Рэстаўратары лямантуюць: агульныя будаўнічыя нормы для іх працы выкарыстоўваць немагчыма, а кансервацыя аб'ектаў наносіць вялікую шкоду

Источник материала:  
21.11.2012 15:48 — Новости Общества
Рэстаўратары лямантуюць: агульныя будаўнічыя нормы для іх працы выкарыстоўваць немагчыма, а кансервацыя аб'ектаў наносіць вялікую шкоду
Купаловский театр. Реконструкция в разгаре
Беларускія рэстаўратары накіравалі міністру культуры Беларусі адкрыты ліст, а партал TUT.BY папрасілі змясціць яго. Прафесіяналы лічаць, што надышоў час прыцягнуць вострую ўвагу грамадскасці да вялікіх праблем рэстаўрацыі. Нагодай стала аб'яднанне ААТ "Праектрэстаўрацыя" і ААТ "Белрэстаўрацыя" ў адну арганізацыю.
 
"Шаноўны Павел Паўлавіч, - рэстаўратары напісалі ліст некалькі дзён таму, калі міністрам культуры быў яшчэ Павел Латушка. - У гэтым годзе мяркуецца завяршыць работы па рэстаўрацыі будынка Нацыянальнага беларускага драматычнага тэатра імя Я. Купалы. Гэта апошні аб’ект рэстаўрацыі са славутай прэзідэнцкай праграмы, у выніку рэалізацыі якой адноўлены такія значныя каштоўнасці як будынак Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета, Мірскі і Нясвіжскі замкі. Акрамя гэтага відавочнага плёну, памянёная праграма дала магчымасць рэалізацыі інтэлектуальнага патэнцыялу беларускіх спецыялістаў і вопыту рэстаўрацыйнай работы, накопленага дзесяцігоддзямі супрацоўніцтва ў рэгіянальнай групе Савецкага камітэта ІКАМОС. Падчас беспрэцэдэнтнай па сваіх маштабах дзейнасці па рэстаўрацыі памянёных вышэй помнікаў, навукова-метадычныя распрацоўкі і вопыт выканання ўнікальных работ значна ўдасканалены. Усё гэта стала здабыткам маладых людзей, якія далучыліся да працэса адраджэння нашай нацыянальнай спадчыны. Такім чынам, накоплены значны патэнцыял магчымасцей беларускай рэстаўрацыйнай галіны, з’явілася надзея на пераемнасць майстэрства.

Што ж атрымала рэстаўрацыйная галіна ў выніку адзначаных дасягненняў?"

Рэстаўратары сцвярджаюць, што іх галіна атрымала толькі незаслужаныя ўдары па іміджы, банкруцтва і адсутнасць перспектыў.

На іх думку, адсутнасць мэты рэстаўрацыі кожнага канкрэтнага аб'екта вядзе да непаўторных стратаў, як матэрыяльных, так і культурных. Закранаюць прафесіяналы пытанні рэстаўрацыі замкаў у Ружанах і Любчы, а такую меру як "кансервацыя" называюць больш шкоднай, чым бяздзейнасць:

"Пры падвядзенні вынікаў рэстаўрацыі кожнага з аб’ектаў, кіраўніцтва краіны правамерна ўсведамляе, што эфект ад укладзеных сродкаў павінен быць істотна большым. На самой справе, патэнцыяльныя магчымасці гісторыка-культурнай спадчыны (у тым ліку і эканамічныя) ў поўнай меры не выкарыстоўваюцца.

Калі заказчыкамі на рэстаўрацыю і прыстасаванне помнікаў з’яўляюцца асобныя ўстановы культуры, праяўляецца іх свядомая (натуральная для бюджэтных установаў) варожасць да ўсякіх варыянтаў актыўнага выкарыстання аб’ектаў рэстаўрацыі на патрэбу часу, асабліва да камерцыялізацыі (нават частковай і разумнай). Трацячы не заробленыя, а вылучаныя з бюджэту сродкі, яны зацікаўлены не ў эфектыўнасці іх ўкладання, а ў тым каб максімальна пазбавіцца ад усякіх клопатаў.

Са стварэннем пры Міністэрстве культуры службы адзінага заказчыка, страчана і зацікаўленасць у стварэнні ў рэстаўраваных аб’ектах нармальных умоваў работы ўстановаў культуры ў штатным рэжыме.

