Ці верыце вы ў студэнцкія прыкметы перад сесіяй?

Источник материала:  
Наталля ДЗМІТРЫЕВА, выпускніца Мінскага інстытута кіравання:

Ці верыце вы ў студэнцкія прыкметы перад сесіяй?— У злоўленую "халяву" і розныя іншыя забабоны сама ніколі не верыла і іншым не раю. Падчас вучобы рэцэпт поспеху быў вельмі просты: калі не палянуюся і вывучу — значыць, абавязкова здам. Калі абставіны склаліся адваротныя — значыць, і адзнакі добрай чакаць не выпадае. А вось знаёмая адна была — сапраўдны прыхільнік "студэнцкай магіі". Яна лічыла, што, калі памыеш валасы перад экзаменам, змыюцца ўсе веды. Таму гэтага ні ў якім разе нельга рабіць. Яшчэ ёсць такая прыкмета: нібыта перад іспытам нельга стрыгчы пазногці. Дык вось, гэтая дзяўчына таксама так лічыла.

  Вольга ХІЖАНКОВА, прэс-сакратар Белкаапсаюза:

— Я чалавек не прымхлівы, прыкметы сур'ёзна не ўспрымаю. Таму і розныя студэнцкія рытуалы перад сесіяй мне не даспадобы. Чым верыць у нейкія нічым не абгрунтаваныя рэчы, лепш лішні раз прачытаць патрэбны да экзамену матэрыял і замацаваць веды ў сваёй галаве. Сярод сяброў і знаёмых таксама аматараў палавіць "халяву" не памятаю. На завочным аддзяленні атмасфера студэнцтва з усімі яе "наступствамі" не так адчувальная. Дарослыя сур'ёзныя людзі разумеюць, што залікоўка, якую напярэдадні высоўвалі ў адчыненую фортку, удачы на экзамене дабавіць не здольная.

  Таццяна ЗЯМЦОВА, студэнтка другога курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка:

— Толькі сёння здала экзамен, а напярэдадні ўвечары мы разам з суседкамі па інтэрнатаўскім пакоі бесперапынна нагадвалі адна адной, што да заўтра ні ў якім разе нельга мыць галаву. Не магу сказаць, што я апантаная верай у прыкметы. Але здараецца, што з лёсам жартаваць жадання асаблівага няма. Напрыклад, калі ведаю, што добра падрыхтавалася і ёсць упэўненасць перад іспытам, звароты да "халявы" ў акно не крычу. Тут і так усё зразумела. А выпадзе нешта складанае, ад чаго так і адчуваецца магчымае хісткае становішча падчас адказу... Вось тады ўсё магчыма.

Падрыхтавала Ганна ГАРУСТОВІЧ.

←Мерило работы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика