Удава Якава Навуменкі: "Фотаробат склалі не на забойцу, а на сведку"

Источник материала:  
22.01.2013 18:10 — Новости Общества

Удава Якава Навуменкі: “Фотаробат склалі не на забойцу, а на сведку”

Еўрарадыё
Удава Якава Навуменкі: "Фотаробат склалі не на забойцу, а на сведку"
Прощание с Яковом Науменко в Белгосфилармонии
Народнаму артысту Беларусі Якаву Навуменку нанеслі смяротную траўму ва ўкраінскім Севастопалі 19 жніўня 2012 года. Праз тыдзень спявак памёр у мясцовай бальніцы.
 
Мінула ўжо каля пяці месяцаў, а пра падазраваных нічога не паведамляецца, нават фотаробат магчымага забойцы ў Севастопалі шырока не распаўсюджваўся. 
 
Хоць, на першы погляд, збіццё артыста бачылі многія сведкі і зачэпкі ў такой сітуацыі мусілі быць. 
 
Інфармацыя па расследаванні гэтай крымінальнай справы 4 студзеня была праслухана на аператыўным пасяджэнні ў пракуратуры горада, ― паведамляе прэс-сакратар пракуратуры Севастопаля Валерый Ястрэмскі. ― Былі дадзены ўказанні міліцыі па расследаванні, склалі дадатковы план следчых мерапрыемстваў. Нейкія версіі былі адпрацаваны. Па іншых працягваецца расследаванне”. 
 
Выходзіць, што следства з адпраўной кропкі асабліва не пасунулася. Сваякі Якава Навуменкі таксама не атрымалі за апошнія два месяцы нейкай важкай інфармацыі. Тым часам удава спевака, Ала Якаўлеўна, усімі магчымымі спосабамі спрабуе даведацца, што здарылася на плошчы Нахімава ў Севастопалі трагічным жнівеньскім вечарам. 
 
Ала Навуменка: “Кантакт са следствам трымае Ганна ― пляменніца Яшы. Размаўляла з ёй апошні раз колькі дзён таму. Новай інфармацыі пакуль няма. Застаецца тое, што мы ведалі два месяцы таму.
 
Я звярталася і да нетрадыцыйных метадаў следства. Інфармацыю, якой я асабіста валодаю, магу раскрыць. Нападнікаў было двое. Яны былі нецвярозыя, у іх быў высокі ўзровень агрэсіі. Яны былі прыезджыя. Усё здарылася выпадкова. Дастаткова было цвыркнуць запалкай, каб гэтыя два вырадкі адрэагавалі такім вось чынам. Адзін з іх ударыў Ціхана (сын Якава Навуменкі. ― Заўв. Еўрарадыё), і ён страціў прытомнасць. Другі ў той жа час ўдарыў Яшу, але Яша аказаўся дужэйшым: пасля першага ўдару ён выстаяў, другі ўдар быў такой сілы, што яго вынесла з натоўпу. І, хутчэй за ўсё, у руцэ агрэсара было нешта кшталту кастэта. Катэгорыя людзей, якія гэта зрабілі: альбо былыя спартсмены, якія аказаліся не пры справе, альбо вырадкі, якія выйшлі з турмы. Уласна кажучы ― гэта ўсё”. 
 
Еўрарадыё: “Ці верыце вы ў тое, што следства вядзецца сумленна? Прайшло столькі часу, а канкрэтных вынікаў няшмат”. 
 
Ала Навуменка: “Пошукі ўскладнены тым, што яны ― прыезджыя. Гэта маё перакананне. Следства працягваецца, апытваюцца сведкі. Знойдзена шмат людзей, у тым ліку ў іншых гарадах. Усё гэта звязана з камандзіроўкамі, гэта ўсё ― няхуткая справа. Пракуратура дала дазвол на праверку ўсіх тэлефонаў і гэтак далей. То бок там следства не сканчаецца. І ў тым напале, у якім яно пачыналася, яно тэмпу і якасці не змяніла. Адпрацоўвалі самыя розныя накірункі, самыя розныя версіі. У мяне няма падставаў не давяраць актыўнасці і прафесіяналізму севастопальскай міліцыі. Следчага, які займаецца крымінальнай справай, мне рэкамендавалі як высокапрафесійнага чалавека, на рахунку якога некалькі паспяховых расследаванняў, якія спачатку лічыліся ў прынцыпе нераскрывальнымі”.
 
Еўрарадыё: “Але чаму не распаўсюджваўся фотаробат? Па ідэі, ён неабходны, каб шырока распаўсюдзіць прыкметы злачынцы і такім чынам выйсці на яго…” 
 
Ала Навуменка: “Фотаробат быў складзены згодна з інфармацыяй двух сведак. Але ― гэта мая асабістая версія і мой асабісты пункт гледжання ― гэтыя сведкі пабачылі чалавека, які проста там затрымаўся. Якія ўдарылі ― іх тут жа здзьмула. Сведкі, якія ўсё ў натоўпе бачылі, так і прызнаваліся: усё здарылася хутка, секунд за пяць, глядзелі на кулакі, твараў ніхто не пабачыў. Адсюль і складанасці са стварэннем адэкватнага фотаробата. Тым больш гэта былі два чалавекі. Быў складзены фотаробат для ўнутранага карыстання, але гэта версія не склалася”. 
 
Еўрарадыё: “Беларускія следчыя органы з пэўных прычын не прымаюць удзелу ў расследаванні. Хоць Якаў Навуменка быў вядомым чалавекам. Ці дапамагалі вам, калі здарылася трагедыя?”
 
Ала Навуменка: “Было ўжо вельмі шмат спробаў дапамогі, як толькі здарыўся напад. Гэта і Міністэрства аховы здароўя, і Беларускае консульства ў Кіеве, і “лечкамісія”. Нашы хацелі выслаць туды транспартны рэанімацыйны самалёт, але севастопальскія ўрачы адмовіліся і трымалі Яшу там. Як я высветліла пазней, раны, атрыманыя ім, былі несумяшчальныя з жыццём. Але нам пра гэта ніхто не давёў да ведама. Я ведаю, што Яша зараз знаходзіцца ў высокім светлым Свеце. І працягвае па-ранейшаму займацца творчасцю. Мне дрэнна, але ён чым займаўся пры жыцці, тым і займаецца там. Гэта я кажу для таго, каб вы зразумелі, што я ўсялякімі магчымымі-немагчымымі шляхамі імкнулася высвятляць гэту сітуацыю”. 
←Патриарх Кирилл наградил архиепископа Витебского и Оршанского Димитрия орденом князя Даниила

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика