Што творыцца на дарозе!

Хачу выказаць сваю думку наконт парушальнікаў дарожнага руху. Здаралася, я іх выказваў яшчэ раней у сваіх каментарах. Але цяпер, пасля таго, як ледзь не здарылася бяда, хачу распавесці афіцыйна.
Як я заўважаю, на нашых дарогах і вуліцах колькасць парушальнікаў правілаў дарожнага руху (ПДР) не змяншаецца, а наадварот павялічваецца. І іх нахабнасць набірае абароты. Сярод удзельнікаў дарожнага руху амаль што адсутнічае ўзаемапавага. Пешаход лічыць сябе паўсюль галоўным, а аўтамабіліст – сябе, што і прыводзіць нярэдка да самых сумных вынікаў.
Але мне хочацца спыніцца на паводзінах кіроцаў аўто. Што тычыцца парушальнікаў кіроўцаў-аматараў, то, гледзячы на іх паводзіны, яшчэ можна спаслацца на купленую медыцынскую даведку. Магчыма, чалавек наогул сеў за руль без даведкі і правоў.
А вось як быць з тымі, хто працуе кіроўцам грамадскага транспарту, хто возіць людзей, а не дровы? Дакументы ў іх, я ўпэўнены, усе ў парадку. Ды і стаж немалы. Дык чаму яны паводзяць сябе так безадказна і нахабна на дарозе? Чаму гэта катэгорыя кіроўцаў лічыць сябе поўным “гаспадаром” дарог? Самі сабе ўвялі нейкую негалосную перавагу па шматлікіх пунктах ПДР, якія не парушае нават міліцыя.
А менавіта: спыняюцца ў нявызначаных месцах, нават на самых перакрыжаваннях, не ўключаюць указальнікі паваротаў, не звяртаюць увагу на перашкоду справа, парушаюць хуткасны рэжым і гэтак далей.
У Чысці на перакрыжаванні Русанава і Зялёнай, прыкладна ў восем гадзін у сераду, 14 лістапада, ледзь не здарылася лабавое сутыкненне маршруткі Чысць-Краснае і легкавога аўтамабіля.
У той дзень дзве маршруткі, адна на Маладзечна, а другая на Краснае, рухаючыся па вуліцы Зялёнай, зладзілі гонку. Як я зразумеў, за пасажырамі. З-за гэтага кіроўца адной з маршрутак не паспеў знізіць хуткасць і пры павароце налева выехаў на сустрэчную паласу, па якой рухалася легкавушка.
І толькі дзякуючы сухому асфальту ўдалося пазбегнуць лабавога сутыкнення. У адказ на заўвагу кіроўца маршруткі толькі махнуў рукой і штосьці прамармытаў. Па выглядзе яго твару няцяжка было здагадацца, куды ён мяне паслаў. Мне нічога не заставалася рабіць, акрамя як прыняць яго прапанову. І я паехаў, але толькі дахаты.
А ён жа возіць людзей, а не дровы!!! Якая можа быць тут гарантыя бяспекі пасажыраў?!
Алесь РАТКЕВІЧ.
Фота bymedia.net