Пачынаецца апошні тыдзень вакцынацыі

Источник материала:  

Калі своечасова клапаціцца аб сваім здароўі, можна не толькі пазбегнуць ускладненняў грыпу, але і зэканоміць.

Паводле статыстыкі мінулага года, сярод людзей, якія не зрабілі прышчэпку супраць грыпу, захворванняў на яго у 16 разоў было больш.

На бясплатную вакцынацыю могуць разлічваць не ўсе. Яна робіцца тым, у каго ёсць рызыка ўзнікнення ўскладненняў. Гэта цяжарныя жанчыны, людзі з хранічнымі захворваннямі і пенсіянеры.

Таксама бясплатныя прышчэпкі робяцца ў школах і на прадпрыемствах, якія самі аплачваюць вакцынацыю сваіх работнікаў.

Астатнім давядзецца плаціць. Самая танная прышчэпка – кітайская. Яе вам зробяць за 74 тысячы рублёў. Самая дарагая – французская – амаль 98 тысяч рублёў. Пасярэдзіне знаходзіцца расійская – 84 тысячы рублёў.

Але ж у выпадку захворвання грыпам за медыкаменты прыйдзецца заплаціць прыкладна 150 тысяч рублёў. Дзяржаве ж адзін бальнічны ў сярэднім абыдзецца наогул больш за мільён рублёў (сюды ўваходзіць дапамога, зарплата доктару, які вас прымае).

– Часта прыходзяць рабіць прышчэпку платна беларусы, якія пажылі за мяжой. Там усе робяць прышчэпкі і плацяць за гэта вялікія грошы, – кажа Міхаіл Грабоўскі, галоўны доктар Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. – Некаторыя ж беларусы не хочуць рабіць вакцынацыю і бясплатна, бо думаюць, што гэта шкодна. Але яна дапаможа захаваць і здароўе, і грошы.

Кожны тыдзень на Маладзечаншчыне рэгіструецца каля 650-і выпадкаў захворвання рознымі інфекцыямі. Пакуль што сёлета грыпу сярод іх не сустракалася.

Пра вакцынацыю дзяцей

У дзіцячай паліклініцы могуць зрабіць прышчэпку дзецям ад 6 месяцаў да 18 гадоў. Калі дзеці да трох гадоў не хварэлі на грып і не прышчапляліся раней, то вакцынацыя праводзіцца не адзін, а два разы з інтэрвалам у чатыры тыдні.

Дактары запэўніваюць, што калі дзіцяці зрабілі прышчэпку, то ўскладненняў пасля хваробы не будзе.

– Не такі страшны грып, як яго ўскладненні, – кажа імунолаг дзіцячай паліклінікі Марыя Байкова. – Бо менавіта ўскладненні выклікаюць розныя захворванні, якія могуць прывесці да смерці. Прышчэпка якраз ад іх арганізм і засцерагае.

Трэць прышчапіліся

Ужо зрабілі прышчэпку амаль 50 тысяч чалавек. З іх крыху больш за дзве тысячы зрабілі яе за кошт прадпрыемстваў. За свае ўласныя грошы зрабілі прышчэпку 51 чалавек, сярод якіх 18 дзяцей. Астатнія атрымалі вакцыну за кошт дзяржавы.

Дарэчы, сёлета колькасць прышчэпленых людзей павялічылася на 5%.

Летась з-за таго, што была праведзеная вакцынацыя, дзяржаве ўдалося захаваць 1,5 мільёна даляраў.

Да першага снежня яшчэ можна прышчапіць дзіця ў дзіцячай паліклініцы. Дарослыя таксама могуць прышчапіцца, але толькі платна і ў паліклініцы №1. Вакцынацыя за кошт бюджэту завершаная.

У чым карысць прышчэпак?

– Прышчэпкі бясшкодныя, – упэўненая Людміла Ермачэнка, загадчыца аддзела эпідэміялогіі Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. – Больш за тое, дзякуючы ім у Беларусі знікла такое жахлівыя захворванне, як поліяміэліт, які выклікаў дзіцячую інваліднасць, а на дыфтэрыю, адзёр, коклюш і некаторыя іншыя хварэюць адзінкі.

Настасся РОЎДА.

Фота Настассі РОЎДЫ.

←В Беларуси помнят о Голодоморе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика