Каб не спазніўся Дзед Мароз,або Як робяць святочныя падарункі
Новы год і калядныя святы — час падарункаў, сюрпрызаў, вясёлых застолляў. Такія дні называюць яшчэ і "святам страўніка", а для многіх людзей ці не галоўным "інгрэдыентам" з'яўляецца салодкае. Як ідзе падрыхтоўка навагодніх падарункаў на кандытарскіх фабрыках, што новага прапануюць у фірменных крамах і хто рыхтуе пакункі? Каб даведацца пра ўсё гэта, мы накіраваліся на фабрыку "Камунарка".
Калі пачынаецца Новы год?
Для звычайных людзей падрыхтоўка да калядных свят пачынаецца яшчэ бліжэй да снежня. На прадпрыемствах, ад якіх залежыць прыўзняты настрой (бо якія Каляды, Новы год без падарункаў), у гэты час наступае апошні, далёка не падрыхтовачны этап.
— Прыгатаванні да наступнага "каляднага сезона" на кандытарскай фабрыцы пачынаюцца ўжо ў студзені, калі аналізуюцца поспехі і памылкі мінулай навагодняй кампаніі, — рас- казвае намеснік генеральнага дырэктара па прамысловасці Таццяна Сайганава. — Паралельна працуем над дызайнам будучай упакоўкі.
Увогуле, "святочны" каляндар "салодкага" прадпрыемства выглядае так. Да чэрвеня распрацоўваюцца макеты навагодніх пакункаў (іх тут яшчэ называюць "бауламі"). У канцы ліпеня падрыхтаваны этыкеткі. У наступным месяцы — яны ўжо на складзе "Камунаркі". У верасні разлічваецца колькасць дадатковых рабочых, якіх фабрыка традыцыйна наймае кожны год, каб паспець своечасова падрыхтаваць падарункі. Нарэшце, з верасня і да самага Новага года працягваецца вытворчасць калядных падарункаў-"баулаў".
Часовыя, але пастаянныя
На фабрыцы працуе каля 1,6 тысячы чалавек, але кожны верасень набіраецца яшчэ 300 рабочых, каб "не спазніцца" з падарункамі да навагодніх свят. З верасня аб'ём вытворчасці павялічваецца ў паўтара раза, уво-дзяцца дадатковыя змены і зменныя графікі працы. Калі б не гэтыя дадатковыя меры, Дзеда Мароза прыходзілася б чакаць бліжэй да лютага. Таму праца часовых рабочых на фабрыцы — асаблівая.

— Як правіла, многія з такіх рабочых — людзі, якія ўжо не першы год працуюць у нас перад Новым годам, — адзначае намеснік генеральнага дырэктара. — Гэта альбо нашы "пенсіянеры", або людзі, для якіх падпрацоўка на нашай фабрыцы ўжо стала звыклай справай. Вось і называем мы іх "пастаяннымі часовымі" рабочымі. Фарміруюцца нават сапраўдныя працоўныя калектывы!
Такі цэх з часовымі рабочымі працуе ў дзве змены, па 150 чалавек у кожнай. Штогадовы план на фабрыцы — ажно мільён падарункаў, таму працы хапае. Якраз перад нашым прыходам было сфарміравана 800 тысяч падарункаў. Як правіла, асноўная прадукцыя рэалізуецца з 15 па 25 снежня, калі праходзяць імпрэзы ў дзіцячых садках і школах.
У цэху "падарункаў" працуюць тры канвееры. Па самім канвееры "паўзуць" каробкі, куды кожная жанчына кідае па некалькі цукерак пэўнага гатунку (каля кожнай у каробцы — асобны гатунак цукерак або шакаладак). У канцы канвеера пакунак узважваюць, маркіруюць — вось вам і "падарунак".
Таццяна Рыбак падпрацоўвае на "Камунарцы" ўпершыню:
— Даведалася па аб'яве, вырашыла падзарабіць. Праца нескладаная, галоўнае — гэта жаданне. Пакуль што я яшчэ не на пенсіі, асноўнае месца працы — на "Белтэхаглядзе". Затое тут, на "Камунарцы", адчуваю гонар: мы гэта робім для ўсёй краіны, нават і за мяжу "едуць" нашы падарункі. Гэта для нашых дзяцей, унукаў...
На любы густ і вагу
Па асартыменце "падарунак" можна падабраць ад 300 грамаў да 2,5 кілаграма ў пакунку. Як удакладніла Таццяна Сайганава, "Камунарка" можа фарміраваць і індывідуальныя заказы, калі прадпрыемства замаўляе дастаткова вялікую колькасць падарункаў адразу. У адным "бауле" можна знайсці да 30 відаў ласункаў.
Як правіла, усе цукеркі, што кладуцца ў "баул", падзяляюцца на два гатункі: першы — гэта цукеркі, якія ўжо даўно ўсе палюбілі, якія вырабляюць ужо не адзін дзясятак гадоў; другі — новыя, нядаўна распрацаваныя разнавіднасці цукерак (як правіла, па спецыяльнай сістэме менеджменту кожны год уводзіцца да 30 новых відаў).
Калядныя падарункі — гэта адмысловы спосаб для прадпрыемства праверыць, наколькі новая прадукцыя адпавядае густам пакупнікоў. Калі новыя цукеркі спадабаліся — на іх узрастае попыт у крамах, не — трэба нешта перапрацоўваць.
Дарэчы, цана на навагодні "баульчык" вагаецца ад 30 да 150 тысяч (у фірменных крамах купіць можна танней). Цікава, што падарунак можна набыць не толькі ў традыцыйнай "каробцы", але і ў выглядзе мяккай цацкі — змяі ці снегавіка. А ўнутры такога падарунка будуць цукеркі.
Дзе на фабрыцы шакаладны рай?
Усяго на "Камунарцы" шэсць вытворчых цэхаў. Вызначыць, дзе знаходзішся, можна нават з заплюшчанымі вачыма: салодкі казытлівы пах — карамель, пах яблыкаў — суфле, шакалад — шакаладныя цукеркі! Для тых, хто глядзеў фільм "Чарлі і шакаладная фабрыка", цэх № 3 "Камунаркі" пакажа наяве, хоць і не высокія, шакаладныя вадападзікі, цэлыя стосы цукерак самых розных гатункаў: з цукатамі, арэхамі, вафляй; канвееры з яшчэ гарачымі шакаладнымі прысмакамі...
Тут жа некаторыя віды цукерак размалёўваюць уручную. Алена Фёдарава, вядучы спецыяліст аддзела маркетынгу, а сёння яшчэ і экскурсавод па "царстве" цукерак і "падарункаў", між іншым, заўважыла, што такая праца не кожнаму па сілах.
— Сапраўды, гэта дастаткова складана, — пацвярджае ўсмешлівая прыгажуня Наталля, па адукацыі пекар-кандытар. — Кожны від цукерак мае свой малюнак. Я працую на "Камунарцы" 11 гадоў, і, нягледзячы на кандытарскую адукацыю, асноўныя навыкі атрымала тут, на фабрыцы.
...Насычаная экскурсія паказала, колькі этапаў праходзяць навагоднія падарункі перад тым, як аказацца пад ёлкай. Засталося толькі зайсці ў фірменную краму. Колькасць ахвотных запасціся салодкай прадукцыяй "Камунаркі" сапраўды немалая: людзі купляюць цукеркі як на вагу, так і непасрэдна падарункі. Дарэчы, падарункі-цацкі раскупліваюцца адразу — відаць, і змяя, і снегавік прыйшліся даспадобы.
Надзея Юшкевіч.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