Што рабіць са старой тэхнікай?

Источник материала:  

Рана ці позна, але любая бытавая тэхніка непапраўна псуецца альбо становіцца непатрэбнай. І перад яе ўладальнікам паўстае дылема: выкінуць на сметнік або здаць як другасную сыравіну. Зрэшты, першы варыянт самы просты. Так, часам каля пад'ездаў шматкватэрных дамоў можна ўбачыць старыя газавыя пліты, тэлевізары, халадзільнікі. Аднак электроніку не варта выкідваць з агульным смеццем, аб чым нас папярэджваюць адпаведныя піктаграмы на ўпакоўках. Нельга забывацца і на тое, што ў тэхніцы знаходзіцца шмат металаў, у тым ліку і каштоўных...

Каму халадзільнік?

Няспраўны каляровы тэлевізар "Гарызонт" вытворчасці часоў перабудовы мірна пыліцца на маёй кухні ўжо гадоў пяць. Рамантаваць яго няма сэнсу, бо новыя апараты нашмат магутнейшыя. Ды і пераход на лічбавае тэлебачанне не за гарамі. Адправіць бы яго на сметнік — але як гэта правільна зрабіць? Проста выкінуць каля пад'езда, каб забралі камунальнікі, нельга. Хто заўгодна можа пабіць кінескоп, і тады з першым жа дожджыкам ці адлігай атрутны люмінафор трапіць у глебу. А яшчэ ў нас побач з тэлевізарам стаіць другі савецкі рарытэт — халадзільнік "Мінск-10", прыстасаваны пад своеасаблівую кухонную шафу...

Што рабіць са старой тэхнікай?

Пункт прыёму другаснай сыравіны прадпрыемства "Мінсккаапдругрэсурсы", які месціцца па вуліцы Карастаянавай, знайсці даволі складана. Невялікая белая цагляная будачка, стаіць у баку ад вуліцы і прыхавалася паміж вялізным полем і аўтастаянкай. Тут канчаецца гарадская забудова...

Зрэшты, дарога да пабудовы прачышчана выдатна. Два чалавекі цягнулі па ёй старую газавую пліту. Заўважыўшы мяне, тут жа падышоў прыёмшчык:

— Хочаце нешта здаць?

— Так, хацеў бы пазбавіцца ад старога тэлевізара і халадзільніка.

— На жаль, тэлевізары мы не прымаем. А халадзільнік вы павінны разабраць і самастойна аддзяліць метал ад пластмасы. Метал прывозіце да нас, бо свайго аўтатранспарту не маем.

— А колькі вы дасце за халадзільнік?

— Шчыра кажучы, ён каштуе дробязь... У лепшым выпадку, тысяч 35-40 атрымаеце. І то гэта за савецкія мадэлі, дзе металу не шкадавалі.

Так, названую прыёмшчыкам суму вялікай назваць не выпадае. Да таго ж ад яе трэба адняць выдаткі на паліва. Ды і не ў кожнай сям'і ёсць уласны аўтамабіль, а ў аўтобус ці тралейбус з буйнагабарытнай тэхнікай не залезеш. Узнікае рытарычнае пытанне: а ці шмат знойдзецца энтузіястаў везці здаваць той жа халадзільнік, калі пункт прыёму металалому знаходзіцца не побач?

Пасля абзвону ўсіх нарыхтоўчых арганізацый сталіцы прыняць мой старэнькі "Гарызонт" згадзіліся толькі на смеццеперапрацоўчай станцыі "Заходняя". Але і тут ёсць нюанс. Грошай за тэлевізар не прапаноўваюць. Затое няма праблем з вывазам: арганізацыя прадастаўляе свой аўтатранспарт, чаго не робяць астатнія.

Каардынатар праекта па адходах Цэнтра экалагічных рашэнняў Анатоль КАЛАЧ гаворыць, што традыцыйная схема пазбаўлення ад старой тэхнікі шкодная для прыроды:

— Насельніцтва звычайна пакідае старую бытавую тэхніку побач з кантэйнерамі. Не ўсе кантэйнерныя пляцоўкі маюць цвёрдае пакрыццё, яны знаходзяцца пад адкрытым небам. А церпіць ад гэтага стан навакольнага асяроддзя. Да таго ж выкінутыя электрычныя прыборы магнітам прыцягваюць да сябе людзей, якія жадаюць крыху падзарабіць на здачы металалому. Напрыклад, калі той жа халадзільнік будзе разабраны, то ў атмасферу гарантавана трапяць рэчывы, якія разбураюць азонавы слой.

Ахвотней за ўсё прымуць у пунктах нарыхтоўкі сыравіны старыя халадзільнікі і газавыя пліты. Бо ў іх знаходзіцца больш за ўсё чорнага металу — жалеза і яго сплаваў. Увогуле, ліцэнзіі на закуп лому чорных і каляровых металаў у насельніцтва маюць толькі арганізацыі "Белдругмет", "Белрэсурсы", Белкаапсаюз.

За невялікую кампенсацыю часам прымаюць на запчасткі старую бытавую тэхніку рамонтныя майстэрні. Некаторыя камерцыйныя кампаніі час ад часу праводзяць акцыі па зборы электронных адходаў у рэкламных мэтах. Так, адна з беларускіх сетак магазінаў бытавой тэхнікі сабрала падчас такой акцыі 530 старых тэлевізараў...

З каляровымі металамі — нашмат складаней

Не сакрэт, што ў любым электрычным прыборы ёсць каштоўны метал — золата ці срэбра. Аб колькасці яго можна даведацца, зазірнуўшы ў інструкцыю па эксплуатацыі. Але сумарная вага высакародных металаў не дасягне ў лепшым выпадку і грама. У адзінкавых выпадках гэта кропля ў моры, у маштабе краіны — дзясяткі кілаграмаў, у сусветным памеры — яшчэ больш. Так, толькі на патрэбы камп'ютарнай вытворчасці штогод у свеце выкарыстоўваюцца сотні тон золата. Але звычайна век бытавой электронікі нядоўгі — 5-10 гадоў. І куды пойдзе тое золата са старых мадэляў?

У Беларусі прававыя асновы рэгулявання адносін з адходамі, якія змяшчаюць каштоўныя хімічныя элементы, рэгламентаваны Законам "Аб каштоўных металах і каштоўных камянях". Ён вызначае пералік металаў, абарачэнне якіх рэгулюецца законам. Гэта золата, срэбра, плаціна і металы плацінавай групы (паладый, ірыдый, родый, рутэній, осмій). Гэтыя восем рэчываў трапляюць у сферу дзейнасці закона незалежна ад стану і выгляду, у тым ліку і тады, калі яны знаходзяцца ў электронных адходах.

— Згодна з гэтым жа законам, юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія з'яўляюцца вытворцамі адходаў, дзе змяшчаюцца каштоўныя металы, павінны збіраць іх асобна і здаваць на перапрацоўку. Для насельніцтва, згодна з заканадаўствам, такія адходы не адрозніваюцца ад іншых. Але апошнім часам у нашай краіне назіраюцца спробы вырашыць праблемы, звязаныя са зборам і перапрацоўкай электронных адходаў, у тым ліку і тых, якія ўтвараюцца ў насельніцтва і маюць у сваім складзе каштоўныя металы, — лічыць Анатоль Калач.

Пытанне па Чарнышэўскаму

У ідэале пытанне здачы старой электронікі для звычайнага чалавека павінна быць не складанейшым за здачу макулатуры. Па сутнасці, гэта другасная сыравіна, якую можна выкарыстаць пры вытворчасці новых рэчаў. Анатоль Калач мяркуе, што не трэба забывацца і на грамадска-асветніцкую працу:

— Сярод насельніцтва трэба распаўсюджваць звесткі аб месцах прыёму такіх адходаў і інфармацыю пра магчымую шкоду навакольнаму асяроддзю і здароўю чалавека. Акрамя таго, вельмі цікавы замежны вопыт. У заходнееўрапейскіх краінах зборам і перапрацоўкай цвёрдых бытавых адходаў займаюцца спецыялізаваныя арганізацыі, якія пастаянна аптымізуюць сістэму абыходжання з утыльсыравінай. Да таго ж там максімальна спрошчана сістэма кіравання ў гэтай галіне. Усе пытанні, звязаныя з абыходжаннем з адходамі, каардынуе толькі адно ведамства.

— У ліпені мінулага года Прэзідэнт падпісаў Указ № 313 "Аб некаторых пытаннях абыходжання з адходамі спажывання". Сярод іншага, гэты заканадаўчы дакумент пашырае адказнасць вытворцаў бытавой тэхнікі ў галіне збору і перапрацоўкі старой электронікі. Вытворца будзе абавязаны альбо самастойна клапаціцца такім чынам пра збор такой другаснай сыравіны, альбо рабіць гэта з дапамогай спецыяльных арганізацый, — гаворыць намеснік старшыні Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна АЎРАМЧЫК. — Пакуль што на базе Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі створаны адмысловы аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў, які і трымае на кантролі пытанні правільнай утылізацыі бытавой тэхнікі. Але ўжо даўно існуюць пляцоўкі, куды ЖЭСы вывозяць увесь сабраны электрахлам і дзе яго разбіраюць на пластмасу і металы. Дзякуючы ўказу колькасць такіх пляцовак у краіне павінна павялічыцца.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

←Артисты, акробаты и клоуны поздравили с Рождеством отличников, победителей олимпиад, детей из неполных семей и детских домов.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика