Праз чвэрць стагоддзя тут будзе возера

Источник материала:  

На свае вочы

Хто не бачыў шматступеньчатага кар'ера ў Мікашэвічах, таму ўявіць гэтыя палескія скалы будзе нялёгка. Камень здабываецца этапамі, раздробленыя тэхнікай участкі ўтвараюць магутныя прыступкі па перыметры, якія тут называюць гарызонтамі. Амаль з кожнага гарызонту прабіваюцца грунтовыя воды, якія дзе-нідзе ўтвараюць сапраўдныя вадаспады. Глыбіня кар'ера дасягае 130 метраў.

— Гадоў праз 25-30 тут будзе возера, па глыбіні параўнальнае хіба што з Байкалам, — гаворыць наш экскурсавод — начальнік вытворчасці драбільна-сартавальнага завода Сяргей Міхайлаў. — А яшчэ вельмі чыстае, бо дно каменнае.

Такога возера, якім некалі стане мікашэвіцкі кар'ер, дакладна няма ў Беларусі. А пакуль тут месціцца адно з буйнейшых у Еўропе горназдабывальных і перапрацоўчых прадпрыемстваў па вытворчасці будматэрыялаў. Яно працуе ў палескай глыбінцы з 1975 года. Бо яшчэ ў 1960-х гадах геолагі знайшлі вялікае радовішча прыроднага каменю — з-пад зямлі ўздымаліся скалы, пакрытыя невялікім слоем пяску. Тады і было прынята рашэнне ўзвесці каля пасёлка Мікашэвічы Лунінецкага раёна камбінат нярудных матэрыялаў.

"Граніт" сёння — не толькі шматфункцыянальны тэхналагічны комплекс. Гэта горадаўтваральнае прадпрыемства Лунінецкага раёна. А для 13-тысячнага горада Мікашэвічы "Граніт" — гэта ўсё. Тут працуюць тры тысячы чалавек. Значыць, амаль кожная сям'я нейкім чынам мае дачыненне да прадпрыемства і зацікаўлена ў яго стабільнай рабоце. Зацікаўлена і дзяржава. Бо 80% нярудных матэрыялаў для будаўнічага комплексу рэспублікі выпускаецца ў Мікашэвічах.

Шчэбень патрэбны ў нашай краіне, яго ахвотна бяруць і замежныя партнёры. Таму зразумела, што папярэдняе дзесяцігоддзе прадпрыемства паэтапна ажыццяўляла праект пашырэння вытворчасці і ўсебаковай мадэрнізацыі. Аб завяршэнні рэканструкцыі на "Граніце" адрапартавалі ў 2008 годзе. Але калі вынікі ажыццяўлення праекта рэканструкцыі праверыў Дзяржкантроль, было выяўлена надта многа вытворчых хібаў, а таксама фактаў марнатраўства. Дарагое фінскае абсталяванне не працавала як след, часта выходзіла са строю. А, напрыклад, улік і кантроль здабытага шчэбеню вёўся наогул прыблізна. Сядзела дзяўчына і запісвала ў сшытак: поўная машына — адну лічбу ставіла, крыху няпоўная — другую. Цяпер справа арганізавана па-іншаму. Дакладны ўлік здабытага каменю вядзе тэхніка і электроніка.

Па выніках праверкі праведзена калегія Камітэта дзяржкантролю, дзе падрабязна аналізавалі ўсе недахопы. Былы кіраўнік прадпрыемства "Граніт" вызвалены ад сваёй пасады. У 2011 годзе старшыня Камітэта дзяржкантролю краіны Аляксандр Якабсон правёў нараду на прадпрыемстве. Тэмай яе стала рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве пятай тэхналагічнай лініі па вытворчасці нярудных матэрыялаў.

Гэтую лінію не без гонару за сваё прадпрыемства нам паказалі Сяргей Міхайлаў і яго калегі. Яе ўклад у агульны аб'ём вытворчасці, які ў мінулым годзе дасягнуў амаль 13,5 мільёна тон шчэбеню, склаў больш за 700 тысяч тон. А з выхадам на праектную магутнасць сёлета гэты паказчык дасягне трох мільёнаў тон. Такім чынам "Граніт" наблізіцца да вытворчасці 16 мільёнаў тон будматэрыялаў за год. Для параўнання: у 2008 годзе было толькі 10 мільёнаў.

Цікава, што ўсе гэтыя лічбы з ходу называе начальнік упраўлення Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Вячаслаў Бычкоўскі. Паводле яго слоў, спецыялісты камітэта, якія некалькі гадоў працуюць з "Гранітам", разам з працаўнікамі "хварэюць" за яго поспех, за выкананне вытворчых паказчыкаў.

Зараз на парадку дня — асваенне новага радовішча "Сітніцкае". Як ужо гаварылася, прыкладна праз чвэрць стагоддзя мікашэвіцкі кар'ер стане возерам, а патрэба ў будаўнічых матэрыялах не адпадзе. За два дзясяткі кіламетраў ад цяперашніх каменных скал знойдзены новыя. Там і павінен вырасці новы горна-абагачальны камбінат. Галоўны інжынер "Граніта" Валерый Батура гаворыць, што асваенне "Сітніцкага" ўключана ў дзяржаўную праграму развіцця Прыпяцкага Палесся. Зараз вядуцца праектныя работы па распрацоўцы кар'ера. А ў 2015 годзе тут павінен прыступіць да работы і новы завод.

Пакупнікі на прадукцыю знойдуцца. Будматэрыялы ахвотна бяруць у Расію, Прыбалтыку. Але сёння прадпрыемства не можа задаволіць попыт замежных партнёраў. Нават першапачаткова дазволеныя 10% вырабленай прадукцыі пакуль не ўдаецца паставіць на экспарт, бо трэба насычаць спачатку свой унутраны рынак.

...З кар'ера ўвесь час узнімаюцца магутныя БелАЗы, кожны з якіх вязе да 60 тон пароды. На здабычы каменю працуюць магутныя экскаватары, такія, як ЭКГ-10 — самы сучасны на постсавецкай прасторы. Работа ў працаўнікоў прадпрыемства нялёгкая. Таму зразумела, што тут створана вельмі добрая сацыяльная інфраструктура для падтрымкі здароўя: ёсць свой санаторый, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, басейн. У аўтобусе, на якім мы спускаліся ў кар'ер, давялося міжволі падслухаць размову двух спецыялістаў сярэдняга персаналу:

— Не чуў, з новага года квіткі ў басейн не падаражэлі?

— Ды не. Усё засталося, як было.

Значыць, басейн запатрабаваны, як і іншыя падобныя аб'екты. Імі карыстаюцца не толькі працаўнікі, але і ўсе ахвотныя жыхары маленькіх Мікашэвічаў. Дарэчы, у канцы снежня калектыў "Граніта" зрабіў асаблівы навагодні падарунак роднаму гораду. Яго ўпершыню ўпрыгожылі разнастайнай святочнай ілюмінацыяй. Каб зарабіць сродкі на гэта, працаўнікі нават праводзілі суботнік. Затое Мікашэвічы ў калядныя дні нагадалі ўтульны еўрапейскі гарадок.

Святлана ЯСКЕВІЧ

 

←Амнистия завершена

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика