"Марыў Яначак даўно Пабываць у казіно..."
Не вам казаць (ды ў Навагоддзе!): мы рады гасцям! Нават вельмі! І двойчы: у першы раз, калі тыя прыходзяць, і ў другі — калі сыходзяць.
То адзін сабраўся (нарэшце!): вылез з-за стала, шапку ўздзеў...
Маці з гэтай нагоды дзяцей паклікала. Кажа:
— Дзеткі, дзядзька дадому ідзе. Што трэба сказаць на развітанне?
Малыя ўголас:
— Дзякуй Богу!
Карацей, што ў матулі ў галаве, тое ў іх на языку.
Ці не ім, дарэчы, яшчэ адна класічная фраза належыць: "Каб пераканацца, што госць пайшоў, трэба спусціць яго з лесвіцы"?
Мы гэта ведаем і часам робім. Прычым паспяхова, бо, мяркуючы па чарговым конкурсным здымку (кіньце вочкам — на верхні), далёка "ляцяць". Чаму адзін у трусах? Колькі людзей — столькі і меркаванняў. Першае — ад спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў:
Муж дамоў вярнуўся
скрытна.
Дома — госць.
Ну вельмі спрытны:
Што ёсць сілы
да машыны...
Мусіць, ёсць на то
прычыны?
Цяжка сказаць, якія? Бо, здаецца ж, нічога не ўкраў? Апроч ручніка?
Адзінае — незразумела, хто за ім следам бяжыць? Жонка? Магчыма. Але чыя? Таго мужыка, што "вярнуўся скрытна"? А калі яна апрануцца паспела?.. Ці ўсё ж таго, які наперадзе, бо...
Застукала Таня
У саўне Саню —
Шыбуе дадому:
Уліп па-дурному!
Так лічаць і спадарыня Любоў Чыгрынава з вёскі Забалацце Вілейскага раёна, і спадар Сцяпан Нефідовіч з вёскі Любань Лунінецкага. Ён, дарэчы, вядомую беларускую народную песню "перапеў" і за "героя" нават высновы зрабіў, прычым — вартыя ўвагі:
Кум да кумкі прыблудзіў,
прыблудзіў,
Ды кум кумцы не ўгадзіў,
не ўгадзіў.
Тая злосная была, ой была —
Куму портак не дала, не дала...
Болей, куме, не блудзі,
не блудзі,
Лепш на печы пасядзі, пасядзі.
З гэтага занятку, трэба разумець, больш карысці. І адназначна меней жахаў. А то, як піша спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў:
Прыхапіўшы ручнічок,
Ад каханкі Янка ўцёк.
Следам — жонка... І з дубінай!
Ці ўратуе тут машына?
Непакоіцца аўтарка пра небараку... Хоць варта не толькі пра яго. "У многіх цяпер ці не галоўнай каштоўнасцю стаў аўтамабіль, — разважае ў сваім лісце спадар Гаўрыш. — Мужчыны каля сваіх "маздачак", "таётак" ды "лад" гатовы нават начаваць. А вось жонкі і дзеці, гаспадарчыя клопаты адышлі для іх на дзясяты план".
Адсюль, відаць, і радкі:
Сапсаваў прагрэс мужчыну!
Вось і гэты, у трусах,
Перш ляціць
прагрэць машыну,
А пагрэць сваю жанчыну —
На пасля... вось гэта жах!
Хто б, як кажуць, спрачаўся...
Дэбютант нашага конкурсу — спадар Георгій Шундрык з Дзятлава, здаецца, гатовы, бо ўпэўнены, што жанкі з такім станам спраў не змірыліся. Вось гэтая, прынамсі, са здымка, ззаду за чалавекам ідзе і разважае (можа, нават уголас):
Бачу: ты мужык гарачы,
Чула: жонка не ўпікне...
Дык давай махнём на дачу —
Там пагрэеш і мяне.
Што тут сказаць: разбэсціўся свет. Як у тым анекдоце пра двух суседзяў: "Слухай, — кажа адзін, — я чуў, што ты з маёй жонкай шуры-муры закруціў. Дык гэта ж нядобра". Другі ў адказ: "А вас, Івановых, хіба разбярэш: ты кажаш, што нядобра, твая жонка — што добра"...
Ноч — імгненнечкам
з каханкам!..
Ды калі ачнуўся ранкам,
То насмерць перапужаўся —
У адных трусах зматаўся:
Так пабег да жонкі Галі,
Толькі пяткі заблішчалі, —
піша спадарыня Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна. Ад яе ж досыць слушная парада дзяўчатам, як зрабіць, каб гэтага не было — ну, каб не ўцякаў той, хто падабаецца:
Ён глядзеў у вочы?
Замуж абяцаў?
А як пераночыў,
Борздзенька "зліняў"...
Што брахлівыя
Мужчыны —
Для дзяўчыны
Не ў наві́ну:
Калі нехта й дужа любы,
Не здавайцеся да шлюбу!
Да таго ж, раяць чытачы, падумайце, перш чым у яго ўступіць. Над чым? Парады мужчынам:
Як ажэнішся, найперш
Зарубі на носе:
Уцякаць ад жонкі лепш,
Летам ці пад восень.
Лічаць так сужэнцы Ніна і Іван Астроўскія з Мінска.
У жанчыны свой разлік,
Будзьма асцярожныя,
Бо адсудзіць — і ручнік,
І штаны апошнія! —
папярэджвае спадар Анатоль Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна.
Што яна, тая самая жанчына, пакіне сабе? Ды ўсё. І, як правіла, дзяцей, якія цяпер, дарэчы (на думку спадара Валерыя Шыманэля з вёскі Лылойці Смаргонскага раёна), ля нейкага з вокнаў (што ў кадр не трапілі) плачуць:
Мамка родная, скажы, —
У малых пытанне, —
Татку гоніш ты куды
Без штаноў ды зрання?..
Зрэшты, не вам казаць, што пакінуць без іх, тых штаноў, могуць не толькі жанчыны. Што яшчэ? Адказаў некалькі. Па-першае — захапленне. Прынамсі, асобныя з чытачоў, паглядзеўшы на гэты здымак, адразу ж узгадалі адзін з папярэдніх, на якім без адзення, можна сказаць, была кабета... То, мяркуе спадарыня Раіса Васільева з Гомеля, якраз яна, тая маржыха, з вады вылезла і...
Што далей было? Чытайце:
Прыказала жонка,
Муж і пагадзіўся —
Рушыў да палонкі...
Але ж запыніўся,
Не палез у лунку
("Загадай другому...") —
Прасціну на плечы
І гайда дадому.
Не стаў, значыцца, ён маржом. Хоць спроба і была...
Адзенне на ім, трэба разумець, таксама.
Зрэшты, халера з ім, з адзеннем: няма — і не варта яго шкадаваць, калі ёсць галоўнае.
Што? Дакладна ведае яшчэ адзін дэбютант нашага конкурсу, спадар Барыс Ляшкевіч з вёскі Альшаны Столінскага раёна:
Утапіў штаны ў палонцы?..
Дык скажы ты сваёй жонцы:
— Ліха з імі, са штанамі,
Абы цела было з намі!
Мужчына, аднак, гэтага не кажа. Цікава, чаму? Можа, баіцца, што яна ўсё роўна не зразумее, не паверыць яму? Бо апякалася — падманвалі... Вось і гэты, са здымка...
Ясь "касіў" пад маржа —
З дому сходзіў часам...
Ды й Яніна не драмала —
Па слядочках пашукала
І знайшла ў Станіславы...
Не падобна,
што пад лавай?
Ой, не падобна (пагодзімся са спадарыняй Зояй Янучок з вёскі Нагорнае Клецкага раёна)! Яшчэ і таму, што пад лавай, без вопраткі можна іншага — з дазволу — мужчыну знайсці, пра якога напісаў спадар Мікалай Старых з Гомеля:
Непатрэбны дзеўкі Глебку,
І не трэба жонка,
Бо ягоная суседка
Гоніць самагонку.
Перанёс ёй хлопец грошы,
Калі ж выйшлі ўсе яны,
То заклаў касцюм харошы
І апошнія штаны.
Дзе яшчэ іх можна пакінуць, дакладна ведае спадарыня Гудачкова з Жыткавічаў:
Марыў Яначак даўно
Пабываць у казіно.
От дык нагуляўся —
У трусах застаўся!
Зрэшты, на думку многіх, усё магло быць і куды празаічней:
Каб купіць які прыкід,
Грошай не хапіла.
Дык знайшоўся хоць ручнік,
Што Алёна мыла —
піша спадар Гарачоў. З таго ж канверта:
Офіс наш у тым катэджы,
На трусах вісіць
мой бэйджык.
Ці зіма стаіць, ці восень,
Што далі нам —
тое й носім.
Такі менталітэт: прыцярпеліся мы — хто да паліто, хто да трусоў.
Як і да таго, што
Бачылі наразе,
Ды не б'ём трывогу:
З раздзявальні ў лазню
Ходзім праз дарогу.
Што яшчэ, паводле таго ж сп. Гарачова прымаем, як належнае, дык гэта тое, што
Дзед Мароз ва ўсе часы
Нёс дарункі мудра:
Мужу — новыя трусы,
А вось жонцы — футра.
Ведаў, хто чаго варты?
Але ж ёсць падарунак і ўсім нам. Праўда, не ад Дзеда, але ж не менш каштоўны (кіньце вочкам на верхні здымак):
Дзякуй, дзякуй, вам кітайцы,
Што абулі нас у сланцы!
Беларус цяпер у сланцах
І на ферму, і на танцы...
Піша так спадарыня Чыгрынава. Ахвотныя могуць напісаць працяг, бо кітайцам шмат за што можна дзякаваць... Але гэта, магчыма, ужо ў іншых вершах — да новага здымка. Што яшчэ напісалі да гэтага?
Гора з жонкаю-бландзінкай,
Як з правамі — то ўдвайне:
Толькі выедзе з будынка,
"SОS" — крычыць
яе машынка...
Муж імчыць па цаліне!
Піша так спадар Гаўрыш. Спадарыня Чыгрынава (спачатку прозай): "Кожнае конкурснае заданне выклікае не толькі ўсмешкі, але і нейкія ўспаміны. Вось і на гэты раз узгадала, як працавала ў школе, як аднойчы пасля заняткаў ішла дадому з настаўніцай пачатковых класаў Таццянай Расціславаўнай Тарасюк. Мне 30, ёй — за 60. Я ў паліто, у ботах і, хай вязанай, але ж шапачцы! Яна — з голай галавой, у балоневым плашчыку, у туфлях на босую нагу. А пад імі — снег. Што цікава, гэта Таццяна Расціславаўна была Дзедам Марозам на ўсіх школьных ёлках і ніколі не хварэла. Вучыла любіць прыроду, радавацца жыццю".
Нехта, трэба разумець, навучыўся, нехта — не:
Няроўны людзі,
Няроўны іх лёс...
Хто голым быў... Будзе,
Хто ў футра ўрос.
Але ж у заклад пайсці ён можа! Прычым лёгка!
Паспрачаўся кум з Ягорам,
Што прабегчы
зможа голым.
Во ўжо будзе п'ян і рад,
Калі выйграе заклад!
Пішуць так сужэнцы Астроўскія.
Ёсць у конкурснай пошце і рэкламныя радкі. Што цікава, яны зусім не раздражняюць, наадварот. Спадарыня Ала Тарасік з Мінска (трэба разумець, ад імя мужа?) піша:
Я па снезе ды так шпарка
Не па чарку,
не па скварку:
Да паштарачкі іду,
Каб хутчэй забраць "Звязду".
Прывязе яе паштарка,
Што пачнецца — проста жах:
Ёй насустрач выбягаюць,
Хто ў футры, хто ў трусах...
А ўсё таму, трэба разумець, што газета гэта — адметная: родная (бо любілі яе нашы дзяды ды прадзеды) і на роднай мове. Такіх у краіне раз-два...
І таму як добра было б, каб яе настолькі любілі і чакалі — усе! Каб паштальёны прывозілі яе на новенькіх пазадарожніках (і гэта ім было выгадна). Каб працавалі імі самыя прыгожыя і добрыя жанчыны і мужчыны, якія любяць мову, любяць людзей! Каб у насельнікаў Беларусі было грошай, як сёлета снегу. Каб быў час чытаць і нават пісаць у рэдакцыю (а ўжо вершы на конкурс — абавязкова!)...
Трэба сказаць, хто напісаў найлепшыя да папярэдняга здымка (на ім, нагадаем, двое мужчын кацілі ў машыну гарбуз). Па прызнанні вялікага чытацкага журы гэта спадары Гарачоў з Іўеўшчыны (што смешна, тое смешна!), Дубовік з Бярэзіншчыны, Гаўрыш з Чавусаў, сужэнцы Астроўскія з Мінска, Чыгрынава з Вілейшчыны, Кусянкова з Рагачоўшчыны...
Паламала галаву і журы маленькае — рэдакцыйнае. У выніку прыз у выглядзе падпіскі на газету "Звязда" накіроўваецца да спадара Гарачова ў вёску Даўнары Іўеўскага раёна.
Вызначыў сваю пераможцу і часопіс "Вожык": падпіскай на месяц узнагароджваецца спадарыня Гудачкова з Жыткавічаў.
Хочаце, каб гэтыя выданні ў новым годзе прыходзілі і да вас? Выпісвайце. Альбо — уважліва разгледзьце новы здымак, падумайце, што б гэта значыла, і напішыце подпіс. Можна некалькі варыянтаў. Але кароткіх (не больш за восем радкоў) і — абавязкова — дасціпных... Поспехаў!
Валянціна Доўнар.
Ад яе ж найшчырэйшая ўдзячнасць і самыя найлепшыя пажаданні ўсім, хто пісаў у гэтую рубрыку, усім, хто чытаў і разам з намі смяяўся! З Калядамі нас! З Новым годам! Будзьма! У тым ліку — разам. І тады мы будзем.