Што трэба зрабіць для таго, каб Магілёў стаў сапраўднай культурнай сталіцай?

Источник материала:  
Алена Мацярынка, спявачка, лаўрэат міжнародных конкурсаў, выкладчык вакалу:

— Мне падаецца, што ўжо шмат зроблена. У нас праводзіцца шмат фестываляў, на якія прыязджаюць вядомыя артысты з блізкага і далёкага замежжа. Музеі — гордасць Магілёва. У нас ёсць гістарычныя помнікі, прыгожыя праваслаўныя і Што трэба зрабіць для таго, каб Магілёў стаў сапраўднай культурнай сталіцай?каталіцкія храмы. Можа, толькі мы надта сціпла паводзім сябе і не хвалімся гучна пра свае культурныя здабыткі? Што датычыцца матэрыяльных рэчаў, то мне, як спявачцы, і маім калегам не хапае новай канцэртнай залы, вялікай і сучаснай, з добрай акустыкай. У нашых залах, калі прыязджаюць "Віртуозы Масквы" і аркестр Юрыя Башмета, не хапае месцаў для ўсіх аматараў музыкі. Спартыўныя аб'екты ў нас актыўна будуюцца, трэба ўзгадаць і пра культуру.

Андрэй Новікаў, дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра:

— Трэба змяніць стаўленне ўсіх жыхароў Магілёва да саміх сябе. Як гэта? Ну хаця б перастаць пляваць пад ногі, прабачце за такую адкрытасць! Гэта павінна быць доўгая, вялікая, сістэматычная праца па культурным выхаванні людзей, якая робіцца ў нас і абавязкова дасць вынікі. Яна ўключае ў сябе мноства мерапрыемстваў, правядзенне фестываляў і канцэртаў, адкрыццё музейных экспазіцый. Што датычыцца мастацкага густу, то давайце будзем шчырымі і прызнаем, што наўрад ці ўсе скрозь будуць з захапленнем ставіцца да артхаўснага кіно і абмяркоўваць тонкасці рэжысёрскай працы Ларса фон Трыера. Але жыхары культурнай сталіцы як мінімум не павінны кідаць смецце на вуліцах і рабіць надпісы на сценах. Ну як можна было сапсаваць скульптуру каля нашага тэатра — адарваць парасон ад дамы з сабачкам? У нас увесну ў Магілёве адкрыецца традыцыйны тэатральны форум "Марткантакт". Хочацца, каб госці культурнай сталіцы ўбачылі прыгожы горад і добрых людзей.

Ірына Бардзілоўская, рэдактар студыі тэлебачання тэлерадыёкампаніі "Магілёў", вядучая гарадской праграмы "Дзеці асфальту":

— Каб стаць больш культурнымі людзьмі, трэба найперш быць больш добрымі адно да аднаго. Трэба адмятаць негатыў, не грубіць і не лаяцца, а канцэнтравацца на станоўчых эмоцыях, быць ветлівымі штодня і ўсюды. А так у Магілёве ёсць усё, каб звацца культурнай сталіцай. Горад дастойны, каб пра яго даведаліся ў замежжы. У нас шмат устаноў, дзе далучыцца да культурнага жыцця могуць і дарослыя, і дзеці. У нас цудоўныя тэатры. У музеі гісторыі Магілёва набываюць з дапамогай неабыякавых магілёўцаў старажытныя каштоўныя кнігі. На канцэртах можна бясконца здзіўляцца высокаму прафесіяналізму мастацкіх калектываў, якія, аднак, самадзейныя! Але гараджане, як заўсёды, мітусяцца, спяшаюцца па справах і ў большасці не заўважаюць культурнага жыцця навокал. Трэба ўзгадаць, што ёсць субота і нядзеля для культпаходаў і самаразвіцця. Трэба выхоўваць культуру ў сябе і вывучаць даступнае нам культурнае багацце.

Падрыхтавала Ілона Іванова.

←Бережливость по уму

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика