Аперацыя “Новы год”: як перажыць свята без наступстваў
![](http://www.21.by/pub/news/2012/12/1356943442932133.jpg)
Новы год і наступныя за ім выхадныя – гэта заўсёды выпрабаванне для здароўя.
Існуе некалькі простых правілаў, выкананне якіх забяспечыць вам не толькі добрае свята, але і прыемныя ўспаміны пра яго.
Ешце ў звычайным рэжыме
31 снежня ні ў якім разе не галадайце напярэдадні начнога застолля. Абавязкова трэба добра паснедаць. На працягу дня ешце ў сваім звычайным рэжыме.
За пару гадзін да таго, як будзеце праводзіць стары год, з’ешце талерку супу або салат з агародніны. А за гадзіну да застолля з’ешце садавіны. Вы не будзеце галодныя, а значыць, пераяданне і яго непрыемныя наступствы вам не пагражаюць.
Не ешце каля тэлевізара
Калі вы накрыеце стол у памяшканні, дзе няма тэлевізара, то верагоднасць з’есці занадта шмат зменшыцца. А ў пакоі з тэлевізарам можна паставіць садавіну, сыр і шампанскае.
Калі ў вас ёсць нейкія хранічныя хваробы, не ешце стравы, якія могуць пагоршыць стан вашага самаадчування. Напрыклад, не налягайце на тлустае і смажанае, а таксама не захапляйцеся вострымі стравамі.
Шакаладныя наступствы
Шакалад – любімы ласунак практычна ўсіх дзетак, але ўжываць яго трэба ў меру, інакш ён можа нанесці непапраўную шкоду здароўю малога. Асабліва пад Новы год цукеркі, батончыкі, ледзяшы, а таксама мандарыны і апельсіны літаральна сыплюцца на дзяцей.
Таму, каб бацькам не змагацца пасля навагодніх свят з алергіяй і сыпам, трэба ў меру частаваць сваіх дзетак ласункамі. Не столькі шкодзяць цукеркі дзіцячаму арганізму, колькі харчовыя фарбавальнікі.
Як справіцца з пахмеллем
Навагодні стол звычайна ломіцца не толькі ад разнастайных страў, але і ад самых розных алкагольных напояў. Віно, гарэлка, марціні, каньяк, шампанскае... Чаго толькі няма. З алкаголем трэба быць асцярожнымі хаця б па той прычыне, што ён адымае ў арганізма ваду, вітаміны і мінералы.
Такую з’яву, як пахмелле, можна атрымаць, нават калі не вельмі шмат выпіў – арганізм усё адно абязводжаны і яму трэба дапамагчы прыйсці ў сябе. Першае, з чым вы сутыкняцеся раніцай 1 студзеня, – гэта галаўны боль.
Што рабіць?
“П’яны праспіцца, пахмельны – ніколі”, – сказана ў “Тлумачальным слоўніку” Даля.
На жаль, жорсткае пахмелле – часты спадарожнік ўчарашняй весялосці. Калі ўсё ж такі гэтая непрыемнасць здарылася з вамі, што рабіць?
Не піце на галодны страўнік
Дарэчы, не ўсе гэта ведаюць, што заядаць алкаголь нельга чым-небудзь тлустым. Закусваць лепш за ўсё лёгкай ежай – гароднінай, сырам, фруктамі і салатамі без маянэзу. Такім чынам вы пазбавіцеся ад цяжкасці ў страўніку.
З’ешце бананы
Раніцай пасля свята звычайна адсутнічае апетыт, але пры гэтым вельмі важна з’есці што-небудзь вугляводнае. Гэта павысіць ўзровень цукру ў крыві і палегчыць пахмелле.
Вялікая талерка ежы адцягне вас ад галаўнога болю і дапаможа вярнуць у норму ваш страўнік. Калі вы ўсё ж такі не ў сілах прымусіць сябе рыхтаваць сняданак, то з’ешце бананы – яны таксама супакояць страўнік.
Прагуляйцеся па вуліцы
Пры невялікім пахмеллі варта прымусіць сябе выйсці на вуліцу і прагуляцца. Рух дапаможа прыйсці ў сябе, справіцца са слабасцю і болем у мышцах.
Народная мудрасць “клін клінам выбіваюць” у сітуацыі з пахмеллем мае сумнеўны эфект. З аднаго боку, невялікая порцыя алкаголю пры пахмеллі верне вам сілы і бадзёрасць, але з іншага – эфект будзе часовым і алкагольнае атручванне ўсё роўна дасць аб сабе знаць.
Ляжце паспаць
Самым універсальным сродкам ад моцнага пахмелля быў і застаецца сон. Ён дапаможа аднавіць сілы, і ў сне вы сапраўды не будзеце адчуваць непрыемныя наступствы пахмелля.
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота nastol.com.ua