Уладзімір Падгол заклікае ўдзельнікаў агульнанацыянальнай дыктоўкі дасылаць тэксты палітвязню Дашкевічу

Источник материала:  
30.01.2013 13:49 — Новости Общества

 

Ініцыятар агульнанацыянальнай дыктоўкі, філосаф Уладзімір Падгол заклікае ўдзельнікаў гэтай акцыі дасылаць напісаныя тэксты лідару міжнароднага грамадскага аб`яднання "Малады фронт" Зміцеру Дашкевічу ў гродзенскую турму № 1.

"Да 2 лютага, дня, калі 175 год таму нарадзіўся Каліноўскі, ўжо запісана шмат відэадыктовак тэксту яго "Ліста з-пад шыбеніцы", — адзначаецца ў адкрытым лісце Падгола. — Запісаныя Лісты і з Івонкай Сурвілай, Уладзімірам Арловым, Зінаідай Бандарэнка, Стэфанам Эрыксанам, Марыушам Машкевічам і яшчэ шмат з кім. Запісаны супольныя тэксты відэадыктовак аб`яднання бацькоў рэпрэсіраваных палітыкаў і грамадскіх дзеячаў (Галіна Сіўчык), запісаліся мастакі суполкі "Пагоня". У Кіеве запісалі свае дыктоўкі Лістоў ўкраінскія паэтэсы і выставілі ў інтэрнэце".

Тэлеканал Белсат ужо выставіў на інтэрнэт-сайце відэазапіс дыктоўкі, прачытанай кіраўніком Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянонам Пазняком. З 2 лютага ўсе відэазапісы з`явяцца на розных інтэрнэт-сайтах, паведамляе Падгол.

"Пачнецца наша беларуская інтэрнэт-дэманстрацыя ў абарону незалежнасці. Ахвотныя змогуць пісаць першыя дыктоўкі з відэазапісу ўпадабанага дзеяча. Пісаць запавет Каліноўскага можна будзе і 22 сакавіка, у дзень, калі паслугачы цара Расіі знішчылі змагара за незалежнасць, і цэлы год, які для нас ёсць годам 150-годдзя паўстання", — піша ініцыятар дыктоўкі.

"Хацелася б, каб на кожным напісаным намі тэксце Ліста свой аўтограф паставілі выбітныя, знакамітыя беларусы, і тыя, хто дыктавалі, і тыя, хто па стане здароўя не змог дыктаваць. Уладзімір Арлоў ужо пагадзіўся паставіць сваю адзнаку на вашым лісце", — паведаміў Падгол.

Тэксты дыктовак з аўтографамі, а таксама цёплымі словамі і пажаданнямі ён прапаноўвае дасылаць Зміцеру Дашкевічу ў турму. "Папярэдне трэба зняць копію Ліста і пакінуць у сямейным архіве. Мажліва даслаць Дашкевічу і відэазапісы дыктовак", — піша Падгол.

"Такім чынам, — адзначаецца ў лісце, — наша беларуская дыктоўка салідарнасці атрымлівае замкнуты цыкл і лагічнае і маральнае завяршэнне: Каліноўскі піша "Ліст з-пад шыбеніцы", мы яго запаветам барацьбы за незалежнасць нагадваем дыктоўкай грамадзянам, дзецям і ўнукам і па эстафеце дасылаем Ліст ў падтрымку самаахвярнаму хлопцу Дашкевічу".

Падгол прадбачыць, што "хутчэй за ўсё дасланыя Лісты-дыктоўкі цэнзура не прапусціць, затрымае за кратамі". "Стануць арыштаванымі дыктоўкі. Менавіта так адбылося з тэкстамі журналістаў БАЖа з Наваполацка падчас першай агульнанацыянальнай дыктоўкі ў 2008 годзе. І тады нам давядзецца пазмагацца і за вызваленне палітвязняў, і за Свабоду зняволеных Лістоў, тэксты якіх вывучаюць у школе", — гаворыцца ў адкрытым лісце.
//БелаПАН.



←Только 21% осужденных по уголовным делам в 2012 году были приговорены к лишению свободы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика