“На бердзечку” ці шморганнем
Як са звычайных вязальных нітак зрабіць модны паясок?
Ці ведалі вы, што раней без пояса нават на вуліцу нельга было выйсці? Калі чалавек з’яўляўся на людзях непадпяразаным, лічылася, што ён перайшоў межы прыстойных паводзінаў. Яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя самаробныя ўзорыстыя паясы былі вельмі папулярнымі — іх насілі ў будні, і ў святы як дарослыя, так і дзеці. Пасля на дзесяцігоддзі пра такі аксесуар, як самаробны пояс, забылі наогул. Аднак сёння мода на іх зноў вяртаецца. Дарэчы, як і на ўсё традыцыйнае і каларытнае. Павучымся плесці паяскі разам?
Трэба сказаць, што спосабаў вырабу паясоў даволі шмат. Іх можна ткаць “на бердзечку”, на дошчачках, шморганнем, на кроснах, можна плесці рукамі... Пра гэта я даведалася ў народнай студыі “Вясёлкавая плынь” Спораўскага сельскага цэнтра культуры Бярозаўскага раёна, куды і выправілася авалодваць сакрэтамі пляцення паяскоў. Самая простая тэхніка, па словах кіраўніка студыі Ганны Чайчыц, — на дошчачках. Хаця, шчыра кажучы, мне так не падалося. Па-першае, трэба сам станок зрабіць, затым прапусціць ніткі праз чатыры дзіркі кожнай з дошчачак (а іх можа быць некалькі дзясяткаў), знайсці месца, дзе можна гэты станок прымацаваць, і толькі потым брацца за выраб пояса. Аднак нават маленькія ўдзельніцы студыі плятуць такім спосабам паяскі вельмі спрытна.
Вядома, дарагія чытачы, большасць з вас не гатовыя рабіць для пляцення паяскоў яшчэ і спецыяльныя прыстасаванні, таму я папрасіла Ганну Васільеўну навучыць найменш затратнаму ў плане сродкаў і часу спосабу. Такім аказалася пляценне пояса на пальцах.
— Такія паяскі мы пляцём для ўдзельнікаў нашага фальклорнага гурта “Жаўручкі” ў якасці элемента народнага касцюма, — распавядае Ганна Чайчыц. — Такі пояс выдатна спалучаецца і з сучаснай вопраткай: спадніцай, штанамі, сукенкай. Плеценыя такім спосабам шнуркі можна выкарыстоўваць таксама як ручкі для сумак, падвязкі для фіранак або як аздобны матэрыял для самых розных прадметаў.
Спораўскія паяскі Майстар-клас ад Ганны Чайчыц
1. Нам спатрэбяцца ніткі двух колераў, лепш тоўстыя вязальныя, і нажніцы.
2. Рыхтуем на кожны жгуцік па чатыры ніткі аднолькавай даўжыні (5—6 метраў). Усяго шаснаццаць нітак.
3. Пляцём з нітак жгуцікі тэхнікай вузельчыкаў.
4. У нас павінны атрымацца чатыры жгуцікі-коскі. Звязваем іх з аднаго канца.
5. А цяпер пераплятаем — першая нітка кладзецца на другую, потым пад трэцюю, і на чацвёртую: верх-ніз-верх.
6. Апошні штрых — робім кутасік. Складаем некалькі нітак разам і прывязваем іх да нашага паяска. Раўняем канцы.
7. Паяскі гатовыя — можаце ўпрыгожваць сябе ці інтэр’ер.