ХРОНІКА АПОШНІХ ПАДЗЕЙ
Войска ЗША сутыкнулася з рэкорднай колькасцю самагубстваў сярод вайскоўцаў у 2012 годзе. 349 чалавек летась скончылі жыццё самагубствам — гэта значыць, амаль па адным ваеннаслужачым у дзень, перадае агенцтва Рэйтэр, спасылаючыся на даныя Пентагона. Гэта самы высокі паказчык, пачынаючы з 2001 года, калі Мінабароны ЗША пачало весці падобную статыстыку. Нават у баявых дзеяннях у Афганістане ў мінулым годзе загінула менш салдат — 295. У 2011-м колькасць суіцыдаў — 301. Гэта на 15% менш, чым у 2012-м. Эксперты адзначаюць, што ў новым годзе тэндэнцыя да росту колькасці самагубстваў у войску ЗША не толькі захаваецца, але і ўзмоцніцца. Міністр абароны ЗША Леон Панета параўнаў сітуацыю з "эпідэміяй".
Віно зніжае ўзровень халестэрынуЧырвонае віно пазбаўляе ад негатыўных эфектаў, выкліканых спажываннем мяса, піша Thе Tеlеgrарh. Аказваецца, усяго адзін келіх чырвонага віна здольны прадухіліць утварэнне халестэрынавых адкладаў пасля вячэры з мяснымі стравамі. Даследаванні паказалі: за час вячэры шкодныя злучэнні з мяса назапашваюцца ў крывацёку. Гэта спрыяе фарміраванню "дрэннага халестэрыну", які шкодзіць сасудам. А вось поліфенолы, якія змяшчаюцца ў віне, тармазілі працэс усмоктвання гэтых злучэнняў у страўнікава-кішачным тракце. Гэта значыць, злучэнні ў выніку не траплялі ў кроў. Прафесар Рон Коэн з Яўрэйскага ўніверсітэта Іерусаліма адзначае: "Відаць, па гэтай прычыне чырвонае віно зніжае рызыку з'яўлення хвароб сэрца. У мясе шмат поліненасычаных тлушчаў і халестэрыну".
Савет бяспекі ААН падтрымаў ваенную аперацыю Францыі ў МаліНа надзвычайнай нарадзе Савета Бяспекі ААН па канфлікце ў Малі Францыя атрымала падтрымку сваёй ваеннай аперацыі, накіраванай супраць ісламісцкіх баевікоў.
Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун, у прыватнасці, выказаў надзею, што інтэрвенцыя Францыі дапаможа аднавіць "канстытуцыйны парадак і тэрытарыяльную цэласнасць Малі".
Між тым, пасля нарады прадстаўнік Францыі ў ААН Жэрар Аро заявіў, што Парыж хацеў бы больш хуткага прыбыцця ў Малі абяцаных войскаў Афрыканскага саюза, якія павінны ўзяць на сябе ажыццяўленне ваеннай аперацыі. Прынятая ў снежні 2012 года рэзалюцыя Савета бяспекі ААН дазваляе сілам Афрыканскага саюза ў складзе 3 тыс. чалавек дапамагчы арміі Малі выцесніць сілы туарэгаў і ісламістаў з тэрыторый на поўначы краіны, захопленых імі пасля ваеннага перавароту ў сакавіку.
Міністры замежных спраў краін ЕС таксама абмяркуюць сітуацыю ў Малі на пазачарговай сустрэчы, якая будзе арганізавана на гэтым тыдні, заявіў на прэс-канферэнцыі кіраўнік МЗС Францыі Ларан Фабіюс. Малі займае трэцяе месца ў Афрыцы па колькасці здабычы золата, з'яўляючыся адной з самых бедных краін свету. Асноўным пакупніком малійскай прадукцыі з'яўляецца Кітай.