А ў вольны час студэнты... здымаюць кіно
Шосты раз сабраў прыхільнікаў і аматараў студэнцкага кіно міжвузаўскі конкурс "Відэарадыус БНТУ-2012". Першапачаткова конкурс праводзіўся толькі паміж факультэтамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, але затым яго "геаграфія" пачала пашырацца. Сёння гэта ўжо самая сапраўдная фестывальная пляцоўка кінатворчасці, якая аб'ядноўвае студэнтаў тэхнічных універсітэтаў з усёй краіны.
Сёлета на суд высокапрафесійнага журы было прадстаўлена 75 студэнцкіх работ па двух асноўных тэмах: "Vіvаt Аlmа-mаtеr" і "Студэнцкая відэа-прэм'ера". 26 з іх выбралі для адкрытага прагляду і галасавання гледачоў. А днямі сталі вядомыя прозвішчы пераможцаў. "Гран-пры" фестывалю ўзяў фільм "Цукерка", створаны студэнтамі факультэта транспартных камунікацый БНТУ. Дыпломам І ступені ўзнагародзілі ігравы фільм "Што б ні здарылася" (архітэктурны факультэт БНТУ), ІІ ступені — фільм "СтудТV" (прыборабудаўнічы факультэт БНТУ), а дыплом ІІІ ступені прысудзілі карціне "13:37" (аўтатрактарны факультэт БНТУ).
Адным з самых інтрыгуючых момантаў стала абвяшчэнне пераможцаў па выніках галасавання гледачоў: фаварытам у намінацыі "Прыз глядацкіх сімпатый" стаў фільм "СтудТV". Гледачы мелі магчымасць прагаласаваць за яго падчас адкрытага паказу, які адбыўся 12 лістапада. Потым жа, на працягу тыдня, прагледзець карціны, што спадабаліся, можна было ў інтэрнэце на сайце ўніверсітэта-арганізатара, каб аддаць свой голас за лепшы фільм. І тут найбольшую колькасць праглядаў сабрала карціна "У пагоні за сабой" Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, за якую было аддадзена 512 галасоў. Тэма карціны — наступствы, якія падсцерагаюць кожнага з нас, калі мы трапляем у віртуальнае асяроддзе, дзе зносіны ў сацыяльных сетках замяняюць людзям рэальнасць, калі праблематычна адрозніць чорнае ад белага і ёсць рэальная пагроза згубіць сябе.
Былі агучаны таксама імёны пераможцаў у наступных намінацыях: "Лепшая мужчынская роля" — Аляксей Кахановіч ("13:37"); "Лепшы мантаж" — Міхаіл Бондар (за тую ж карціну), "Лепшая жаночая роля" — Надзея Ярахавец ("Што б ні здарылася"). Цікава, а што адчувалі самі пераможцы?
—Я навучаюся ў тэхнічнай ВНУ, але творчасць — адзін з абавязковых складнікаў майго жыцця, — дзеліцца ўражаннямі студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Надзея Ярахавец. — У фільме я змагла адкрыцца і гэта не засталося незаўважаным. Зараз ужо з'явілася шмат новых ідэй, якія мы спадзяёмся здзейсніць на наступны год.
Фільм "Што б не здарылася", у якім сыграла дзяўчына, здабыў на конкурсе не адну ўзнагароду. Фільм пра шчаслівую сям'ю, якая любую перашкоду перамагае пазітыўным стаўленнем да сітуацыі.
— Задума карціны нарадзілася на Браслаўскіх азёрах: нас натхніла мелодыя, якую мы пачулі зранку. Пачалі развіваць ідэю, і атрымаўся фільм, — раскрывае сакрэт поспеху рэжысёр Улад Карпаў. — У нас быў добры настрой і нам захацелася падзяліцца ім з іншымі.
Асобна хацелася б спыніцца на фільме "СтудТV", які змяшчае ідэю бачання студэнцкага тэлебачання. Калі б у нашай краіне існаваў тэлеканал для моладзі з такім напаўненнем, то прыхільнікаў ён, несумненна, знайшоў шмат.
— На конкурс мае працы трапілі выпадкова і, шчыра кажучы, я не чакаў такога поспеху, — прызнаецца студэнт БДУІРа Сяргей Казловіч, які перамог у намінацыях "Лепшы промаролік" і "Лепшы рэпартаж". — Дзякуючы конкурсу, убачыў свае моцныя і слабыя бакі, таму хочацца расці і развівацца далей.
Будзем спадзявацца, што ўзровень, які моладзь прадэманстравала сёлета, стане своеасаблівай планкай, якую ўдзельнікі наступнага "Відэарадыуса" паспрабуюць пераўзыйсці.
Алена ДРАПКО. Фота з архіва прэс-службы БДУІР