Брэсцкая журналістка скардзіцца ў пракуратуру на міліцыянта
29.01.2013 12:34
—
Новости Общества
Брэсцкая журналістка скардзіцца ў пракуратуру на міліцыянта
Фота: virtual.brest.by
Інцыдэнт адбыўся 25 лістапада на стадыёне "Брэсцкі". У той дзень ішла гульня паміж футбольнымі камандамі "Дынама-Брэст" і мазырскай "Славіяй".
За спартовай падзеяй таксама назірала і фотакарэспандэнт газеты "Брэсцкі кур'ер" Мілана Харытонава. Журналістка гаворыць, што па завяршэнні матчу на яе літаральна напаў супрацоўнік міліцыі. Ён штурхаў дзяўчыну і закрываў сабой аб'ектаў фотаздымача. Свае паводзіны міліцыянт у грубай форме тлумачыў тым, што нібыта "цяпер здымаць нельга".
Сама Харытонава дзеянні міліцыянта класіфікуе як перашкоду журналісту выконваць свае прафесійныя абавязкі.
Харытонава: "Гэта быў канец футбольнага сезону ў Брэсце. Фанаты вырашылі адзначыць яго пасля гульні, запаліўшы фаеры на стадыёне, куды іх праносіць забаронена. Міліцыя пачала іх гасіць і выводзіць самых актыўных фанатаў. Відаць, яны хацелі проста замоўчваць гэты інцэдэнт, бо па іх віне фаеры з'явіліся на стадыёне. Каб "карцінка" гэтага не разышлася, то і была такая рэакцыя - забараніць здымаць".
Дарэчы, міліцыя ў той дзень затрымала каля двух дзясяткаў фанатаў "Дынама-Брэст", але інфармацыя пра гэта не трапіла ў СМІ.