Колькі каштуе адзначыць Новы год?
Некаторыя едуць адзначаць Новы год у Тайланд.
Напярэдадні Новага года, бадай, усіх людзей цікавяць адны і тыя ж пытанні: што падарыць родным і сябрам і дзе адзначыць гэтае свята?І ў першым, і другім выпадку галоўным пунктам з’яўляецца матэрыяльны бок. Колькі грошай будзе каштаваць свята? У гэтым артыкуле паспрабуем адказаць на гэтае пытанне.
Святочны стол дома
Многія са мной пагодзяцца: які ж Новы год без тэлевізара і традыцыйных навагодніх фільмаў і перадач?
Давайце падлічым, колькі абыдзецца навагодні стол для тых, хто не ўяўляе сабе свята без “Іроніі лёсу” і звароту Прэзідэнта па тэлебачанні.
Бутэлька шампанскага – 30-40 тысяч рублёў.
Традыцыйны, ужо гатовы салат “Аліўе” можна набыць у краме за 40-50 тысяч за кілаграм.
Мандарыны, без якіх пах свята будзе ненасычаным, каштуюць 15-20 тысяч за кілаграм.
Для гурманаў 100 грамаў ікры абыдзецца ў 80-100 тысяч.
Па самых сціплых падліках стол на аднаго чалавека будзе каштаваць прыблізна 210 тысяч. Дадайце да гэтага іншыя прысмакі – і сума ўзрастае ў разы.
Вось і лічыце, колькі сяброў і родных вы гатовы прыняць у сябе за святочным сталом. І не забудзьце памножыць вышэйназваную суму на колькасць прысутных.
Новы год у рэстаране
Для тых, у каго Новы год асацыюецца з безліччу новых знаёмых, шумнай кампаніяй, песнямі, феерверкамі і весялосцю, а не з тупаннем на кухні і гатаваннем ежы, можам параіць адзначыць Новы год у рэстаранах і клубах горада Маладзечна.
Навагодні стол у рэстаранах абыдзецца прыкладна ў 300-400 тысяч з чалавека.
Калі вы ўпэўненыя, што зможаце танцаваць да раніцы, можна адзначыць Новы год у клубе. Гэта абыдзецца вам прыблізна ў 250 тысяч.
Калі танцы да ўпаду – гэта ваш канёк, то смела накіроўвайцеся ў такія ўстановы. Дарэчы, вольныя месцы яшчэ ёсць.
Аграсядзібы чакаюць вас!
Навагодні адпачынак у аграсядзібе становіцца апошнім часам вельмі папулярным. Акрамя традыцыйнага святочнага стала і віншаванняў ад Дзеда Мароза і Снягуркі вам прапануюць пачастунак на свежым паветры – разнасолы, юшка, гарачы духмяны шашлык, марозная гарэлка і многае іншае.
І ўсё гэта пад музыку і зухаватыя беларускія песні, гульні, конкурсы, шляхецкія забавы, катанне на конях! Абыдзецца гэта ў два мільёны рублёў.
Новы год пад пальмай
А для тых, хто вырашыў не мерзнуць і адзначаць Новы год не пад бой курантаў і стрэлы шампанскага, а пад вуркатанне акіяна і какосавае малако – вам прамая дарога ў турыстычныя агенцтвы.
Найтанней на Новы год можна злятаць у Егіпет. Паездка будзе каштаваць 350 долараў на чалавека. А самыя дарагія навагоднія курорты Гоа і Тайланд абыдуцца ў 1500-3000 долараў з пары. Дарэчы, пуцёўку ў Тайланд на навагоднія святы замовіла толькі адна сямейная пара з Маладзечна.
Дзе святкаваць Новы год, мы спадзяёмся, вам адказалі. Але не забывайцеся, што з кім сустрэнеш Новы год, з тым яго і правядзеш. Таму сустракайце Новы 2013 год толькі з роднымі, блізкімі і каханымі людзьмі!
Наталля ТУР,
школа маладога журналіста.
Фота rewalls.com