык, а яе сябар Сяргей Лосеў прытрымлівае рукой вялізны ліловы цыліндр, упрыгожаны ружовай стужкай і карункамі. У адпаведнасці з вобразам, Капялюшніку намалявалі сінія цені каля вачэй, на вуснах — пунсовая памада.

— Мне тут добра і ўтульна. Калі гэта творчасць, то нічога не страшна. Мая мара — стаць дызайнерам тэатральных касцюмаў. Таму ў студыі я малюю, ствараю і выступаю на сцэне, — адказвае на пытанне пра свой яркі тэатральны макіяж 11-гадовы хлопчык.

Сям'я Сяргея, як і іншых маладых удзельнікаў студыі "Дэкор", далёкая ад мастацтва. Напрыклад, у 12-гадовай Ксеніі Петрушкевіч бацькі — прадавец і электрык, але дзяўчынка добра малюе, і ёй падабаецца ствараць незвычайнае адзенне сваімі рукамі.

— Людзі павінны хадзіць у яркім строі, каб ён прыносіў ім радасць, — лічыць яна.

"Дэкор" як маленькі тэатрДжынсы назаўсёды

Ксюша — маладая прыгажуня з вяснушкамі на вясёлым твары і доўгімі валасамі. У калекцыях "Дэкору" ёй асабліва падыходзіць народны стыль — доўгія льняныя сукенкі, вянкі з кветак і ўпрыгажэнні з саломкі. А ў жыцці дзяўчына носіць тое, што і ўсе падлеткі, — джынсы і майкі.

— Думаю, што і ў паўсядзённым жыцці не трэба насіць чорнае ды шэрае, — робіць свой модны прысуд Сяргей Лосеў. — Я сам люблю яркія колеры, як у вясёлцы.

Саша Гарусава і Насця Ляшкевіч у калекцыі "Насякомушкі" ўвасобілі вобразы матылька і страказы. Калекцыю не толькі адрозніваюць празрыстыя крылы, але і вялікія каляровыя акуляры, актуальныя модныя аксесуары. Дзяўчынкі вельмі прыгожыя ў сваіх вобразах, але яны мараць ствараць адзенне для паўсядзённага жыцця.

— Я мару пра акуляры-"авіятары", — кажа Саша. — Таксама мне падаецца, што лёгкія шалікі ўлетку — гэта таксама вельмі модная тэндэнцыя. А вось джынсы павінны быць вузкімі, але не надта сціслымі.

— Джынсы цяпер носяць усе і ўсюды, і гэта правільна, — нават не спакушаецца на "святое" Насця. — Трэба дапаўняць іх прыгожымі байкамі і майкамі. Мне падаецца, што карцінкі з лічбамі і літарамі цяпер модныя.

— А мне падаецца, што са звярамі — напрыклад, тыграм, — разважае Саша пра тое, што каляровыя майкі любіць больш чым шэрыя.

Смецце і прыгажосць

Самая цікавая, але і самая нерэальная для вуліц Круглага і любога іншага месца калекцыя называецца "Другое жыццё". Усе мадэлі зроблены фактычна са смецця.

Якраз гэтымі днямі на грандыёзным свецкім паказе ў нямецкім Кёльне прыгожыя жанчыны дэманстравалі шыкоўныя вечаровыя строі, зробленыя... з пластыкавых латкоў з-пад пячэння і іншых кандытарскіх вырабаў. У Круглым юныя аматары моды ужо рэалізавалі актуальны экалагічны трэнд.

Другасная сыравіна творча апрацавана: гэта і ў сарафан з пакетаў з-пад семак, рыцарская браня з пластыкавых падкладак пад шакаладныя цукеркі, сукенка з мяшкоў ад пральнага парашка і памперсаў і іншае. Гучыць вельмі дзіўна, але выглядае, тым не менш, нечакана прыемна.

— Я, вядома, разумею, што хадзіць у гэтым па вуліцы немагчыма, — гаворыць дзяўчынка ў пакетах для семак. — Але я, тым не менш, ганаруся гэтым строем: ён адзіны ў сваім родзе і зроблены нашымі рукамі.

— У мяне гэта выклікае здзіўленне, што практычна з кожнай кінутай на зямлю паперкі можна зрабіць яркі мастацкі твор, — працягвае яе сяброўка ў пакетах з пральнага парашка і тут жа прапануе ідэю: — Нешта падобнае можна зрабіць і з невялікіх кавалкаў тканіны, ці не так? Усё залежыць ад фантазіі.

"Дэкор" як маленькі тэатр
Прага творчасці Усе ўдзельнікі студыі "Дэкор" маюць надзею атрымаць у будучым творчую прафесію. Кіраўнік "Дэкору" Вольга Лустава ганарыцца не толькі шматлікімі прызамі, якія атрымлівалі калекцыі студыі на розных конкурсах, але і паступленнем сваіх выхаванцаў у навучальныя ўстановы сталіцы, каб у будучыні стаць мадэльерамі, дызайнерамі.

— У студыю "Дэкор" прыходзяць дзеці, і самае галоўнае, каб у іх былі свежыя ідэі, — гаворыць Вольга Мікалаеўна. Яна ўзгадвае сваё дзяцінства: як хацелася нешта такое апрануць, каб выглядаць па-іншаму.

Калекцыі "Дэкору", вядома, прызначаны для сцэны і тэатралізаваных модных паказаў. Аднак назапашаныя веды выхаванцы студыі выкарыстоўваюць і ў паўсядзённым жыцці. Каб не было сумна і цёмна, да свайго звыклага адзення дзеці прыдумляюць яркія арыгінальныя дэталі: каляровы шалік, мяшэчак з упрыгажэннямі для мабільнага тэлефона, вышыўку ці мярэжку на кашулі.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

г.п. Круглае

←Сами виноваты?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика