Куточак рэлаксацыі з’явіўся ў Вілейцы
У наш час усё часцей на базе многіх устаноў з’яўляюцца куткі і пакоі для рэлаксацыі і адпачынку.
Яны ствараюцца для таго, каб дапамагчы людзям простым, але эфектыўным спосабам зняць эмацыйнае напружанне, бо сучаснае жыццё з яго хуткім тэмпам падзей, стрэсы не лепшым чынам адбіваюцца на здароўі.
З нядаўняга часу магчымасць упэўніцца ў эфектыўнасці кутка рэлаксацыі з’явілася ў выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Як паведаміла загадчыца аддзялення Святлана Паўлава, куток для рэлаксацыі ствараўся з улікам усіх патрабаванняў і рэкамендацый. Пры падтрымцы раённага Дзіцячага фонду было набытае неабходнае абсталяванне.
Адначасова пяць выхаванцаў аддзялення маюць магчымасць адпачыць у куточку рэлаксацыі. Спакойныя колеры, мяккая зручная мэбля, прыемныя ціхія гукі, няяркае святло “зорнага неба”, лёгкі пах аромалямпы…
Сеансы доўжацца 15-20 хвілін і дапамагаюць выхаванцам аддзялення не толькі зняць эмацыйнае напружанне, але і палепшыць настрой. А яшчэ, як паказала практыка, куток таксама эфектыўна выкарыстоўваць для правядзення індывідуальных гутарак, карэкцыйных заняткаў.
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота yandex.by