Новы Свержань: ці паедуць да нас турысты?
Чарговы раз пабываў я ў сваім родным мястэчку Новы Свержань (Стаўбцоўскі р-н). Пахадзіў, паўзіраўся, пабачыў рэдкіх ужо землякоў майго пакалення. І падумалася... Бягуць гады. Імкліва развіваецца цывілізацыя ХХІ стагоддзя з яе тэхнагеннымі працэсамі, масавай урбанізацыяй жыцця і непазбежнымі зменамі ў знешнім абліччы населеных пунктаў. Нашы ж мястэчкі, што фарміраваліся на сумежжы асаблівасцяў горада і вёскі, утварылі вельмі адметны, досыць кансерватыўны тып паселішча і захавалі шмат ад мінулага. Прынамсі, у маім Свержні подых гэтага мінулага чуецца ў жывой прысутнасці блізкага Нёмана, планіроўцы вуліц і вулачак, вобліку нешматлікіх даўніх камяніц, у тым ліку і старога млына, які нарэшце аднаўляецца, маленькіх мосцікаў цераз Жацераўку і, вядома ж, храмаў. Успенская царква і Петрапаўлаўскі касцёл у Новым Свержні — хрысціянскія святыні ХVІ стагоддзя, і калі нават толькі глядзіш на іх — далучаешся да вечнасці, лагаднееш душою. Новасвяржане ганарацца сваімі старажытнымі помнікамі хрысціянскай культуры. Але ж даўніну трэба берагчы. І тут даводзіцца мяняць тон нашай размовы.
Справа ў тым, што царква ў мястэчку сёння нявечыцца, бо перарабляецца на сучасны лад. Кладзецца новая падлога з гранітных пліт, з граніту робяцца панелі, якіх увогуле ў храме не існавала. Над уваходам з'явіўся недарэчны тут брыль-навес. "Як! — уразіцца дасведчаны чытач, — такога быць не можа!". Каб у царкве ХVІ стагоддзя афармленне падганялася пад стыль казённага кабінета ці прэтэнцыёзнай кавярні? Ёсць жа закон аб ахове помнікаў гісторыі і культуры, які забараняе мяняць хоць бы ў дробязях стан старажытнага будынка, што знаходзіцца пад аховай дзяржавы. І ў такім храме павінен праводзіцца не рамонт, а рэстаўрацыя. Што яшчэ цікава: у Міністэрстве культуры ведаюць пра псеўдарэгістрацыю, распачатую новасвержанскім святаром, ведаюць і ў праваслаўным экзархаце ў Мінску. Аднак ні ўшчуванні, ні афіцыйныя патрабаванні, ні штрафы не спыняюць разбуральніка старажытнай царквы. Яе яшчэ не позна выратаваць, калі ў справу ўмяшаюцца раённыя ўлады, у тым ліку пракуратура з яе строгім наглядам за выкананнем закона.
Дык ці паедуць да нас турысты глядзець знявечаную царкву? А турызм сёння дае добры даход, які б няблага папаўняў і мясцовы бюджэт. Між тым царква ў Новым Свержні не дагледжана і звонку. На цвінтары чамусьці высечаны дрэвы (зрэшты, тое ж зроблена і вакол касцёла). Стагадовыя ясені, пад якімі адпачывалі ў летнюю спёку на лавачках немаладыя жанчыны, маглі прастаяць яшчэ сто, а то і болей гадоў. Цяпер засталіся тоўстыя пні, і нічога побач з імі не пасаджана. Вялізная куча будаўнічага смецця там жа, на цвінтары, была парасла ўжо кустоўем. Смецце трэба было б вывезці, ды не знайшлі нічога лепшага, як яго разраўнаваць, у выніку чаго паверхня цвінтара паднялася з аднаго боку да вышыні паркана, што акружае храм. Даўнія пахаванні на цвінтары даўно запушчаны настолькі, што з'яўляюцца прыкладам найгоршага нядбальства ў абыходжанні з хрысціянскімі магіламі. І гэта таксама — на агляд турыстам?
Захаваць Успенскую царкву ў Новым Свержні такой, якой яна была на працягу стагоддзяў, вядома, нялёгка, але менавіта ў гэтым напрамку павінны быць скіраваны намаганні ўсіх зацікаўленых людзей. У прыватнасці, трэба шукаць і вяртаць на месца найвялікшую рэліквію храма — цудатворны абраз Маці Божай. Тады адбою ад паломнікаў не будзе. Гісторыя абраза, які выратоўваў у розны час ад калецтва і хвароб дзесяткі людзей з мястэчка і яго ваколіц, уражвае таямнічай усемагутнасцю яго свяшчэннага дзеяння, паслядоўнасцю ў дапамозе слабым. Абраз быў вывезены з царквы разам з іншай літургічнай маёмасцю ў 1962 годзе, калі ўлады ў адпаведнасці са сваёй атэістычнай палітыкай зачынялі царкву, як меркавалася, назаўсёды. Неўзабаве быў запушчаны ў масавую свядомасць міф аб тым, што цудатворнага абраза ўжо няма, што ён разбіўся ("рассыпаўся") пры пагрузцы на машыну. Міф гэты ў наш ужо час замацаваны ў Стаўбцоўскай хроніцы "Памяць", дзе, між іншым, згадваецца нават мясцовая псаломшчыца, якой, быццам бы, дасталіся ад таго абраза металічныя шаты ХVІІІ ст. (с. 755). Якія шаты, чаму яны з'явіліся на іконе ў ХVІІІ ст.? Іх жа ўвогуле не было (я добра памятаю абраз з дзяцінства). Гэтыя дэталі пра ўладальніцу шатаў спатрэбіліся, напэўна, каб паставіць кропку ў лёсе свяшчэннай рэліквіі з новасвержанскай царквы. Некаторыя з царкоўных рэчаў вернуты. Няма толькі галоўнай рэліквіі, якая, паводле афіцыйнай версіі, "рассыпалася". Куды яе маглі вывезці ў савецкі час? Вядома, у Маскву, дзе беларуская святыня, трэба думаць, надзейна зберагаецца ў адным з музейных сховішчаў. Таму трэба шукаць. Прынамсі, ставіць пытанне перад Патрыяршым Экзархам Беларусі Мітрапалітам Філарэтам аб вяртанні новасвержанскага цудатворнага абраза Маці Божай у царкву, з якой звязаны яго лёс з самага пачатку яго гісторыі.
Засмучае таксама, што ў самым старажытным у раёне паселішчы, якое адзначыла сваю 580-гадовую дату, няма да гэтага часу хаця б нейкага банальнага памятнага знака. На яго не спатрэбяцца вялікія сродкі. А тут змаглі бы прыпыняцца экскурсіі, слухаць аповед пра гісторыю мястэчка, яго вуліц. Большасць з іх старажытныя, а вось назвы... Амаль усе яны абазначаюць сёння нейкі геаграфічны напрамак. Толькі дзве назвы ў апошні час увасаблялі гістарычныя рэаліі паселішча — Румовая і Юрздыка. Але назву Юрздыкі дзесьці ў 80-я гады бяздумна памянялі на Наднёманскую, знішчыўшы такім чынам глыбокі след тутэйшай мінуўшчыны. Юрысдыкі — прыватнаўласніцкія пасяленні, якія не падпарадкоўваліся гаспадару мястэчка, юрыдычна ад яго не залежалі, мелі свайго кіраўніка, нават уласны суд. І як шмат таямніц з мясцовай даўніны скрывае адна гэта незвычайная назва вуліцы! Чаму не вярнуць яе назад?
Маё мястэчка патрабуе азелянення. Вуліцы скрозь голыя. Да вайны яны патаналі ў суцэльнай засені клёнаў, каштанаў, ясеняў, ліп. Было прыгожа і ўтульна. Каб пасадзіць новыя дрэўцы, амаль не трэба грошай. Толькі накапаць у лесе і прывезці. Людзі самі пасадзяць, кожны перад сваёй хатай. Яшчэ ў Новы Свержань просіцца музей. Пачаткі яго ёсць. Пра збор экспанатаў магла б парупіцца школа. Вучні знайшлі б на гарышчах старых хат мноства музейных рэчаў. А нашы землякі ў розных гарадах, напэўна б, адгукнуліся і прыслалі здымкі, дакументы, памяткі дзяцінства і многае іншае. Трэба толькі крыху паварушыцца.
То ці прыедуць да нас людзі з далёкіх і блізкіх дарог, каб паглядзець, як жывём, павучыцца? Пэўна, што так. Калі будзем шанаваць бацькоўскі кут, рабіць карыснае для яго. Найперш — для аднаўлення памяці пра сваіх продкаў, пра іх добрыя справы.
Аляксей ПЯТКЕВІЧ, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
"Звязда" вырашыла даведацца, па якіх правілах адбываецца рэстаўрацыя архітэктурных помнікаў, што маюць культавае значэнне, і звярнулася да протаіерэя Сергія Лепіна, якія з'яўляецца прэс-сакратаром Мінскай епархіі. Ён адзначыў, што для старажытнай царквы, як і для любога іншага помніка архітэктуры, маюцца адпаведныя правілы рэстаўрацыі. Імі забараняецца мяняць першапачатковы выгляд будынка. Работы, якія праводзяцца на месцы, павінны ўзгадняцца з прадстаўнікамі Міністэрства культуры або з адпаведнымі аддзеламі ў мясцовых райвыканкамах. У некаторых выпадках настаяцелю даводзіцца ўзгадняць праект рэстаўрацыі з благачынным, з сакратаром епархіі.
"Аднак царква, — адзначае а. Сергій, — гэта не проста архітэктурны аб'ект: яна знаходзіцца ў пастаянным ужытку. Таму першаснай задачай з'яўляецца падтрыманне яе функцыянальнага стану, каб яна заставалася бяспечнай для прыхаджан, прыдатнай для наведвання". Протаіерэй Сергій мяркуе, што ўзровень рэстаўрацыі ў адным канкрэтным выпадку адпавядае ўзроўню рэстаўрацыі ў краіне ў цэлым. Калі паглядзець на іншыя аб'екты, то гэта, на яго думку, суцэльны навадзел. Таму нельга большага патрабаваць ад вясковага бацюшкі.
Святар адзначыў, што знайсці такую ж драўніну, з якой некалі будавалі храмы, вельмі цяжка, таму эксплуатацыя і рэстаўрацыя старажытных драўляных цэркваў — сёння гэта сапраўды вялікая праблема.