Акцэнты года з Вадзімам Гігіным

Источник материала:  

У нас. Беларусы — памяркоўная спакойная нацыя, якая добра выконвае свой грамадзянскі абавязак. Менавіта такую выснову можна зрабіць, аналізуючы галоўную палітычную падзею зыходзячага года — парламенцкія выбары.

Нягледзячы на прадказанні скептыкаў і тых, хто наўмысна заклікаў да байкоту, выбары адбыліся. Сфарміраваны новы склад Нацыянальнага сходу. І тут можна пабачыць пэўную пераемнасць. Прыкладна пятая частка — з мінулага склікання, амаль трэцяя частка — жанчыны. Шмат дзяржаўных служачых, урачоў, настаўнікаў, сілавікоў. Ужо не першы раз беларусы аддаюць перавагу народным выбраннікам з такога сацыяльнага асяроддзя.

Акцэнты года з Вадзімам ГігінымМожна было б зрабіць выснову пра палітычны кансерватызм, які канчаткова перамог у Беларусі, калі б не іншая важная тэндэнцыя айчыннага палітычнага жыцця — мадэрнізацыя. Упершыню пра яе Аляксандр Лукашэнка загаварыў яшчэ ў самым пачатку года і потым неаднойчы ўзгадваў у розным кантэксце. У чым жа канкрэтна праяўляюцца мадэрнізацыйныя рысы ў беларускай палітыцы? Як гэта ні дзіўна, у павышэнні ролі партый. Так, нават на фоне таго, што ў парламент трапілі ўсяго 5 партыйцаў. Аднак, калі глядзець на астатнюю выбарчую статыстыку (колькасць членаў партый, якія патрапілі ў выбарчыя камісіі, сталі назіральнікамі, увайшлі ў каманды кандыдатаў), то тут відавочны прагрэс: лічбы ўзраслі ў разы. Варта ўзгадаць і вельмі знакавую сустрэчу Прэзідэнта з новым кіраўніком Камуністычнай партыі Ігарам Карпенкам. Нельга абысці ўвагай відавочна ўзрастаючую палітычную ролю пакуль яшчэ грамадскага аб'яднання, але з вельмі акрэсленымі партыйнымі амбіцыямі, "Белая Русь", якая, дарэчы, мае ў парламенце 63 сваіх прадстаўнікоў.

Яшчэ адна рыса мадэрнізацыі — стаўка на новае пакаленне кіраўнікоў. Пра гэта таксама ясна сказаў Прэзідэнт: у бліжэйшы час трэба прывесці ва ўладу дзеячаў ва ўзросце паміж 40 і 50 гадамі, якія забяспечаць пераемнасць і стабільнасць пры адначасовым развіцці беларускай палітычнай сістэмы. Таму можна прадказаць ужо зараз, што палітычнага міжсезоння ў Беларусі не будзе. Тыя працэсы і змены, якія вызначыліся ў 2012-м, працягнуцца і ў наступным годзе.

Вакол нас. Інтэграцыя — галоўнае слова, якое вызначае ў апошні час не толькі знешнюю палітыку Беларусі, але, увогуле, усе працэсы, што адбываюцца на постсавецкай прасторы. Дакладней, нічога прарыўнага ў 2012-м не адбылося, але сталі праяўляцца наступствы тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты раней. І, што важна, яны сталі прыносіць свой плён.

З 1 студзеня запрацавала Адзіная эканамічная прастора паміж Расіяй, Беларуссю і Казахстанам. Гэта значыць, што сталі паўнавартасна дзейнічаць чатыры свабоды, якія палягаюць у аснове нашай інтэграцыі: перасоўвання тавараў, паслуг, рабочай сілы і капіталу. Стаў дзейсным ужо другі этап (пасля Мытнага саюза) моцнай інтэграцыйнай хвалі, якая распачалася яшчэ пару гадоў таму. Наступным крокам будзе старт Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2015 годзе.

Безумоўна, да станоўчых наступстваў інтэграцыі трэба аднесці пачатак будаўніцтва Беларускай АЭС з удзелам расійскага боку. Гэты буйны інвестыцыйны праект дазволіць цалкам вырашыць энергетычныя праблемы Беларусі, а таксама дасць моцны штуршок да развіцця паўночна-заходняга рэгіёна нашай краіны.

Важным дасягненнем з'яўляецца пераход да Беларусі старшынства ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Такое рашэнне было прынята на лістападаўскай нарадзе кіраўнікоў краін — членаў СНД у Ашхабадзе. Як гэта і адбывалася ўсе апошнія гады, наша краіна знаходзіцца ў авангардзе тых працэсаў, што вядуць да палітычнага, эканамічнага і гуманітарнага збліжэння народаў, якія складалі некалі адзіную дзяржаву.

Менавіта такая роля Беларусі і стае прычынай вельмі негатыўных адносін да яе з боку Захаду. Тое стала канчаткова відавочным пасля апошніх заяў дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан. Яна вызначыла інтэграцыю на постсавецкай прасторы ў якасці адной з галоўных небяспек, якія клапоцяць Вашынгтон. Але наўрад ці негатыўная пазіцыя Злучаных Штатаў здольная запаволіць тэндэнцыю да збліжэння і кааперацыі, што адпавядае нацыянальным інтарэсам тых дзяржаў, якія ў ёй удзельнічаюць.

З гісторыі. 2012-ы стаў годам вялікіх юбілеяў. Літаратурных: 130 гадоў з дня нараджэння "зорак" першай велічыні айчыннага пісьменства: Янкі Купалы і Якуба Коласа; 100 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка, аднаго з самых палымяных і незвычайных беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя. А таксама дзяржаўна-гістарычныя юбілеі: 1150-годдзе Полацка і 200-годдзе Айчыннай вайны 1812-га.

Трэба сказаць, што ад святкавання літаратурных юбілеяў засталося нейкае падвоенае ўражанне. З аднаго боку, не забыліся, ушанавалі, сказалі патрэбныя словы, арганізавалі конкурсы. Адным словам, правялі пэўную працу, выканалі план. І ўсё ж аддавала нейкім фармалізмам. У Мінску так і не з'явіўся помнік Максіму Танку, хаця даўно ўжо існуе вуліца, названая ў яго гонар, а сам паэт з'яўляўся ганаровым грамадзянінам сталіцы і нават доўгі час узначальваў Вярхоўны Савет БССР, гэта значыць, выконваў функцыі афіцыйнага кіраўніка дзяржавы.

Купалу і Коласа, наадварот, ужо так "заафіцыёзілі", зрабілі з іх такія іконы, што за імі часта і не разглядзець жывых людзей. Увогуле нам трэба рабіць вывады наконт таго, як мы адзначаем святы. Можа, трэба менш заарганізаванасці? Больш даверу да творчай ініцыятывы?

А вось гістарычныя юбілеі ўзрадавалі. Шмат дыскусій, розных пунктаў гледжання, іх адкрытае абмеркаванне на навуковых канферэнцыях і ў прэсе. Прычым гэтыя дыспуты не засталіся ў межах зацікаўленасці толькі спецыялістаў, але выйшлі на шырокую грамадскую прастору.

У большай ступені гэта тычыцца 200-гадовага юбілею вайны 1812 года. Першыя згадкі пра Полацк — больш сівая даўніна. Хаця таксама вельмі знакавая, бо напрамую звязана з заклікам Рурыка на княжанне на старажытнарускіх землях, а гэта значыць, і з заснаваннем агульнай дзяржавы, якая потым атрымае назву Кіеўскай Русі.

Ва ўсялякім выпадку, асабіста ў мяне складваецца ўражанне, што кожны такі юбілей — добрая нагода для нас, беларусаў, асэнсаваць сваё месца ў свеце, паглядзець на той гістарычны шлях, які прайшоў наш народ, перакінуць нібыта масток у мінуўшчыну, да нашых продкаў. І погляд на сваю гісторыю павінен быць не памутнелы — шчыры і адкрыты.

←Давайте повитаем в облаках

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика