"Дзе можна набыць добрыя зімовыя паліто?"
З такой праблемай у рэдакцыю звярнуўся наш даўні чытач мінчанін Пётр Андрэевіч Навуменкаў. Не тое, каб выбару ў гандлі не было, але...
— Яшчэ ў савецкія часы, калі быў у камандзіроўцы ў Маскве, купіў сабе добрае зімовае паліто, на ваце, здаецца. Падчас маразоў нашу яго дагэтуль. А вось набыць нешта сучаснае, але такое ж добрае па якасці, не магу. Пішуць, напрыклад, што паліто прызначана для зімы, уцепленае. А ўцяпляльнік той зусім танюткі. Як па мне, дык гэта хутчэй паліто для восені, чым для зімы. Мне кажуць, маўляў, купі куртку цёплую ці кажух. Але ж мне хацелася б менавіта добрае паліто. Дарэчы, у жонкі такая ж праблема: двойчы набывалі ёй быццам бы зімовыя паліто, аднак насіць іх не выпала: прадзімае. Няўжо нельга выпусціць партыю такіх вось патрэбных якасных зімовых рэчаў? Некалі ж маглі, — гаварыў Пётр Андрэевіч.
Пра савецкае паліто, зразумела, чытач сказаў вобразна. Вядома, што цяпер і матэрыялы іншыя выкарыстоўваюцца, і ўцяпляльнікі. Ды і, па шчырасці, многія, нават людзі ва ўзросце, даўно ўжо не носяць тыя зімовыя паліто, перайшоўшы, як слушна заўважыў сам чытач, на больш зручныя курткі, кажухі. Але гэта зусім не азначае, што паліто ў нас не робяць. Гэта нам пацвердзіла прэс-сакратар канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Пышкала.
— Скажам, прадпрыемства "Элема", якое вырабляе жаночыя паліто, тым не менш мае і невялікую калекцыю мужчынскіх. А цалкам спецыялізуецца на мужчынскіх паліто прадпрыемства "Знамя індустрыялізацыі". Там выкарыстоўваюць добрую якасную тканіну для пашыву, сучасныя ўцяпляльнікі, ды і цэны на прадукцыю ў прадпрыемства цалкам дэмакратычныя, — паведаміла Таццяна Валер’еўна ў адказ на наш запыт. — Вашаму чытачу я вось што параіла бы. Калі ён самастойна не можа знайсці ў гандлі патрэбнае яму паліто, няхай у любой краме, лепш буйной — кшталту "Беларусі", "ЦУМа", "ГУМа", Гандлёвага дома "На Нямізе", папросіць кнігу замоў. І пакіне ў ёй запіс, што хоча набыць паліто, указаўшы свае канкрэтныя пажаданні. Прадаўцы павінны пракансультаваць пакупніка, пры неабходнасці — дапамагчы ўстанавіць памер. Калі патрэбны тавар паступіць у краму, па пакінутых каардынатах грамадзяніну паведамяць пра тое. Дарэчы, калі пакупніку тавар па якойсьці прычыне не спадабаецца, ён не абавязаны яго купляць. Гэтак жа, згодна з пэўнымі правіламі гандлю, ён зможа цягам двух тыдняў вярнуць тавар назад. Яшчэ, як варыянт, чалавек можа звярнуцца на само прадпрыемства з просьбай даслаць яму каталог іх прадукцыі, каб лепш зарыентавацца.
Сяргей РАСОЛЬКА.