АЛЁ, Народ на провадзе
"Хороша была Танюша, краше не было в селе". Ці не пра нашу Таццяну гэтак спяваецца? Бо мала таго, што яна прыгожай была, дык яшчэ і вострай на язык, вясёлай...
Хлопцы, карацей, касякамі за ёй хадзілі. А яна ўсё выбраць ніяк не магла, жартачкі строіла: сёння вечар з адным прастаіць, заўтра — з другім, потым з трэцім. Глядзіш — у нейкай з сябровак кавалера звяла, адносіны сапсавала, а потым яшчэ і пасмяялася: што сілком, маўляў, нікога не цягнула, што хобі ў яе такое — з хлопцаў вяроўкі віць.
Тыя цярпелі (кожны паасобку, а ў выніку — усе разам), на нешта спадзяваліся, але ж да часу: пакуль не пачулі пра тыя вяроўкі... А тады, відаць, крыўдна стала: змовіліся, што правучаць насмешніцу.
...Танцы ў той вечар скончыліся позна. Праважаты ў Таццяны, вядома ж, быў. І, як заўсёды, новы. Вось ідуць яны сабе па вуліцы, размаўляюць. А кампанія хлопцаў, назіркам, за імі следам. Бачаць — спынілася парачка ля Таццянінай брамкі, развітваюцца.... Яны тут як тут: выскачылі, як той чорт з табакеркі, абступілі з усіх бакоў. Дзеўка азірнуцца не паспела, а ўжо... прывязаная — да слупка, вяроўкамі. Стала вырывацца, стала тузацца з усіх сіл, бо хацела ж неяк вызваліцца. Ды дзе там!
І крычаць — клікаць на дапамогу — няёмка.
Так і стаяла, бедная, спадзявалася, што нехта з сямейнікаў на вуліцу выйдзе. Не...
А тым часам ужо і світаць пачало, пеўні ў вёсцы заспявалі. "Хай бы ж мама першай выйшла карову даіць!" — моліцца дзеўка.
Але і тут не пашчасціла. Суседкі дайніцамі забразгаталі, згледзелі небараку, завойкалі, загаманілі, кінуліся развязваць! На шум і матуля яе прыбегла. Закрычала: "Ды хто ж цябе так? Ды за што ж гэта?!".
Што тут адказваць?
Дзяўчына ледзь не згарэла ад крыўды, слёзы рэчкай ліліся...
Пасля гэтага здарэння ў клуб (ды што там — нават у краму!) яна больш ні нагой: сорамна было. Таму неўзабаве бацькі ў горад яе адправілі, да цёткі.
Як яна там жыве, як з хлопцамі сябе паводзіць, не ведае ніхто. Але ж высновы, можа, зрабіла?
Дзіна Дубадзелава,
в. Леніна, Добрушскі раён.
Не дубчыкам, дык бізунчыкам...Дырэктар аднаго з маскоўскіх тэатраў расказваў некалі, як шафёра на працу наймаў. Казаў усім "кандыдатам", што зарплата добрая, што працы будзе няшмат — два-тры выезды за дзень. А людзі чамусь адмаўляліся.
Адзін прычыну агучыў: пахадзіў па калідорах тэатра, уважліва ўсё агледзеў, абмацаў і выдаў: "Я ў вас таксама працаваць не буду". "Гэта чаму ж?" — папытаўся кіраўнік. "А ў вас красці няма чаго".
Была (ды, відаць, і засталася?) такая катэгорыя работнікаў, якія жывыя не будуць, каб з працы нечага не вынесці! І выносяць! Даяркі — літр-другі малака, слесары — некалькі балтоў у кішэнях...
Знаёмы афарміцель з Дома культуры кавалак чырвонай тканіны некалі скраў (потым не было на чым лозунгі пісаць). Адзін рабацяга, баялі, да прахадной завода штодзень з тачкай пад'язджаў. Ахова паглядзіць, што яна пустая, ды і прапусціць... Толькі потым яго міліцыя неяк злавіла: ён на базары самі тачкі прадаваў...
Дык вось, у тыя ж часы мой сябар, скончыўшы інстытут, уладкаваўся на будоўлю — прарабам. Хлопец ён быў з галавой, з рукамі, неўзабаве вопыт займеў, але ж па службовай лесвіцы ніяк не падымаўся... "І не паднімешся, ніколі, бо не маеш ты патрэбнай кніжачкі, — папярэджваў яго сакратар партыйнай арганізацыі. — У члены КПСС табе трэба ўступаць"...
Сябрук і сам гэта ведаў. Таму праз колькі там часу хоць-нехаць напісаў заяву, сабраў рэкамендацыі, пачытаў статут...
І вось пасяджэнне парткама, прыём.
