Якія нарыхтоўкі вы зрабілі на зіму?

Источник материала:  
Якія нарыхтоўкі вы зрабілі на зіму?Ірына Таўтын, старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці:

— Нейкіх шматлікіх нарыхтовак салату, марынаваных агуркоў і памідораў я не раблю, бо не заўсёды хапае часу, ды і спецыяльнага месца для іх захоўвання няма. На хатніх нарыхтоўках спецыялізуецца мая свякроў Таццяна Канстанцінаўна, яна сапраўдны майстар у гэтай справе. Яе салацікі з перцу, памідораў, баклажанаў з дабаўкай рысу, фасолі, а таксама салянкі заслугоўваюць сапраўднай пахвалы. Гэтымі смачнымі нарыхтоўкамі яна з радасцю дзеліцца са сваімі дзецьмі.

Я ж на зіму люблю запасціся працёртымі з цукрам чарніцамі, жэле з чырвоных парэчак, малінавым і сунічным варэннем і, вядома, грыбамі. Мой муж заўзяты грыбнік, у верасні і кастрычніку кожныя выхадныя ён праводзіць у лесе.

          Якія нарыхтоўкі вы зрабілі на зіму?Алена Ланіна, відэаграф (былая жыхарка Віцебска, цяпер жыве і працуе ў Маскве):

— Не, не рабіла ніякіх хатніх нарыхтовак, са слоікамі і спецыяльнымі машынкамі не корпалася. А навошта, калі свежая гародніна ёсць круглы год.

І гэта танней нават выразкі і рыбы. А калі захочацца салёненькага, тады дапамагае з гэтым мама. Напэўна, беларусы без гэтага — хатніх нарыхтовак — не могуць пражыць.

        Якія нарыхтоўкі вы зрабілі на зіму?Андрэй Плешчанка, кантэнт-менеджар, бацька шасцярых дзяцей:

— Сям'я ў нас вялікая, кухарыць даводзіцца шмат, а часу не хапае. Вельмі хутка можна накарміць усіх, калі ёсць паўфабрыкаты. Часцей за ўсё ўвосень мы не кансервуем гародніну, а замарожваем яе: буракі, моркву, кабачкі, перац, памідоры. Абавязкова нарыхтоўваем зяленіва — пятрушку і кроп. Для пірагоў і ўзвараў незаменная рэч — замарожаныя ягады. У маразільніку ў нас заўсёды ёсць чорныя і чырвоныя парэчкі, чарніцы, клубніцы, маліна, суніцы і вінаград. Абавязкова назапашаны пельмені, манты, тушонка. Нават булён пра запас часам замарожваем.

Праверана — для нечаканых гасцей мы з жонкай стол накрываем на працягу паўгадзіны. Чалавек пятнаццаць заўсёды прымем, не выходзячы ў краму. Гэта і нядзіўна — нам жа штодня даводзіцца карміць восем чалавек тройчы! І гэта не лічачы перакусаў пад дэвізам: "Мама і тата! А што ў нас ёсць смачненькага?"

Таму і працуюць у нас без перапынку хлебапечка, мультыварка, духоўка і многія іншыя кухонныя прыборы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←В Гродно наступает ночь низких цен

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика