Для здароўя малых і дарослых
У мінулую суботу беласнежны пейзаж Цэнтральнага дзіцячага парку імя М. Горкага ў Мінску стракацеў рознакаляровымі сцяжкамі, транспарантамі. Плошчу вакол навагодняй ёлкі запоўнілі гаманлівыя чародкі дзятвы з лыжамі, санкамі. Тут апоўдні пачалося спартыўнае свята сяброўства і здароўя.
Калі на алеях парку быў дадзены старт зімнім спаборніцтвам, пра гэты дзіцячы фэст нам распавёў намеснік главы адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Уладзімір Зубрык:
— Паглядзіце, колькі дзятвы са школ, інтэрнатаў, гімназій нашага раёна сабралося тут! Разам з настаўнікамі яны прыйшлі не толькі прыняць удзел у зімніх гульнях, але і паспаборнічаць за перамогу. Лыжныя гонкі, перацягванне каната, гонкі на санках, футбол на снезе нікому не дадуць замерзнуць. Неспрыяльным надвор'е аказалася толькі для тых, хто збіраўся ляпіць снегавікоў: не лепіцца снег у такі лёгкі марозец. Гэтае свята мы арганізавалі згодна з праграмай шостага школьнага дня. Няхай вольны ад заняткаў час прыбавіць кожнаму здароўя, паспрыяе сяброўству. Дарэчы, папулярызацыя спорту — гэта зусім не разавае мерапрыемства. Напрыклад, учора ў некаторых школах раёна адбыліся сустрэчы з нашымі алімпійскімі чэмпіёнамі. Сёння, акрамя зімовага свята ў парку, юныя аматары спартыўных гульняў могуць наведаць школьныя спартзалы.
Трэба дадаць, што 15 снежня дадало здароўя не толькі дзецям, але і некаторым дарослым: гэты дзень абвешчаны днём без алкаголю. Многія магазіны рознічнага гандлю прыпынілі продаж алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва. Гэта адбылося ў межах рэспубліканскай акцыі "Прафілактыка і ты", мэта якой — прапагандаваць здаровы лад жыцця.
Яўген Пясецкі, фота аўтара.
На здымках — фрагменты свята ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага.
Зборная мінскай школы № 183 выдатна выступіла ў намінацыі "Маляванне на снезе".
Свята адкрывае намеснік главы адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Уладзімір Зубрык.
Лыжныя гонкі на алеях парку.
Весела імчаліся з горак малыя і дарослыя.