Ні дзелавыя, ні маральныя якасці кандыдата сумненняў не выклікаюць. Таму хутчэй для формы начальнік ПМК цікавіцца:
— А як ты сам лічыш — варты быць у першых радах будаўнікоў камунізму?
Сябра мой збянтэжыўся, пачухаў патыліцу і (камуністы ж не хлусяць, нельга) шчыра прызнаў:
— Мабыць, не.
Члены парткама пераглянуліся, яшчэ больш паважаць хлопца сталі: "Бач, які сціплы!".
— А чаму так думаеш? — працягнуў дыялог начальнік, відаць, чакаючы ад "сціплага" нейкіх высокіх слоў.
— Ды на руку не чысты, — сумленна, як на споведзі, прызнаўся хлопец. — Калі бачу, што нешта недзе дрэнна ляжыць — абавязкова скраду, прысабечу...
У кабінеце павісла цяжкая паўза, пасля якой сакратар парткама прызнаў:
— Не дарос, значыць, хлопец, рана табе. Прыйдзецца пачакаць.
Прыём такім чынам адклалі. І надоўга: не стаў мой сябар камуністам. Адпаведна — не зрабіў кар'еры.
Але ж дачы пабудаваў — і сабе, і цешчы.
Валерый Гаўрыш,
г. Чавусы.
Адной болей...Дзед Мікола жыў у канцы вёскі ў старэнькай, як сам, хатцы. Працаваць ужо не мог — не тое што ў калгасе, нават на падворку. Днямі з самаробнай вудачкай сядзеў на беразе рэчкі, смаліў самакруткі, а вечарамі — крышыў для іх самасад. Што цікава — сякерай. Ён яе з фінскага фронту прынёс... У маладосці не адзін будынак у акрузе зрубіў. Ёмкая была, вострая — хоць ты ёю галіся! Шанаваў яе дзед, даглядаў, нікому не даваў. А тым болей — жонцы.
Яна за яго маладзейшай была — гадоў на пятнаццаць. Гаспадарыла ў хаце, на падворку жыўнасць трымала. Як і ўсе. Хіба, у адрозненне ад іншых кабет, гарбузоў гіблоту садзіла. Столькі, што хапала потым і суседзям, і свінням, і сабе: смажылі з калінай, гарбузянку з дзедам варылі, а доўгімі зімовымі вечарамі, вядома ж, гарбузікі лузалі...
Дык вось якраз паўз той бабулін гарод мы, басаногія хлопцы, пастаянна да рэчкі бегалі. І, вядома ж, бачылі, як тыя гарбузы садзяцца, як паліваюцца, як падрастаюць. А там, глядзіш, і ўбіраць надыходзіць пара.
У той год бабка Наста амаль усе на падворак перацягала — на градцы толькі адзін пакінула. Але ж самы вялікі. Жоўты ён быў, круглы... Як магніт да сябе цягнуў. Ну і не вытрымалі мы — вырашылі нашкодзіць. Ноччу пры месячным святле падкраліся, перавярнулі яго, выразалі "акенца", выбралі гарбузікі. А каб гаспадыня нічога не заўважыла, насыпалі туды каменьчыкаў і заткнулі дзірку. Усё шыта-крыта, як той казаў, усё, як было. Гаспадыня нічога не заўважыла.
Але ж час нарэшце настаў: бабуля падкаціла насеннік да хаты. Адсопшыся крыху, пахвалілася свайму старому (ён на ганку сядзеў, смаліў самасад), што вось такога вялікага, а галоўнае, цяжкага гарбуза ў яе ніколі яшчэ не было!...
Матнулася ў хату, схапіла там дзедаву ўлюбёную сякерку.
— Пакладзі назад! — аж падскочыў гаспадар, убачыўшы. — Не хапала мне лязо загубіць...
— Чым? Гарбузом? Ты зусім ужо з глузду з'ехаў! — зрабіла выснову бабка, узняла над галавой сякеру і як гахне.
Іскры з гарбуза ва ўсе бакі! І... каменьчыкі следам.
У бабы ад неспадзяванкі такой, ад дзіва аж вочы на лоб! І рот сам сабою адкрыўся, а назад не закрываецца.
Карацей, карціна яшчэ тая, мусіць, была, бо дзед аж пакаціўся ад рогату:
— Я ж папярэджваў цябе! Загубіш лязо.
— Дык гэта твая работа?! — шпурнуўшы сякеру пад ганак, "здагадалася" баба. — Да гэткага больш ніхто не дадумаўся б! Корч ты стары!..
Вось так наша дзіцячае свавольства чарговай правінай лягло на плечы дзеда.
Зрэшты, адной больш, адной менш. Як пісаў некалі класік: "У сильного всегда бессильный виноват", а ў маладой жонкі — стары мужык.
М.П. Багданаў,
в. Новы Двор, Мёрскі раён.
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.