Ці часта вы карыстаецеся паслугамі аб'ектаў грамадскага харчавання?
— У кавярні бываю дастаткова часта, пару разоў на тыдзень. Гэта вельмі зручна: і сустрэцца з кімсьці можна, калі на вуліцы доўга не прабудзеш, і пад'есці, паколькі дома будзеш толькі ўвечары. Мінскія аб'екты грамадскага харчавання падабаюцца мне сваім абслугоўваннем, чаго, на жаль, не магу сказаць асабіста пра абласныя.
Вядома, цэны часам падаюцца высокімі, асабліва калі параўноўваць з краінамі-суседкамі. Тую ж каву ў Літве можна набыць за 0,3-0,5 еўра, у нас жа — за 1,5-2,5 еўра.
У кавярнях звычайна заказваю гарбату ці каву. Абедаю ў ліцэйскім блоку харчавання. Там і цэны ніжэйшыя, і, як мне падаецца, ежа больш падобная на хатнюю.
Віталь ПАЛЯЧКОЎ, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Запольскай сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна:— З працай аб'ектаў грамадскага харчавання знаёмы непасрэдна. Справа ў тым, што ў студэнцкія гады падпрацоўваў у адным з рэстаранаў Магілёва. Зараз індустрыя грамадскага харчавання ў Беларусі ўяўляе сабой велізарную колькасць устаноў з самым розным узроўнем абслугоўвання, якасці прадукцыі. На мой асабісты погляд, у гэтай сферы зараз дзве асноўныя праблемы: адсутнасць узаемнай культуры паміж абслуговым персаналам і кліентамі, па-першае. А па-другое, адсутнасць спецыялізаваных дзіцячых кавярняў са сваімі асобнымі меню і забаўляльнай праграмай у невялікіх гарадах.
Наталля СКРАБЕЦ, старшы інспектар цэнтра прапаганды Міністэрства па надзвычайных сітуацыях:— У сталовую я хаджу не часта, таму што часу, каб паабедаць, не так і шмат. Мае калегі таксама харчуюцца на працы і бяруць "ссабойкі". Гэта што тычыцца працоўных дзён. У выхадныя мне, як і большасці моладзі, падабаецца зайсці ў адзін з рэстаранаў хуткага харчавання. У адным з іх усё хутка, якасна і адносна нядорага. У іншым — шмат страў з бульбы, мяса, птушкі. Што датычыцца цэн, там кожны можа выбраць сабе нешта "па кішэні". Прыемна і тое, што ты адразу бачыш страву гатовай.
Што хацелася б пажадаць нашаму грамадскаму харчаванню? У нас, на жаль, няма рэстаранаў беларускай кухні, якія маглі б канкурыраваць з вышэйназванымі замежнымі рэстаранамі хуткага харчавання. У Мінску, калі захочаш перакусіць, галодным не застанешся. А вось калі выязджаеш са сталіцы ў іншы горад, гэта ўжо робіцца праблемай. Гэта ж датычыцца і нашых дарог, на якіх не хапае ні кавярняў, ні закусачных, і абласных цэнтраў, дзе бульбяную днём з агнём не знойдзеш. Думаю, ёсць над чым падумаць чыноўнікам, якія курыруюць грамадскае харчаванне.
Сяргей РАСОЛЬКА.