З павышэннем узроўню патрабаванняў да распрацовак апарата Міністэрства культуры, знікае нават само паняцце мэты работ. Яскравы прыклад – праграма “Замкі Беларусі”. Згода Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на яе з’яўленне ў складаных эканамічных умовах дарагога варта. Змест жа праграмы цяжка вызначыць інакш, чым абмануты давер.

У прыватнасці, з 38 ахопленых праграмай аб’ектаў, характар прыстасавання вызначаны толькі для аднаго – комплекса Старога замка ў Гродне, які і зараз выкарыстоўваецца як музей (у праграме напісана “пад установу культуры”). Па-за ўвагаю засталіся праблемы далейшага выкарыстання замкаў у Ружанах і ў Любчы. Работы па іх рэстаўрацыі пачаліся без удзелу Міністэрства культуры задоўга да распрацоўкі праграмы. Яе з’яўленне ніяк не паўплывала ні на фінансаванне, ні на арганізацыю работ. У той жа час, стадыя рэстаўрацыі замка ў Любчы ўжо даўно вымагае вырашыць праблему яго інжынернага забеспячэння, што напрамую залежыць ад характара прыстасавання.

Адсутнасць мэты – гэта не толькі змарнаваныя сродкі, магчымасці і намаганні. У горшым выпадку гэта непапраўныя страты. Практыка паказала, што ў нашых кліматычных умовах кансервацыя (асабліва часовая) можа быць больш шкоднаю, чым бяздзейснасць. У праграме ж яна, відаць, разглядаецца як панацэя.

Пры такой палітыцы фарміравання абавязковых да выканання праектных і рэстаўрацыйных заданняў на большы эфект ад укладзеных у рэстаўрацыю сродкаў разлічваць не прыходзіцца. Спісваць такую неэфектыўнасць на не бюджэтную галіну рэстаўрацыі амаральна. Для людзей, якія прысвяцілі жыццё адраджэнню нацыянальнай спадчыны гэта вельмі крыўдна. Іх шматлікія прапановы па паляпшэнню эксплуатацыйных вартасцей помнікаў адхіляюцца з зацятасццю вартай лепшага прымянення. Апеліраваць да ведамства, якому падначалены заказчыкі (яно ж – спецыяльна ўпаўнаважаны дзяржаўны орган аховы спадчыны) безвынікоўна".
Рэстаўратары адзначаюць, што даўно існуе неабходнасць стварэння асобнай нарматыўнай базы для рэстаўрацыйнага працэса, кіравацца агульнымі нормамі будаўніцтва для рэстаўрацыйных аб'ектаў больш немагчыма. У якасці прыкладу - рэстаўратары вымушаны прыводзіць аўтэнтычныя лесвіцы і праходы да сучасных нормаў, што само па сабе знішчае саму вартасць рэстаўрацыі. Рэстаўратары сцвярджаюць, што "такога татальнага як у Беларусі падпарадкавання рэстаўрацыйнага працэса ўсім сучасным нормам няма ў ніводнай краіне свету"!

Гавораць спецыялісты і пра нізкія заробкі ў сваёй галіне...
"Пры адчувальных затратах, у якія абыходзяцца рэстаўрацыйныя аб’екты дзяржаўнаму бюджэту, сярэдні заробак ў Праектным філіяле ААТ “Белрэстаўрацыя” складае 3.6 млн рублёў. Галоўныя архітэктары і галоўныя інжынеры праектаў у галіне рэстаўрацыі зарабляюць не больш, чым 4 млн рублёў у месяц. Пры такіх даходах, гледзячы на бягучыя радкі на тэлеэкранах з прапановамі працаўладкавання, цяжка пераканаць нават сябе ў прэстыжнасці і запатрабаванасці сваёй прафесіі. Сітуацыя была б зразумелай, калі б грамадству разглядаемая галіна была не патрэбна. На практыцы ж, у апошнія гады рэстаўратары працавалі не пакладаючы рук.

Чым жа абумоўлена дарагавізна рэстаўрацыйнага працэса? Часткова высокім коштам матэрыялаў, вялікаю ўдзельнаю вагою кваліфікаванай ручной працы і т.п. У значнай жа ступені тым, што як праектыроўшчыкі, так і выканаўцы рэстаўрацыйных работ вымушаны кіравацца нарматыўнай базай, распрацаванай для новага будаўніцтва. Поўны аб’ём праектнай дакументацыі павінен прайсці ўсе ўзгадненні (для аб’ектаў рэстаўрацыі іх больш) і атрымаць станоўчае заключэнне экспертызы. Толькі ў адрозненне ад новага будаўніцтва распрацоўка праекта рэстаўрацыі на гэтым не завяршаецца, а пераходзіць у асноўную стадыю. У ходзе рэстаўрацыйных работ непазбежна выяўляюцца новыя вартасці помнікаў, што вымагае пастаянных карэктыровак праектнай дакументацыі. Пачынаецца новы этап паралельнага праектавання-вытворчасці, які напрыканцы зноў завяршаецца паўторным праходжаннем экспертызы. У такім рэжыме праведзена рэстаўрацыя ўсіх пералічаных напачатку гэтага звароту выдатных аб’ектаў.

Пазбавіцца ад непатрэбнага дубліравання і падвойнага выканання адной і той жа працы можна было б шляхам распрацоўкі асобнай для рэстаўрацыйнага працэса нарматыўнай базы. Яе адсутнасць прыводзіць не толькі да марнавання сродкаў і часу. Значна горш, што сродкі і намаганні спецыялістаў часам накіраваны зноў жа на прычыненне шкоды помнікам. Так, напрыклад, існуючыя ў аб’ектах рэстаўрацыі лесвіцы і праходы аб’ектыўна не могуць літаральна адпавядаць дзеючым нормам, хаця, сваю функцыю яны выконваюць не горш. Тым не менш, іх неадпаведнасць літары нарматыва вымушае або ажыццяўляць пераробку існуючых канструкцый, або дубліраваць іх, выключаючы з актыўнага выкарыстання плошчы і аб’ёмы будынкаў. Аналагічныя праблемы з захаваннем аўтэнтычных і прымяненнем традыцыйных матэрыялаў. Пералік можна працягваць. Такога татальнага як у Беларусі падпарадкавання рэстаўрацыйнага працэса ўсім сучасным нормам няма ў ніводнай краіне свету.
Тым не менш, распрацоўкай нарматыўнай базы для галіны рэстаўрацыі спецыяльна ўпаўнаважаны дзяржаўны орган аховы спадчыны не займаецца. Больш таго, за апошняе дзесяцігоддзе страчаны нават пераважнае права прымянення Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” і тыя заканадаўчыя прэферэнцыі, якія забяспечвалі прывабнасць гісторыка-культурных каштоўнасцей для ўкладання сродкаў на іх адраджэнне і актыўнае выкарыстанне".

Рэстаўратары ўсё часцей звальняюцца з працы і не бачаць перспектыў, нягледзячы на тое, што фронт работ на Беларусі - неабсяжны:

"Пры неабсяжным патэнцыяльным фронце работ па адраджэнню нашай нацыянальнай спадчыны з мэтаю яе выкарыстання ў выхаваўчых, турыстычных, прадстаўнічых і іншых мэтах, спецыялісты, якія па крупіцах набіралі вопыт рэстаўрацыйнай дзейнасці і адтачылі сваё майстэрства падчас работы над аб’ектамі прэзідэнтскай праграмы вымушаны займацца … капітальным рамонтам устаноў культуры. Паколькі, нават такіх работ таксама не шмат, выжыць дапамагае распрацоўка праектаў заштатных вытворчых збудаванняў і іншых выпадковых пабудоў. Такі варыянт дапамагае выжыць створанаму адносна нядаўна Праектнаму філіялу ААТ “Белрэстаўрацыя”. Арганізацыя з большым стажам рэстаўрацыйнай дзейнасці – ААТ “Праектрэстаўрацыя” не змагла так перакваліфікавацца і фактычна абанкроцілася (заробкі ГІПаў і ГАПаў знізіліся да 2 – 2.5 млн рублёў). Шэраг вядучых спецыялістаў з вялікім стажам работы звольніўся. Немалую ролю ў дэградацыі гэтай установы адыгралі эксперыметнты Міністэрства культуры са зменамі яе кіраўніцтва.

Адсутнасць рэстаўрацыйных праектных распрацовак сёння – гэта адсутнасць загрузкі кваліфікаваных рэстаўратараў-выканаўцаў заўтра. Наўрат ці можна будзе ўтрымаць іх перспектывай выканання пабелкі столяў пры рамонтах, або накрыцця сцен рубероідам для часовай кансервацыі.
 
На адзначаным фоне, даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сабраць усіх рэстаўратараў у адну моцную арганізацыю ўсяліла надзею на тое, што рэстаўрацыйная галіна не загіне і, нарэшце, зойме адпавядаючае ёй месца.

Аднак, ход выканання названага даручэння выклікае занепакоенасць і сумненне ў эфектыўнасці прымаемых мер. Відавочна, што паўтараюцца памылкі, дапушчаныя пры распрацоўцы праграмы “Замкі Беларусі” і эксперыментах са зменамі кіраўніцтва ААТ “Праектрэстаўрацыя”. Асноўная памылка, на наш погляд, высноўваецца ў тым, што рашэнні рыхтуюцца бюракратычна, фармальна сіламі аднаго толькі апарата міністэрства без прыцягнення інтэлектуальнага патэнцыялу кваліфікаваных спецыялістаў, без абмеркавання з зацікаўленымі.

Вынікам таго, што намечаная ў свой час нарада па праблемах аховы і рэстаўрацыі спадчыны так і не адбылася з’явілася тое, што праграма “Замкі Беларусі” не вытрымлівае крытыкі. Яе наяўнасць ніяк не запаўняе пустату, што ўтварылася пасля завяршэння прэзідэнцкай праграмы рэстаўрацыі найбольш значных гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны. Вынікі таго, што і затым ніхто не запытаўся ў выканаўцаў, што неабходна для нармальнай работы, не пацікавіўся, чаму звольніліся спецыялісты з унікальнай кваліфікацыяй, не прааналізаваў сітуацыю не прымусілі сябе чакаць. З Праектнага філіяла ААТ “Белрэстаўрацыя” пачала звальняцца моладзь. Надзея на пераймальнасць майстэрства гасне.
Аб’яднанне двух праектных установаў, у назвах якіх ёсць слова “рэстаўрацыя”, звольніўшыхся спецыялістаў не верне. Адна моцная арганізацыя ад такой прынятай меры не з’явіцца. Наадварот, непазбежнае пасля такога аб’яднання пагаршэнне эканамічнай сітуацыі прымусіць звольніцца і тых, што засталіся вернымі абранаму накірунку дзейнасці. Такая мера вельмі прыдатная для таго, каб адрапартаваць па форме. Па сутнасці ж, вынікі будуць прама супрацьлеглымі атрыманаму даручэнню.

Для зберажэння і развіцця ў нашай краіне рэстаўрацыйнай галіны неабходна вярнуць прэстыж прафесіі, стварыць адпаведную нарматыўную базу і забяспечыць планамерны фронт работ.

 
Вельмі просім Вас, шаноўны Павел Паўлавіч, прыняць неабходныя меры для таго, каб даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было выканана па сутнасці".

Ліст падпісалі:  Валожына Л.С., Пазнанская Ю.А., Каранкевіч А.М., Старынская В.В., Голасава Н.У., Мірончык Л.І., Каравай І.Ф., Партасёнак Г.С., Костіч Т.Ф., Полех Н.Б., Байнак А.А.,  Ваяводская А.У., Лапаціна К.Ю., Хоціна М.У., Галяціна Т.П., Панамарова Л.І., Траскоўскі Д.Г., Бубноўскі Д.С., Шчэрбацюк С.В., Гарбачова С.М., Гарэлік У.У., Гвоздзеў У.І., Несцяронак У.А.,  Сіняўскі У.П., Балацкі В.Г., Іванова Л.У., Талкачова І.П., Кухарэнка Л.В., Песенка Г.В., Еўстафьеў С.В., Марціновіч Т.І., Буйноўская Л.Ф., Гурын А.С., Базанаў С.С.
 
 
←На ликвидацию последствий катастрофы на ЧАЭС будет направлено 2 трлн. рублей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика