Сустрэліся Міліцыя і паліцыя...

Источник материала:  

У Віцебску сустрэліся кіраўнікі ўпраўленняў МУС па Пскоўскай і Смаленскай абласцях, а таксама ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Абмяркоўваліся пытанні прафілактыкі і барацьбы з крымінальным аўтабізнэсам, забеспячэння дарожнай бяспекі прыгранічных раёнаў, супрацьдзеяння экстрэмізму і тэрарызму.

Беларускую сям'ю забілі з-за журавін

Дзякуючы сумеснаму і плённаму ўзаемадзеянню паліцэйскіх і міліцыянераў у Пскоўскай вобласці нядаўна раскрылі крымінальную справу па факце забойства беларускай сям'і, якая зарабляла грошы на журавінах. Злачынства было ўчынена яшчэ ў 2011-м, мела вялікі грамадскі рэзананс.

— Сям'я беларусаў, якая жыла ў Віцебскай вобласці, па прозвішчы Пшонка, знікла, як і іх мікрааўтобус. Практычна на працягу дзевяці месяцаў вялося расследаванне ў цесным узаемадзеянні з работнікамі крымінальнага пошуку ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, — расказвае карэспандэнту "Звязды" Барыс Гаварун, начальнік упраўлення МУС Пскоўскай вобласці. — Знайшлі, на жаль, трупы беларусаў — у розных месцах, аўто. Гэтае злачынства было раскрыта. А прычынай забойства з'явілася тое, што яны гандлявалі журавінамі. І тыя зладзеі (як высветлілася, жыхары Пскоўскай вобласці), якія ўчынілі забойства, думалі, што ў іх ёсць вялікія грошы, заробленыя на журавіне. Машыну забітых загналі ў лес. І нават аўто мы не маглі адразу знайсці. Падчас расследавання ўдалося ўстанавіць, што зладзеі здзейснілі яшчэ некалькі цяжкіх злачынстваў.

Беражыце свой аўтамабіль

Барыс Гаварун адзначыў, што згон аўто — "біч" у рабоце паліцыі. Уганяюць аўто не толькі з тэрыторыі Пскоўскай вобласці, але і з Санкт-Пецярбурга, Ленінградскай вобласці. У прыватнасці, грамадзянін Беларусі ўсяго за чатыры месяцы ўгнаў больш як дваццаць аўто. Калі паліцэйскія яго затрымалі, у багажніку машыны ўбачылі расійскія нумары ўкрадзеных аўто. У цэлым сёлета з тэрыторыі толькі Пскоўскай вобласці ўгналі 124 транспартныя сродкі. І ў асноўным — легкавыя машыны іншаземнай вытворчасці. "Працуе" ў гэтым "бізнэсе" шмат крымінальных груп. Сярод пацярпелых і маладая жыхарка Пскоўскай вобласці, машыну якой угналі на трэці дзень пасля таго, як яна яе купіла. А жанчына для пакупкі ўлезла ў крэдыты... У Эстоніі знайшлі ўкрадзеную з Беларусі іншамарку. Цяпер паліцэйскія і міліцыянеры "шукаюць канцы".

Начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Ігар Яўсееў дадаў, што ў Віцебску і Наваполацку неаднаразова затрымліваліся аўто, якія ўгналі з тэрыторыі Расіі. І беларускія аўтамабілі, у сваю чаргу, затрымлівалі ў прыгранічных абласцях. Апошняе затрыманне: злавілі жыхара Беларусі, які кіраваў украдзеным аўто. Дык ён нават не палічыў неабходным пры ўгоне схаваць расійскія нумары. На аўтамашыну начапіў беларускі нумар і быў затрыманы паліцыяй. Пасля чаго былі выяўлены два аналагічныя ўгоны...

У раёне мяжы плануецца ўстаноўка стацыянарных сістэм відэаназірання — на трасах М-1 і М-8. У наступным годзе беларускія міліцыянеры ўпэўнены, што пры падтрымцы губернатара Віцебшчыны неабходныя сродкі на ўстаноўку камер будуць выдзелены.

Пра фальшывыя грошы і махляроў-асуджаных

Кіраўніцтва Пскоўскай паліцыі вельмі турбуе пытанне збыту фальшывых расійскіх грошай, якія могуць апынуцца і ў нас.

— У нашай вобласці асабліва ў два апошнія гады з'явілася вельмі шмат фальшывак. За тыдзень бывае па 10-11 фактаў, калі ў банках выяўляюць фальшывыя купюры. Спачатку гэта былі тысячныя купюры ўзору 1994 і 1997 гадоў, а з пачатку 2012 года актыўна сталі выяўляць пяцітысячныя купюры, — працягвае Барыс Гаварун. — Гэта праблема маштабу краіны. І ўсе крымінальныя "ніці" вядуць у асноўным на Каўказ, дзе фальшыўкі вырабляюць, а потым распаўсюджваюць іх па рэгіёнах Расіі і далей. Вельмі актуальная і праблема мабільнага махлярства, калі пры дапамозе мабільнікаў просяць пералічыць грошы. Мы выкрылі цэлую сетку махляроў, банду. І ў асноўным, як высветлілася, званкі ідуць з калоній і гэтак далей — Сібіры, Урала. Самую апошнюю групу зладзеяў выявілі ў Самарскай вобласці... Даверлівыя людзі пераводзяць зламыснікам грошы. Адкрыю вам тайну: правяралі раён каля адной зоны. І высветлілася, што ўсяго толькі за пяць гадзін адтуль было зроблена больш як 700 званкоў. Вядома, мабільныя тэлефоны ў зоне забаронены. Такім чынам, седзячы ў няволі, асуджаныя займаюцца бізнэсам. Пераводзяць ім, бывае, і ад 20 да 100 тысяч расійскіх рублёў. Людзі плацяць, пачуўшы па тэлефоне, што, маўляў, затрыманы іх блізкія, сваякі, тэрмінова трэба пералічыць грошы. А яшчэ махляры зарабляюць, калі адпраўляюць СМС-паведамленні з тэкстам. Маўляў, банкаўская картка заблакіравана, і трэба, каб яе разблакіраваць, тэрмінова пералічыць грошы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←Мерило работы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика