"Сватаў Янка-беларус Украінку Юлю..."
Што было — было. Чысцюткая праўда, між іншым! Аўцюк адзін шафёрам працаваў — грузы перавозіў. Але ж аднойчы (ну собіла так) нехта памёр, і менавіта яго, аўцюка, на грузавой па бацюшку адправілі. Ён, ну вядома ж, не адмовіў — з'ездзіў, прывёз... Потым па звычцы ў пуцявым лісце запісаў: маршрут Аўцюкі — Мазыр; груз — поп, вага — тры з паловай тоны...
Прыкладна гэткія ж "прыпіскі" ўбачылі асобныя чытачы і на чарговым конкурсным здымку. Бо яно ж і насамрэч (кіньце вочкам на верхні здымак) грузяць той гарбуз, як сапраўднага велікана. А ці трэба, ці варты ён падобнай пашаны? Спадар Гарачоў з Іўеўшчыны сумняваецца, піша:
Вы паверце мне на слова,
(Хлушу вельмі рэдка я):
У Лучыне, у Кусянковай,
Памідоры гэткія!
Спадарыня Кусянкова з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне, агародніца і сапраўды вядомая: сваім досведам па вырошчванні культур (памідоры, дарэчы, адна з любімых) не раз з чытачамі "Звязды" дзялілася. А таму на чарговым конкурсным здымку і яна не магла не заўважыць, скажам так, элементаў нацяжкі:
Ну й мужчыны ў нас пайшлі:
Гарбуза не паднялі!
Калі ўдвух ім "слаба",
Хай паклічуць бабу!
Яна, трэба разумець, падыме. Нават адна. І пагрузіць, і завязе. Бо дужая, бо смелая, бо ўмелая... Карацей, не злічыць усіх яе вартасцяў! Прычым як досыць нечаканых (ад таго ж спадара Гарачова:
Хоць Кляшчук аб'ехаў свет,
Быў ажно пад Польшчаю,
А ці бачыў, што ў кабет
Грудзі ёсць і большыя?)
...да цалкам відавочных. І найпершая тут — стараннасць, працавітасць. Бо той жа гарбуз (на нечы погляд — вялікі, на нечы — не вельмі) трэба было пасадзіць, потым паліць, падрыхліць... І нарэшце, разам з героямі здымка і спадарыняй Аляхновіч са Слуцка пацешыцца:
З дачы восенню з'язджаем
З вельмі важкім ураджаем:
Трэба хітрасць прымяняць,
Каб "на борт" яго падняць.
"Фрукт" закоцяць у машыну,
Хай у ёй "прасядуць" шыны
Ды тады ж прамовіць зяць:
— Трэба новую купляць.
Ён, значыць, прамовіць. А вы, цесць з цешчай, думайце, бо зяць, як вядома, любіць узяць — ды хоць чым...
У аднаго з такіх вось, кажуць, цешча памерла. "Якое гора! — спачуваюць яму знаёмцы і пытаюць: А што ж у яе было?". — "Ды так, нічога асаблівага, — уздыхае зяць, — шафа, канапа...". А хацелася ж, мусіць, большага? Зяцю...
Хацелася і цешчы — пакуль жывая была. Чаго? Ведае гэта спадарыня Гудачкова з Жыткавіч. Яна досыць цікавую размову падслухала:
Цешча — зяцю:
— Прыязджай,
Вырас добры ўраджай —
Дапаможаш звезці...
Чухаў доўга "рэпу" зяць,
Каб ёй шчыра адказаць:
— Згодны... хіба з'есці.
Вось на гэта ахвотнікаў шмат! Сужэнцы Астроўскія з Мінска, паглядзеўшы на здымак, пішуць:
Беларус — ён есць нямала,
Пачынае — зранку:
Як звычайна: бульба, сала,
Потым — гарбузянка...
Трэба разумець, гэта каша такая? З гарбуза. Тут вось што цікава: самога слова "гарбузянка" ў тлумачальным слоўніку няма. А вось у вершах нашых чытачоў — з Мінска, з Мёршчыны — ёсць. Спадар Тычко, прынамсі, піша:
Дзед вазіў унука ў сваты,
Мусіць жа, няўдала?
Бо прывёз гарбуз дахаты,
Як раней бывала...
Ды не "парыцца" жаніх,
Хоць няўдача выйшла:
— Пачастую ўсіх сваіх
Гарбузянкай пышнай.
Ну сапраўды: не з пустымі ж рукамі дамоў прыехаў — прывёз... Хоць нешта...
Пра яго, гэтае нешта, і радкі спадарыні Гудачковай:
Мужыкі ў край багаты
Дружна ездзілі ў сваты.
Не пашчасціла ў Галі —
Гарбуза вось атрымалі...
Мо й карысць ад неспадзеўкі:
Будуць семкі замест дзеўкі.
А што — набытак: па-любому, як моладзь кажа, рукі занятыя. Хоць яно і крыўдна. Перажываюць за кавалера сужэнцы Астроўскія:
Пэўна, цяжка пераносіць
Хлопцу гэтакі канфуз,
Калі дзеўчына выносіць
Да сватоў такі гарбуз?
Адно тады можа суцешыць. Што? Мікалай Валянцінавіч Старых з Гомеля, паглядзеўшы на здымак, прыгадаў вядомую бяседную песню "Быў у мяне белы конь" і зрабіў свайго роду перапеў:
Мае Ясь сваё аўто.
Ён цяпер багаты.
Узяў і з'ездзіў у сяло
Да дзяўчыны ў сваты.
Ды, напэўна ж, не чакаў
Выніку такога.
Гарбуза вось атрымаў —
Самага буйнога.
Зрэшты, адмаўляць сватам з дапамогай гарбуза (як слушна заўважае спадар Гарачоў) не ў нашых традыцыях. Гэта хутчэй у суседзяў:
Сватаў Янка-беларус
Украінку Юлю...
Ды прывёз дамоў гарбуз.
Ну, а мог бы... дулю.
Што таксама... фрукт, хоць кашы з яго і не зварыш.
Але ж тут цікава іншае: тое, што гарбуз не ў машыну мужчыны "коцяць", а якраз наадварот — з яе. Прыехаўшы са сватоў. Каля дома жаніха... А можа і не...
Нечаканая думка наконт гэтага ў Міхаіла Паўлавіча Дубовіка з вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна:
Дзядзькі з вёскі Аўцюкі
На "прыколы" мастакі:
Скінуць ля варот гарбуз...
Гляне бацька: вось канфуз!
А што гэта азначае,
Хай у донькі папытае.
Вам цікава было б пачуць, што яна скажа? І што потым бацька?.. Нам таксама. Іншы дыялог, магчыма, дарэчы: дачка на сябе ў люстэрка глядзіць ды ўголас плачацца: "Татка, я такая страшная, такая страшная! Паглядзі — лупатая, вочы маленькія, нос кручком"... Бацька ў адказ: "Ну што ты, доня мая!.. Ты ж сама на сябе нагаворваеш! У цябе і фігурка ладная, і ножкі прыгожыя, і тварык што трэба"... Павесялела дачка ад добрых слоў, выйшла з пакоя. Бацьку б падумаць пра яе, паляжаць — ды канапа занятая: кошка на ёй упоперак... "Ну во, яшчэ адно пудзіла! — усклікае мужык. — Псік, халера!"
Але ж мы не пра кошку, не пра дзяўчат. Мы — пра гарбуз, які могуць і ў іншыя месцы павезці. Куды? Як лічыць спадарыня Чыгрынава з вёскі Забалацце Вілейскага раёна:
Ураджай на славу —
Едзе на выставу!
Мы для гэткай справы
Не шкадуем лавы!
З таго ж канверта і вельмі слушнае меркаванне (асабліва — для мужчын):
Кашу, браце, еш з гарбуза,
Замінаць не будзе пуза!
Больш за тое:
Што такое "Прастамол",
Мы з рэкламы знаем,
Калі верыць — прастатыт
Тут жа адступае...
Як ж вам раю, мужыкі,
Семкі гарбузовыя.
Як заводныя быкі,
Будзеце здаровыя!
Піша так Валерый Гаўрыш з горада Чавусы. І мае рацыю, што пацвердзіць любы з дактароў... Бо гарбуз ёсць гарбуз:
Можна ўзяць у абярэмак
Два, вагою меншыя...
Але з гэтага хоць семак
Хопіць аж да пенсіі...
Як лічыць спадар Гарачоў.
То няхай так і будзе: няхай хопіць і гарбузікаў, і здароўя ўсім нашым мужчынам, усім жанкам аж да самай пенсіі, а потым да смерці! Хай будзе ў іх яды, як на Дзяды, а работы, як у нядзелю! Хай водзяцца грошы, бо, гледзячы на конкурсны здымак, сужэнцы Астроўскія справядліва зазначылі:
Гэтым летам у наш край
Завіталі змены:
Вырас добры ўраджай,
Падраслі і цэны.
Што крыўдна, у адрозненне ад гарбузоў падрастаюць яны не толькі летам. Але ж пра іх — размова асобная. Напрыканцы гэтай (і як заўсёды) паведамляем вынікі: на думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя подпісы да папярэдняга здымка (на ім, нагадаем, была кабета з двума сабачкамі і мабільнікам) склалі спадарыня Бурко з вёскі Капланцы, што на Бярэзіншчыне, спадарыня Чыгрынава з вёскі Забалацце, што на Вілейшчыне, спадарыня Века з вёскі Малыя Аўцюкі, што на Калінкавіччыне, а таксама спадар Гарачоў з вёскі Даўнары, што на Іўеўшчыне, спадар Трайкоўскі з Мінска і спадар Старых з Гомеля. З гэтым вось, апошнім меркаваннем вялікага чытацкага журы пагадзілася і журы маленькае — рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам "Звязду" на першы квартал 2013 года накіроўваецца ў Гомель.
Вызначыла пераможцу і рэдакцыя часопіса "Вожык". Ім, пераможцам (дакладней, пераможцай) стала спадарыня Чыгрынава з Вілейшчыны.
Хочаце, каб у новым годзе гэтыя выданні прыходзілі да вас? Тады падпісвайцеся альбо доўга, уважліва паглядзіце на чарговы конкурсны здымак, прыдумайце подпіс (можна некалькі... Дасціпных, кароткіх — не больш за восем радкоў) і дашліце ў рэдакцыю. Чакаем.
Валянціна Доўнар,
Фота Анатоля Клешчука.
Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі на гэты раз не прайшлі строгага конкурснага адбору