Андрэй Гаеў: "Прававая інфармацыя стала больш аператыўнай і даступнай для насельніцтва"

Источник материала:  

На пытанні карэспандэнта "Звязды" адказвае дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Беларусі Андрэй Гаеў.

Андрэй Гаеў: "Прававая інфармацыя стала больш аператыўнай і даступнай для насельніцтва"— Якім чынам дакладная прававая інфармацыя трапляе да спажыўцоў?

— Наш цэнтр пастаянна займаецца развіццём дзяржаўнай сістэмы распаўсюджвання прававой інфармацыі як на папяровых, так і на электронных носьбітах. Тут, у першую чаргу, маецца на ўвазе інтэрнэт (www.рrаvо.bу, www.nсрі.gоv.bу). Зараз можна з упэўненасцю казаць, што мы робім права даступным для ўсіх. І трэба падкрэсліць, што такая інфармацыя мае афіцыйны характар і падаецца аператыўна. Таксама ў сталіцы і абласных цэнтрах дзейнічаюць 7 нашых філіялаў — рэгіянальных цэнтраў прававой інфармацыі (РЦПІ), асноўная задача якіх — распаўсюджванне прававой інфармацыі на месцах.

— Якія асноўныя кірункі дзейнасці НЦПІ па распаўсюджванні прававой інфармацыі?

— У першую чаргу мы забяспечваем прававой інфармацыяй дзяржаўныя органы. На бясплатнай аснове ім прадастаўляюцца электронныя копіі эталоннага банка звестак прававой інфармацыі (інфармацыйна-пошукавая сістэма) "ЭТАЛОН", а таксама банк звестак прававой інфармацыі "Звод законаў Рэспублікі Беларусь".

ІПС "ЭТАЛОН" — гэта сістэма, якая дынамічна развіваецца і мае сучасны, эрганамічны інтэрфейс, графічны дызайн, вялікі набор функцыянальных магчымасцяў.

З улікам тэндэнцый развіцця інфармацыйных тэхналогій і паступовага замяшчэння друкаваных крыніц інфармацыі, у тым ліку прававой, электроннымі носьбітамі, доступ да прававых актаў з дапамогай НЦПІ могуць таксама атрымліваць суб'екты гаспадарання і грамадзяне. Для карыстальнікаў, якім не патрэбен доступ да ўсяго масіву прававой інфармацыі, цэнтрам арганізаваны выпуск тэматычных банкаў звестак на кампакт-дысках ("Бізнэс", "Індывідуальны прадпрымальнік", "Кодэксы Рэспублікі Беларусь", "Праца і прафсаюзны рух").

Акрамя фарміравання і вядзення дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў НЦПІ працуе ў галіне стварэння і папулярызацыі гісторыка-арыентаваных праектаў па праве. Серыя па гісторыі права Беларусі ўключае ў сябе тэматычныя банкі звестак "Помнікі гісторыі права Беларусі" (выпускі 1—3) і "Крымінальнае права Беларусі" (выпуск 1).

Іх можна набыць не толькі ў НЦПІ або РЦПІ, але і ў кнігагандлёвай сетцы.

Акрамя таго, цэнтрам заснавана серыя "Прававая бібліятэка НЦПІ" ў інтарэсах насельніцтва. У яе рамках выпушчаны зборнікі нарматыўных прававых актаў "Кіроўцам і тым, хто хоча імі стаць", "Правілы дарожнага руху і меры адказнасці за іх парушэнне", "Абарона правоў спажыўцоў", "Абарона правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг" і іншыя. З пачатку 2009 года па ўзгадненні з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь друкаваныя выданні НЦПІ ўключаюцца ў Пералік сацыяльна значных выданняў, якія рэкамендуюцца для набыцця бібліятэкамі.

— Якія навацыі ўнесены ў дзейнасць НЦПІ апошнім часам?

— Адным з актуальных кірункаў развіцця з'яўляецца распрацоўка інтэрфейсаў узаемадзеяння з карыстальнікамі.

Яшчэ адзін важны аспект — забеспячэнне так званай сrоss-lаnguаgе пошукавай функцыі (беларуская і руская мовы). Дэ-факта банкі звестак прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца двухмоўнымі, пры гэтым адсутнічае практыка прыняцця прававых актаў на дзвюх дзяржаўных мовах адначасова. У гэтых умовах актуальнымі з'яўляюцца пытанні якаснага машыннага перакладу як запытаў карыстальніка, так і адказаў, якія даюцца інфармацыйнай сістэмай.

У гэтым кірунку ўжо дасягнуты пэўныя поспехі. У прыватнасці, у інфармацыйна-пошукавую сістэму (ІПС) "ЭТАЛОН" версіі 6.1 інтэграваны модуль машыннага перакладу з рускай на беларускую мову і наадварот.

Неабходна адзначыць і новы шматмоўны рэсурс — базу звестак "Слоўнік юрыдычных тэрмінаў на беларускай, рускай і англійскай мовах". Праект рэалізаваны НЦПІ ў 2010—2011 гадах у рамках правядзення работ па развіцці юрыдычнай тэрміналогіі нацыянальнага заканадаўства. На сённяшні дзень база звестак змяшчае больш як 7 тысяч тэрмінаў на рускай мове з перакладамі на беларускую і англійскую мовы. Лексіка ў поўнай меры адлюстроўвае разнастайнасць і асаблівасці сучаснай тэрміналогіі беларускага заканадаўства.

— Аператыўнае распаўсюджванне прававой інфармацыі прадугледжвае развіццё сучасных тэхналогій. Што зроблена ў гэтай сферы?

— Сёння мы валодаем сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, якія актыўна выкарыстоўваем у сваёй працы. НЦПІ фарміруе і вядзе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, які з'яўляецца асноўным дзяржаўным інфармацыйным рэсурсам у галіне права і прававой інфарматызацыі краіны ў інтэрнэце. На партале любы грамадзянін у свабодным доступе можа азнаёміцца са значнай часткай беларускага заканадаўства. Штомесяц партал httр://www.рrаvо.bу/ наведваюць да 200 тысяч карыстальнікаў. Нараўне з жыхарамі Беларусі сярод яго пастаянных наведнікаў зарэгістраваны прадстаўнікі больш чым 160 замежных дзяржаў, уключаючы Расію, Украіну, ЗША, Германію, Літву, Латвію, Польшчу і іншыя краіны.

Атрымаць доступ да поўнай і актуальнай версіі эталоннага банка звестак прававой інфармацыі (а гэта каля 150 тысяч прававых актаў) і судовай практыкі (больш як 17 тысяч дакументаў) можна з дапамогай інтэрнэт-паслугі "ЭТАЛОН-ОNLІNЕ" (www.еtаlоnlіnе.bу). Дадзенай паслугай можна скарыстацца кругласутачна з любога пункта зямнога шара, падключыўшыся на перыяд ад адных сутак да паўгоддзя. Пра яе запатрабаванасць гаворыць і той факт, што на сайт заходзяць наведнікі не толькі з Беларусі, але і з больш як 50 краін свету, сярод якіх Расія, Украіна, ЗША, Германія, Швецыя.

— Наколькі вядома, цэнтр распрацаваў і ўвёў у дзеянне Дзіцячы прававы сайт, які карыстаецца вялікай папулярнасцю ў падлеткаў...

— За час свайго існавання з 2008 года Дзіцячы прававы сайт (mіr.рrаvо.bу) трывала заняў сваю нішу сярод інтэрнэт-рэсурсаў, выклікаючы цікавасць як у дзяцей, так і ў дарослых, набыў шмат верных сяброў і надзейных партнёраў. Штомесяц яго наведваюць больш за 10 тысяч чалавек са 100 краін свету, мяркуючы па водгуках, сайт, яго гульнявая, інфармацыйная частка ім цікавыя.

Асноўная мэта стварэння сайта — аказаць дапамогу маладому пакаленню ў атрыманні юрыдычных ведаў, адказаць на "дарослыя" пытанні, даць параду, што рабіць у розных сітуацыях, расказаць пра заканадаўства Рэспублікі Беларусь і правы грамадзян нашай краіны.

Сайт створаны НЦПІ па ініцыятыве Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сумесна з шэрагам зацікаўленых арганізацый. Актыўна дапамагаюць гэтаму інтэрнэт-рэсурсу МУС, Дзіцячы Фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і іншыя.

За гады свайго існавання mіr.рrаvо.bу прыкметна ўдасканаліўся. Ён паспяхова прайшоў экспертызу, праведзеную Цэнтрам бяспечнага інтэрнэту ў Расіі пры Грамадскай палаце Расійскай Федэрацыі, Рэгіянальным грамадскім цэнтрам інтэрнэт-тэхналогій і кампаніяй "Скай Лінк" і ўключаны ў каталог бяспечных інфармацыйных рэсурсаў "Дзіцячы Інтэрнэт". У конкурсе "Лепшы сайт у сферы нефармальнай адукацыі за 2010 год" сайт заняў трэцяе месца і ўзнагароджаны дыпломам інтэрнэт-прэміі "TІBО-2011". У яго інфармацыйнай частцы "Бібліятэка" з'явіўся новы раздзел "Карысная інфармацыя", дзе змяшчаюцца звесткі для дзяцей і падлеткаў, бацькоў, настаўнікаў. Акрамя таго, сайт абсталяваны інтэрактыўнай flаsh-картай свету з інфармацыяй аб замежных краінах, іх прававой сістэме. На ім арганізавана "Віртуальная прыёмная", дзе на пытанні адказваюць члены Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. На mіr.рrаvо.bу праведзена восем дзіцячых конкурсаў. І гэта далёка не поўны пералік дасягненняў сайта.

— Андрэй Анатольевіч, якія планы ў НЦПІ на будучыню, над якімі праектамі і праграмамі працуе?

— Сёння пры функцыянаванні любой сістэмы, у тым ліку і дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі (ДСПІ), прынцыпова важным момантам з'яўляецца эфектыўнасць яе арганізацыі. Таму мы плануем удасканальваць створаную сістэму і тэхналогію, што дазволіць аптымізаваць працу нашага цэнтра і дзяржаўных органаў у сферы збору, уліку, апрацоўкі, захоўвання, сістэматызацыі, актуалізацыі эталоннай прававой інфармацыі, яе распаўсюджвання (прадастаўлення), а таксама афіцыйнага апублікавання прававых актаў.

Мы і надалей маем намер развіваць і ўдасканальваць ДСПІ і дзяржаўныя інфармацыйна-прававыя рэсурсы, абапіраючыся на перадавы вопыт замежных калег, а таксама на агульнасусветныя тэндэнцыі развіцця прававой інфарматызацыі.

Сяргей КУРКАЧ.

←Сколько стоит рыночный имидж ЖКХ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика