Дарога да храма — адзіная дарога, на якой месца хопіць усім

Источник материала:  

Сёння праваслаўныя вернікі адзначаюць вялікае свята – Хрышчэнне Гасподняе (Вадохрышча)

Вернікамі сябе лічаць больш за семдзесят працэнтаў беларусаў

Штогод у трэцюю нядзелю студзеня ва ўсіх краінах адзначаецца Сусветны дзень рэлігіі. Пагадзіцеся, добрая нагода, каб паразважаць аб ролі і месцы рэлігіі ў нашым жыцці і нашай шматканфесійнай краіне. Стагоддзямі на тэрыторыі Беларусі жылі праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, іўдзеі, мусульмане...

Як жывуць побач на тэрыторыі Беларусі вернікі розных канфесій, наколькі паспяхова вядзецца ў краіне міжканфесійны дыялог і з якімі праблемамі сутыкаюцца рэлігійныя арганізацыі? Аб гэтым напярэдадні Сусветнага дня рэлігіі карэспандэнт “НГ” размаўляла з намеснікам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Уладзімірам ЛАМЕКАМ.

 — Наколькі актыўны ў нашай краіне міжканфесійны дыялог?

— Міжканфесійны дыялог важны не только для нашай краіны — для ўсяго свету. Глабалізацыя — з’ява не толькі станоўчая. Яна спараджае і канфліктныя сітуацыі. Колькі іх у Егіпце, Сірыі, Судане... Мы не павінны дапусціць гэтага, як і пераманьвання людзей з адной канфесіі ў другую, асабліва пасля такога доўгага перыяду барацьбы з рэлігіяй. Мітрапаліт Філарэт і Мітрапаліт Кандрусевіч паказваюць добры прыклад, як могуць супрацоўнічаць канфесіі. Праводзіцца шэраг агульных мерапрыемстваў. Напрыклад, акцыя Беларускай праваслаўнай царквы “Сям’я — яднанне — Айчына” ці ініцыяваныя Каталіцкім касцёлам фестывалі хрысціянскай музыкі “Магутны Божа” ў Магілёве і хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Магніфікат” у Глыбокім і Мінску. Усе гэтыя мерапрыемствы садзейнічаюць міжканфесійнаму міру і згодзе, духоўнаму адраджэнню.

— Уладзімір Барысавіч, гаворачы пра Беларусь, сёння абавязкова дадаюць — “верацярпімая і талерантная”. Як вы думаеце, чаму?

— Так гістарычна склалася. Спрадвеку жылі на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і рэлігій, і беларусы ставіліся да іх як да сваіх братоў і сяброў. Верацярпімасць і талерантнасць — у менталітэце нашага народа. Моц беларусаў — у моцы духу. Стараемся гэтыя якасці падтрымліваць. Хоць гэта і вельмі няпроста ў сённяшнім узбуджаным свеце, у час глабалізацыі і камп’ютараў. Ніколі так востра не стаяла праблема страты духоўнага стрыжня.

— Ці адчуваеце вы, што людзі паступова страчваюць цікавасць да рэлігіі?

— У адрозненне ад іншых краін у нас гэтая праблема слаба адчуваецца. Мы, наадварот, духоўна адраджаемся. Паглядзіце, колькі людзей збіраецца ў храмах, асабліва на святы. Дарога да храма — адзіная дарога, на якой месца хопіць усім. Дарога, якая вядзе да дабра, да сумлення. Радуе, што праблемы этнаканфесійнай сферы становяцца прыярытэтнымі ў гуманітарнай сферы нашай дзяржавы. Да прыкладу, сёння дзяржаўныя органы актыўна супрацоўнічаюць з рэлігійнымі аб’яднаннямі Беларускай праваслаўнай царквы згодна з падпісаным у чэрвені 2003 года пагадненнем. Такую магчымасць даў закон, прыняты ў канцы 2002 года, — “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”.

— Колькі сёння дзейнічае ў краіне рэлігійных аб’яднанняў?

— Паводле апошніх звестак, больш за 3400 рэлігійных арганізацый, якія прадстаўляюць 25 канфесій. Напярэдадні новага года атрымалі даныя ад Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта. Сацыялагічнае апытанне паказала, што сёння 94,5 працэнта беларусаў адносяць сябе да той ці іншай рэлігіі: праваслаўнымі лічаць сябе восемдзесят тры працэнты апытаных, каталікамі — дзесяць працэнтаў, прадстаўнікамі іншых канфесій (пратэстантызму, іудаізму, ісламу і іншых) — паўтара працэнты.

— І ў той жа час, згодна з данымі апытання, вернікамі лічаць сябе толькі 71 працэнт беларусаў.

— Гэта спецыфіка постсавецкага грамадства. Чалавек можа пазіцыянаваць сябе як праваслаўны, бо яго бацькі былі праваслаўнымі, бо ў яго сям’і было прынята хадзіць на вялікія святы ў царкву. Аднак сам ён пры гэтым можа і не верыць у Бога. Вядома ж, ідэальны варыянт, каб колькасць людзей, якія адносяць сябе да пэўнай канфесіі, і колькасць тых, хто лічыць сябе вернікамі, супадала. Аднак добра ўжо тое, што чалавек адносіць сябе да нейкай канфесіі, хінецца да храма, значыць, ёсць надзея, што з часам дабро стане дамінаваць над злом. Сёння, як бачыце, колькасць прыхільнікаў веры расце. Людзі ідуць у храмы. І наўрад ці ідуць проста дзеля нейкай моды — яны шукаюць сябе, Бога, справядлівасці.

— Ці можна сёння сцвярджаць, што непаразуменні на рэлігійнай глебе — з’ява рэдкая для Беларусі?

— Несумненна. Можа, і ёсць выпадкі, але яны адзінкавыя. Мы адразу стараемся прыпыніць іх. Былі факты вандалізму, калі разбураліся помнікі, апаганьваліся святыні. Але гэта не гаворыць пра тое, што праблема існуе ў сістэме, што ў краіне дзейнічае цэлая сетка дэструктыўных плыняў. Хутчэй гэта вынік выхавання ў асобных сем’ях. Дарэчы, мы вельмі пільна сочым за з’яўленнем новых арганізацый, якія заяўляюць рэлігійныя мэты. Часам гэта могуць быць проста махляры, якія хочуць нажыцца на людзях і нанесці духоўныя страты дзяржаве. Наша задача — не дапусціць у краіну дэструктыўныя і псеўдарэлігійныя плыні...

— ...І калі ў краіне будуюцца новыя храмы — значыць, пра духоўнасць грамадства можна не хвалявацца.

— Сёння вядзецца праца па будаўніцтве двухсот культавых збудаванняў. Усяго ў краіне іх дзейнічае больш за 2380. Дзяржаўнае заканадаўства не прадугледжвае фінансаванне ўзвядзення новых храмаў. Яны будуюцца, як кажуць, “всем миром”. Аднак мясцовыя ўлады на самацёк будаўніцтва не пускаюць, сочаць, каб не было даўгабудаў, каб храмы ўзводзіліся там, дзе яны сапраўды патрэбныя. І дапамагаюць, вядома, — тэхнікай, матэрыяламі, рабочай сілай.

Кожны шукае дарогу да свайго храма. Але ўсе мы грамадзяне адной дзяржавы, працуем дзеля ее дабрабыту, паважаем адзін аднаго, любім сваю радзіму.

←Паломничество к Деду

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика