"Сітуацыя з расчысткай вуліц узятая пад кантроль"

Источник материала:  

У рэдакцыі традыцыйна прагучалі першыя — цалкам прадказальныя ў цяперашніх умовах надвор'я, — званкі са скаргамі. Датычыліся яны расчысткі дарог. Ад імя жыхароў усёй вёскі Навасады Воранаўскага раёна першым з заяўнікаў на "гарачую лінію" нашай газеты дазваніўся Леанід Іосіфавіч Вільчэўскі.

— З нядзелі не расчышчаюць снег — і да вёскі, і ў ёй самой. А гурбы ў нас — упоравень з платамі. Цэнтральную трасу чысцяць, а пад'езд да Навасадаў ад яе на 300 метраў, ды саму вуліцу працягласцю метраў на 500 чамусьці не могуць. Хоць дарогу да фермаў расчышчаюць. А мы што, не людзі? Малако ад насельніцтва не забіраюць ужо тыдзень. Учора не прыйшла аўтакрама. Мой сын-трэцякласнік тры дні як сядзіць дома. Людзі пенсію не атрымалі. Хто можа дабрацца да сельскага Савета, заходзіць, скардзіцца. Ды карысці? Адказваюць, што тэхнікі няма. Яе выдзяляе мясцовае СВК "Місевічы". Вёска наша невялікая, крыху больш за 30 дамоў, не ва ўсіх пастаянна жывуць, але што з таго? — прасіў дапамагчы Леанід Іосіфавіч. — Калі канец свету абяцаюць 21 снежня, дык у нас, можна сказаць, ён ужо надыходзіць.

"Сітуацыя з расчысткай вуліц узятая пад кантроль"

Вялікая або малая вёска — па вялікім рахунку, значэння не мае. Людзі маюць права разлічваць на дапамогу і павінны атрымліваць яе. Пажадана, як мага хутчэй. Але не трэба забывацца і пра аб'ектыўныя фактары. Тое, што былі моцныя працяглыя снегапады, што ў адзін момант расчысціць абсалютна ўсе дарогі і вуліцы папросту немагчыма. Нават у Мінску — з яго рэсурсамі — не ўсё зараз так гладка ў прамым сэнсе слоў. Ды што казаць, такая краіна з магутнай эканомікай, як ЗША, падчас надзвычайных прыродных з'яў таксама робіцца бездапаможнай. Гэта — не ў апраўданне сітуацыі, а дзеля яе разумення.

Пагаварыць па тэлефоне са старшынёй Місевіцкага сельскага Савета ў нас не атрымалася. Але работніца, што зняла трубку, пацвердзіла, што такіх снегападаў у іх даўно не памятаюць, снегу вельмі шмат. "Расчысцяць, абавязкова расчысцяць дарогу", — аптымістычна напрыканцы заключыла суразмоўца.

Галоўны інжынер СВК "Місевічы" Станіслаў Бундзелеў таксама пацвердзіў інфармацыю, што працы па расчысткі вельмі шмат: "Малако не можам забраць з 15-ці фермаў".

Намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама Уладзімір Азерскі ў тэлефоннай гутарцы сказаў, што цэнтральныя дарогі павінны расчышчацца сіламі ДРБУ. А ў таго — толькі 12 адзінак тэхнікі, яно не спраўляецца. У астатнім павінны дапамагаць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

— Літаральна сёння старшыня райвыканкама загадаў узяць расчыстку дарог пад асаблівы кантроль, гаспадаркі павінны дапамагаць у гэтай справе. Было таксама аддадзена распараджэнне, каб зрабілі праезды для аўтакрам, — сказаў Уладзімір Уладзіслававіч.

Напрыканцы размовы намеснік старшыні райвыканкама паабяцаў асобна ўзяць "на аловак" пытанне па вёсцы Навасады, зазначыўшы, што дарогу там расчысцяць. Мы зноў пагаварылі пра аб'ектыўныя фактары кшталту вялікіх снегападаў, і ў кантэксце гэтага суразмоўца заўважыў, што, на жаль, для некаторых службаў зіма, як той казаў, магчыма, зноў надышла раптоўна...

Р.S. Праз некалькі гадзін патэлефанаваў Віктар Генрыхавіч Верштуновіч з вёскі Зацішак Валожынскага раёна. Яго скарга мала чым адрознівалася ад слоў папярэдняга заяўніка: вуліцы не чысцяць не толькі ў іх населеным пункце, але і ў іншых побач. Усё гэта, па словах суразмоўцы, працягваецца з панядзелка. "Хлеба не вязуць"... Чытач між іншым заўважыў, што некалькі гадоў таму ў падобных жа ўмовах ужо звяртаўся ў "Звязду".

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Пришли всерьез и надолго

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика