Школьнік з Талачына адкрыў уласны бізнэс
05.12.2012 08:27
—
Новости Общества
Школьнік з Талачына адкрыў уласны бізнэс
Бацькам Вовы Андрыенкі, безумоўна, пашанцавала: яны могуць не даваць яму грошы на кішэнныя раcходы. Іх сын з 14 гадоў зарабляе сабе сам.
Спачатку ён займаўся сеткавым маркетынгам, распаўсюджваў касметыку вядомай фірмы. Але праз паўтара года юнак вырашыў перайсці на больш сур’ёзны ўзровень. Разам з маскоўскім прадпрымальнікам ён пачаў праводзіць трэнінгі па інвестыцыях, фінансах, па прыцягненні кліентаў, дапамагаў падняць продажы у малым і сярэднім бізнэсе.
- У мяне было пяць кліентаў, - распавядае малады прадпрымальнік, - чатыры з Расіі і адзін з Беларусі. Я жыву ў Талачыне, і таму ўсе перамовы праходзілі праз электронную пошту і скайп, але гэта не перашкаджала працы і ніяк не адлюстравалася на выніках. Мы выконвалі свае абяцанні: павялічвалі даходы і кліенцкія базы. Спачатку кліенты неадназначна рэагавалі на мой узрост (мне было 15 гадоў на той момант), але паступова сталі ўспрымаць сур’ёзна.
Зараз Уладзімір распачаў праект па вырабе паштовак. Ён даўно займаецца посткросінгам (сусветны рух па абмене паштоўкамі). Па яго словах, ідэя самім вырабляць паштоўкі прыйшла да яго калі ён набываў паштоўкі ў “Белпошце”.
- Я проста зразумеў, што ў нашага галоўнага паштовага аператара невялікі выбар. Я і два маіх сябра, якія таксама займаюцца посткросінгам, Віка Жлобіч і Ілля Конюшка, знайшлі карцінкі ў інтэрнэце, раздрукавалі іх у тыпаграфіі і запусцілі ў продаж. Але нашых уласных сродкаў не хапала для развіцця бізнэсу і таму ў маі 2012 года на Minsk Invest Weekend я расказаў аб нашым праекце Postcard of Dream. Ім зацікавіліся і ўклалі ў нас грошы, – дзеліцца Вова.
Гэта быў рызыкоўны крок. Па-першае, посткросінг – не вельмі распаўсюджанае ў Беларусі захапленне. Па-другое, людзі яшчэ баяцца заказваць праз інтэрнэт. Ну а па-трэцяе, існавала шмат тэхнічных праблем: неабходна было знайсці добрую тыпаграфію, дызайнераў, мастакоў.
Але ўсе праблемы былі вырашаныя, і зараз Postcard of Dream - адна з самых буйных у Беларусі кампаній па вырабе паштовак. Вова, Віка і Ілля вышлі на новы ўзровень: кіраўнікі Postcard of Dream арганізуюць майстар-класы па вырабе паштовак, яны ініцыятары святкавання народзін посткросінгу 14 ліпеня. У планах запуск гукавых паштовак і інтэрнэт-крамы.
Адкуль у кіраўніка праекту хапае энергіі на падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ і паспяховае вядзенне бізнэсу?
- Я і сам не ведаю, як я ўсё паспяваю! – смяецца Вова. – Тут шмат чаго залежыць ад планавання часу, але, шчыра кажучы, я вельмі шмат лянуюся. Каб не гэта, то вынікаў было б значна больш. Можа, яшчэ справа ў тым, што бацькі вельмі спакойна ставяцца да маіх бізнэс-спраў і не сварацца, калі я не схадзіў у краму, бо разбіраўся з тыпаграфіяй.
Пакуль што з бізнэсу няма вялікіх дывідэндаў, усё заробленае аддаецца інвестару. Але са сваёй кансалтынгавай дзейнасці Вова набыў ноутбук, тэлефон, фотаапарат і iPad.
Як прадпрымальніку-пачаткоўцу зацікавіць інвестараў? На гэта Уладзімір не дае дакладнага адказу.
- Тут гаворка ідзе пра комплекс якасцей. Па-першае, упэўненасць у сабе гатоўнасць вучыцца. самаразвівацца. Па-другое, вы павінны быць развітымі як асоба. Па-трэцяе, важную ролю адыгрывае перспектыўнасць вашага праекту. Ну і апошняе, вы павінны верыць у свой поспех, без гэтага нічога не будзе. Але не трэба сядзець і чакаць, пакуль ваша ідэя ажыццявіцца, неабходна дзейнічаць. Толькі так можна дасягнуць поспеху.