“Амкадор-Унікаб” адчыняе новы цэх (+шмат фота)

Источник материала:  

Гатовая прадукцыя “Амкадор-Унікаб”.

У пятніцу, 11 студзеня, адбудзецца адкрыццё механазагатоўчага цэха закрытага акцыянернага таварыства “Амкадор-Унікаб”.

Як адзначыла намеснік дырэктара па сацыяльна-кадравай і ідэалагічнай рабоце Раіса Казановіч, адкрыццё будзе не ўрачыстым, а дзелавым, на якое завітае старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура.

Гэты цэх – першая чарга ў межах інвестыцыйнага праекта, паводле якога запланаванае абнаўленне прадпрыемства да 2015 года. Сёлета плануецца будаўніцтва зборачнага і малярнага цэхаў, а таксама склада гатовай прадукцыі.

Такое ўзбуйненне прадпрыемства звязанае з тым, што павялічыўся аб’ём прадукцыі, а таксама са з’яўленнем новых відаў прадукцыі. У прыватнасці, “Амкадор-Унікаб” плануе вырабляць аўтагрэйдары – спецыяльныя машыны, якія неабходныя для дарожна-рамонтных работ.

У новым цэху будуць вырабляць дэталі для кабін спецыяльнай тэхнікі – вілачных пагрузчыкаў. Цяпер выпускаюць пагрузчыкі грузападымальнасцю 1,6 і 2,5 тоны, а плануюць выпускаць грузападымальнасцю да пяці тон.

У Беларусі гэта адзінае прадпрыемства, якое вырабляе вілачныя электрапагрузчыкі. “Амкадор-Унікаб” стане таксама адзіным прадпрыемствам, якое займаецца вытворчасцю аўтагрэйдараў.

– Цэх мае высокатэхналагічнае  сучаснае абсталяванне, – адзначыў намеснік дырэктара па вытворчасці Васіль Мацейчык. – Яно высокадакладнае і высокавытворчае, да мінімуму скарачае ручную працу.

– Калі раней мы працавалі ў тры змены, то цяпер механазагатоўка працуе ў адну змену, – тлумачыць начальнік новага механазагатоўчага цэха Сяргей Азаронак. – Штат скараціўся прыкладна напалову дзякуючы таму, што абсталяванне мае высокі ўзровень вытворчасці.

Аператары, якія працуюць за станкамі з лічбавым кіраваннем, маюць як мінімум сярэднюю спецыяльную адукацыю, некаторыя ўжо атрымалі ці яшчэ атрымліваюць вышэйшую.

– Работнікі новага цэха разам са сваім начальнікам – гэта неабыякавыя да працы і творчыя людзі, якія стварылі згуртаваны калектыў, – гаворыць Раіса Казановіч.

Даведка “РГ”. Пагрузчык – спецыяльны складскі падлогавы транспарт, прызначаны для пад’ему, перамяшчэння, разгрузкі, пагрузкі, складзіравання розных грузаў, пры дапамозе вілаў ці іншых рабочых прыстасаванняў.






Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

←Беларусь идет по пути совершенствования сил противовоздушной обороны - Двигалев

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика