Вілейскае прадпрыемства “Стайкі” парушыла адразу тры заканадаўствы
Маладзечанскі міжраённы камітэт дзяржкантролю знайшоў на камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве парушэнні бухгалтарскага, прыродаахоўнага і будаўнічага заканадаўства.
Пад пагрозай зрыву пачатак працы малочнатаварнай фермы “Юнцэвічы”, якая сёлета рэканструявалася.
Будаўніча-мантажныя працы не завершаныя: не скончаныя працы па ўсталяванні франтонаў, мантаж абсталявання наогул не пачаты. Хаця на ўсё гэта было выдаткавана больш за 330 мільёнаў рублёў. Прычым кошты такіх прац завышаныя больш чым на 110 мільёнаў рублёў.
Прадпрыемства незаконна атрымала 13 мільёнаў рублёў, калі будавала гнаясховішча. Грошы пайшлі на захаванне будаўнічых адходаў, што не было прапісана ў дакументах.
Акрамя гэтага, прадпрыемства "Стайкі" не распрацавала інструкцыю па абыходжанні з адходамі вытворчасці і не наладзіла першасны і агульны ўлік адходаў.
"Стайкі" выкарыстоўвалі дзевяць артсвідравін, але ў іх не было дазволу на спецыяльнае водакарыстанне. Не забяспечаны і першасны ўлік вады, якая забіралася з падземных крыніц.
Толькі падчас праверкі прадпрыемства занесла на рахункі бухгалтарскага ўліку меліярацыйныя сістэмы і аб'екты.
З-за таго, што на прыбаўленне ў вазе буйной рагатай жывёлы было выдзелена зашмат кармоў, прадпрыемства за дзесяць месяцаў недаатрымала 1 280 мільёнаў рублёў.
У выніку страты прадпрыемства толькі ад продажу буйной рагатай жывёлы склалі 902 мільёны рублёў.
Пры вытворчасці малака з-за перарасходу кармоў недаатрымана больш за 100 мільёнаў рублёў.
Цяпер за такія парушэнні адказныя службовыя асобы будуць прыцягнутыя да адказнасці.
Паводле матэрыялаў Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.
Фоля minnyst.squarespace.com