Што лепш – кватэра па найме ці гасцініца
У многіх гарадах Беларусі даўным-даўно жыхары карыстаюцца такой паслугай, як кватэра на суткі.
Так, напрыклад, у Мінску амаль на кожным слупе вісяць аб’явы, нават дзе-нідзе ёсць здымкі пакояў, якія прапануюць. А ці карыстаюцца попытам кватэры на суткі ў Маладзечне? Калі прагледзець аб’явы мясцовых газет, то дзве-тры стабільна ёсць. У Інтэрнэце такіх прыкладаў знойдзецца больш.
У сярэднім аднапакаёвая кватэра на суткі будзе каштаваць 180 тысяч рублёў і вышэй. Двухпакаёвая – прыкладна 220 тысяч, а трохпакаёвая – 240-300 тысяч. Безумоўна, усё залежыць ад стану кватэры і раёна.
У гэты час аднамесны нумар на суткі ў гасцініцы каштуе 150 тысяч і вышэй. Што датычыцца кватэры, то ў ёй ёсць амаль усё неабходнае для пражывання. Не толькі ложак і кабельнае тэлебачанне, а яшчэ кухня з поўным наборам кухоннага начыння, дзе можна прыгатаваць, што душа пажадае. Таксама асобныя ванны пакой і прыбіральня. Яшчэ ў некаторых кватэрах ёсць так званыя рэчы першай неабходнасці: кава, гарбата, цукар, соль, прыправы. Залежыць гэта ад гаспадара. Іншыя можа яшчэ што прапанаваць змогуць.
У кватэры па найме ты сам сабе гаспадар! Прыходзь у колькі хочацца, сыходзь, гасцей прыводзь… А ў гасцініцы ёсць складанасці з прыняццем гасцей – абмежаваны час. Не вельмі цікава атрымліваецца.
Асноўныя карыстальнікі кватэр на суткі – камандзіраваныя, таксама часта сустракаюцца і закаханыя пары. Радзей – “турысты”. Хаця Маладзечна не славіцца месцамі адпачынку, усё роўна такія людзі сустракаюцца.
У адной такой гаспадыні кватэры, Таццяны, быў выпадак, калі сям’я з Маладзечна карысталася гэтай паслугай на час рамонту у сваім доме. Амаль тыдзень жылі.
Попытам такая паслуга карыстаецца.
Вызначыўшы перавагі кватэры і гасцініцы, кожны вырашае сам, каму дзе ўтульней. Галоўнае, каб не аказалася так, што грошы выдаткаваныя дарма.
Плюсы гасцініцы:
* не трэба шукаць у газетах ці Інтэрнэце інфармацыю – адрас ведаюць усе;
* дакладна не ашукаюць, дакладна дадуць чэк;
* прыбірае пакой абслуговы персанал.
Плюсы кватэры:
* няма абмежаванняў для прыняцця гасцей, большы камфорт;
* няма абмежаванняў па колькасці людзей;
* ёсць кава, гарбата і г. д.; тым, хто наймае кватэру, напрыканцы даюць патрэбныя дакументы (вядома, калі здаюць яе вам легальна, а не “па-чорнаму”).
Аляксандра ЭГЕРТ.
Фота Антона ШАБУНЕВІЧА.