Шпацыр па Камароўцы
Пераднавагоднія запасы: зніжкі на ікру і нятанны "Цешчын пачастунак"
На навагодні стол, які прыйдзецца рыхтаваць кожнай гаспадыні праз колькі тыдняў, паставіць сёння ёсць магчымасць усё, на што хопіць грошай і фантазіі. Журналісты "Звязды" пацікавіліся, колькі зараз каштуюць "галоўныя героі" навагодняга стала на сталічным Камароўскім рынку, каб пасля параўнаць,як зменяцца цэны бліжэй да зімовых свят.
Тыя, каму "адпачыць" тварам у салаце аліўе альбо закусіць чарку халодненькай гарэлкі бутэрбродам з чырвонай ікрой не дазваляе здароўе ці яшчэ што-небудзь, найперш шукаюць на стале ў Новы год... Мандарыны! Пра твар у салаце і ўсё астатняе — гэта жарт, зразумела. А вось наконт мандарынаў можна цэлую сур'ёзную коштавую філасофію разгарнуць.
Прапаноўваюць, традыцыйна, іспанскія і мараканскія (тыя, на якіх многім дзецям важна было знайсці чорненькую налепку з надпісам "Mаrос").
— А якія смачнейшыя? — цікаўлюся.
— Мараканскія звычайна саладзейшыя. Падабаюцца многім. Але тыя, што з Іспаніі, звычайна большыя. А некаторыя пакупнікі кажуць, што і чысцяцца лепш, бо скурка танчэйшая, — адказвае мне прадавец і знаёміць з цэнамі:
— Ёсць па 15 тысяч, ёсць па 18.
У супрацьлеглым куце рынку ўдалося пабачыць мандарыны і па 14 тысяч рублёў (праўда, маленькія, некаторыя — з зеленаватымі бакамі), і па 20 тысяч (прыгожыя, нават з галінкамі і лісткамі). Найбольш дарагія каштавалі 25 тысяч рублёў. У прынцыпе, аранжавыя навагоднія фрукты на Камароўцы прадаюцца якраз у гэтай цэнавой катэгорыі — ад 14 да 25 тысяч рублёў.
"Якая гадасць гэтая ваша заліўная рыба..." Фраза з вядомага фільма закруцілася ў галаве адразу, як толькі пачала прыцэньвацца да марскіх, рачных і азёрных жыхароў, без якіх навагодні стол таксама не ўяўляецца. І не таму, што рыба — "гадасць", а таму, што фільм таксама навявае навагодні настрой. Карацей, за кіло "элітнага" карпа прадаўцы просяць 33 тысячы рублёў, у той жа час як "карп буйны" (без намёку на элітнасць, праўда, рыбіны крыху меншыя) каштуе на 4 тысячы танней. Хочаце набыць амура, рыхтуйце 28-29 тысяч рублёў, а кілаграм талсталобіка каштуе 24 тысячы.
Купіць селядзец для "шубы" можна значна танней, чым удалося знайсці на Камароўцы, але ж Новы год як-ніяк, і кожны ведае, што для салаты гэтай селядзец патрэбны не ў выглядзе філе з упакоўкі, а сапраўдны, з якога здымаюць скуру і дастаюць косці. Гэта ўжо як перадсвяточны рытуал. Дык вось, акурат такі, тоўсты, тлусты, з галавой і хвастом, каштуе на Камароўцы 32.200 рублёў за кілаграм.
Найважнейшы інгрэдыент яшчэ для адной салаты, зялёны кансерваваны гарошак — ад 5,9 да 8 з лішкам тысяч рублёў. Можна не абмяжоўваць сябе ў колькасці і купіць адразу вялікую бляшанку за 15 тысяч рублёў, у якой змяшчаецца ажно 800 грамаў.
Слабасалёная сёмга для бутэрбродаў абыдзецца ў 250—270 тысяч рублёў за кіло. За невялікія кавалкі па 200-300 грамаў (такія набываюць найбольш часта) просяць ад 50 тысяч. Чырвоная рыбка ў вакуумнай упакоўцы таннейшая на 5—10 тысяч рублёў.
Далей накіроўваемся да мяса. Тут прадаўцы гатовы зрабіць зніжку. У сярэднім, за кілаграм свіной паляндвіцы просяць каля 70 тысяч рублёў. Дзесьці прапаноўвалі такое ж мяса па 68 тысяч, а дзесьці цэны даходзілі і да 80 тысяч рублёў. Эх, смажаніна, катлетка ці адбіўная з бульбяным пюрэ — акурат тое, чым патрэбна добра накарміць гасцей у пачатку навагодняга застолля, каб бутэрбродаў з ікрой і іншых далікатэсаў больш засталося.
Дарэчы, камароўскія цэны на ікру маюць досыць вялікую разбежку.
— А чым адрозніваецца чырвоная ікра за 95 тысяч ад той, што каштуе 140? Бляшанкі, здаецца, аднолькавай вагі — грамаў па 100?
— Таннейшую з замарожанай сыравіны робяць. Тая, што за 140 тысяч, сапраўды смачнейшая, — тлумачыць прадавец.
Такая ж колькасць чорнай ікры каштуе 180 тысяч рублёў. Але ў некаторых атрымліваецца дамовіцца на значна больш нізкую суму.
— Прыходзьце, я вам зніжку да 150 тысяч зраблю, — паабяцалі і мне.
Працягваючы тэму бутэрбродаў, варта ўспомніць пра сыравэнджаную каўбасу. Цэны на яе на камароўскіх прылаўках, у асноўным, пачынаюцца ад 110 тысяч рублёў. Ёсць і даражэйшыя варыянты — 125, 133 тысячы за кілаграм. І, нарэшце, самая нятанная каўбаса з правакацыйнай назвай "Цешчын пачастунак", якая каштуе 135 тысяч рублёў за кіло.
Тут жа варта ўспомніць і пра шпроты, бляшаначка якіх каштуе 11,5 тысячы рублёў.
Як высока падымуцца цэны перад самым Новым годам, прадаўцы расказваць не бяруцца. Што ж, паглядзім тыдні праз тры.
Ганна ГАРУСТОВІЧ.