АЛЁ, Народ на провадзе
Танцы да ўпаду
Наша мясцовасць да 17 верасня 1939 года была пад Польшчай, таму калгасы ствараліся пазней. Старшынямі спачатку выбіралі найбольш актыўных сялян, потым райкамы сталі прысылаць сваіх людзей. Тыя маглі не дужа разбірацца ў сельскай гаспадарцы, але ж дзяржпастаўкі выконвалі, хаця часам галоднай пакідалі скаціну. Ды і калгаснікі ўвесь год працавалі "за палачкі", за працадні. У канцы года за іх маглі налічыць нейкі мізэр няякаснага зерня ды вартыя жалю капейкі...
Цяжка жылося, але ж моладзь любіла павесяліцца. Танцы летам ладзіла ў таках (гумнах). Папярэдне там выроўнівалі гліняную падлогу, сцены і дах упрыгожвалі кветкамі ды бярозкамі, лаўкі засцілалі саматканымі посцілкамі. Для музыкаў з дошак збівалі "подыум" альбо на калоды клалі некалькі дзвярэй.
Такі "клуб" дзейнічаў па суботах-нядзелях, па чарзе ў кожнай вёсцы.
Зімой дамаўляліся з гаспадарамі самых прасторных хат. Музыкі звычайна былі свае, вясковыя: гармонік, скрыпка і бубен.
А бывалі 1—2 разы на год і гучныя вечарыны. На іх запрашалі ўжо хлопцаў, дзяўчат і з далейшых вёсак. Іграць наймалі цэлыя ансамблі — з баяністам, цымбалістам, скрыпачом, кларнетыстам і — абавязкова — з "ударнікам". Бо як жа без бубна і без талерак?
Не такія, як цяпер, былі і самі танцы: танчыць трэба было ўмець.
Запрашалі пераважна кавалеры — лёгкім паклонам. І выводзілі дзевак у круг. Закончыўшы танец, кожны абавязкова адводзіў партнёрку на месца. Здаралася, некаторыя пераборлівыя дзяўчаты адмаўляліся танцаваць з адным і другім, чакаючы трэцяга — таго, хто падабаўся. І тады спрацоўвала хлапечая салідарнасць. Аб'яўляўся байкот: ніхто дзяўчыну ў круг не выводзіў. Такія перабіракі "пяклі бульбу" — увесь вечар сядзелі альбо танцавалі з сяброўкамі. А гэта ўжо ганьба.
У модзе ў той час былі: вальс (у тым ліку дамскі — з адбоем), факстрот, танга, кракавяк, падэспань... Але ж самы шык — беларуская полька!..
Бывала яшчэ рабілі "складчыны": дзяўчаты рыхтавалі закускі, хлопцы — выпіўку, і перад танцамі або ў час перапынку ўжо ў іншай хаце частаваліся. Але ж каб хто напіваўся — Божа барані! Абыходзілася неяк і без лаянкі, без брыдкаслоўя. Карацей: "Танцы былі да ўпаду, а пацалункі — да раніцы".
Чаму да ўпаду? Вось пра гэта і гісторыя.
У 1954 годзе ў наш узбуйнены калгас "Палітаддзелец" старшынёй быў прызначаны конюх-возчык райвыканкама (назавём яго Пятровічам). Сам па сабе чалавекам ён быў някепскім, але ж дужа любіў, глынуўшы шклянку-другую, рынуцца ў танцы.
І каму такое спадабаецца? Немалады, жанаты, з "водарам" сівухі, а запрашае... Вось дзве дзеўкі, якіх старшыня найбольш любіў "карагодзіць", і вырашылі яго правучыць. Папрасілі хлопцаў, каб тыя яго падпаілі, а далей...
Станцаваўшы кракавяк, Пятровіч з партнёркай апусціўся на лаўку. Яе сяброўка падсела з другога боку. Пачалі жартаваць, абдымаць "кавалера" і, гуляючы, расшпілі дзягу, на якой трымаліся порткі... Музыкі ж тым часам рэзнулі польку. Пятровіч тут як тут — падхапіўся! І рушыў бы на сярэдзіну залы, каб не быў... спутаны: порткі ўміг аб'ехалі на падлогу, звязалі ногі...
Смех у зале грымнуў такі, што аж шыбы зазвінелі. Разгубіўся "кавалер", не ўтрымаўся, паваліўся на падлогу.
Некалькі хлопцаў, праўда, тут жа падхапілі — і штаны, і танцора, вывелі ў сенцы, адправілі дадому.
З той пары аматар полькі забыў дарогу на вячоркі. А вось выраз — танцы да ўпаду — нам з вамі пакінуў.
Альфрэд ТЫЧКО, в. Ідолта, Мёрскі раён.
З вялікага грому...Не зраблю адкрыцця, калі скажу, што жыццё на рацэ, а тым больш такой, як наш Днепр, выхоўвае людзей, узбагачае і шмат чаму вучыць. Лучынцы, прынамсі, ад веку плытагоны, ад веку рыбаловы. І мытня тут была, калі праходзіў шлях "з варагаў у грэкі", і даніну мы смаленскаму князю плацілі — не абы-чым, заўважце, асятрамі! Бо вяліся яны, пакуль ніжэй па цячэнні плацін не наставілі.
Што важна, рыбачылі ў нас не толькі мужыкі, але і бабы.
Чым лавілі? Апроч іншага — "таптухамі", браднікамі, нават... кранамі. Варварскі спосаб — кабель у ваду, напругу даў, потым усяго і спраў, што сакам рыбу сабраць... (Да слова, неяк "пад гэту раздачу" трапіў шчупак кілаграмы на тры. Дык з таго пярэпалаху выскачыў з вады — і на хвасце да сярэдзіны Дняпра даляцеў. Мужыкі за ягоны лёс хваляваліся — ведама "шыбануты...")
З кранам і яшчэ адна прыгода была. У той час працаваў на ім лучынец Міхайлавіч. І вось жа чалавек! Не ўмеў ён ні чытаць, ні пісаць ні па-руску, ні па-беларуску, адукацыі — два класы польскай школы. А кран ведаў як "Ойча наш", як свае пяць пальцаў — іспыты здаў, сам рамантаваў, любую прыладу да яго мог зрабіць.
А ў душы ж рыбак...
То задумаў ён і нават прывязаў да крана свайго... "павука" памерам чатыры метры на чатыры.
Засталося запусціць...
Паглядзець, як тое здарыцца, як мужыкі будуць кранам рыбу лавіць, ці не ўся акруга сабралася. Зачапілі яны гэтага монстра-павука за гак. Вось Міхайлавіч кранам падняў яго... "Утапіў" у вадзе, "палошча" (страла дастае да сярэдзіны Дняпра). Вось выцягвае...
Не, з тэхнічнага боку задума была бездакорнай. Адно ўпусціў рыбак: кран яго стаяў там, дзе грузілася драўніна. Месца гэта шумнае, тлумнае. Ну якая ж рыба пойдзе туды? Хіба самагубка альбо карась — як самы тупы...
Таму Міхайлавіч са свайго павука "чатыры на чатыры" зрабіў чатыры малыя — для сваіх сыноў. Яны, трэба сказаць, па бацьку пайшлі — майстравыя, талковыя... І, вядома ж, рыбакі. Сапраўдныя.
Соф'я Кусянкова,в. Лучын, Рагачоўскі раён.
Ці быў грэх?..Гэтай гісторыі ўжо многа гадоў. Нікому і ніколі я яе не расказваў. Неяк не да твару было вайсковаму палітработніку і — у нейкай ступені — маралісту...
Але ж я ўсё жыццё помніў яе, помніў светла, з усмешкай, не адчуваючы пры гэтым ніякай віны.
...З Масквы, з камандзіроўкі, я ляцеў самалётам — у Орск. Надвор'е было дрэннае, таму пасадзілі нас значна раней — у Казані. А адтуль таксама было не вылецець: адпраўку некалькі разоў пераносілі, урэшце ж і наогул абвясцілі, што рэйс адкладваецца аж да ранку наступнага дня. Усё б нічога, але ж наступны дзень быў 1 студзеня!
Можна ўявіць пачуцці пасажыраў... Добра яшчэ, што хоць у аэрапорце нас не пакінулі — выдалі талоны ў гасцініцу.
Там ля акенца адміністратара я быў перадапошнім. Наперадзе стаяла прыгожая і (што відаць было здалёк) вельмі стомленая жанчына з маленькім дзіцем.
— Вось і добра, — убачыўшы нас, узрадавалася дзяжурная, — у мяне застаўся якраз адзін нумар. І ён — ваш!
Маладзіца памкнулася было запярэчыць, што мы не сям'я, не муж і жонка. Але я па-вайсковаму рашуча шапнуў ёй, каб прамаўчала, бо каму ж гэта ахвота прасядзець усю ноч (а тым больш навагоднюю!) у зале чакання?
Ужо ў пакоі, дзе, дзякаваць Богу, былі і ложак, і канапа, я патлумачыў жанчыне свой учынак, папрасіў прабачэння, паабяцаў, што не ствару ёй з малым аніякіх нязручнасцяў, бо ёсць жа дзе легчы — усім. Я, прынамсі, паклаў пад галаву згорнуты вайсковы мундзір, накрыўся шынялём, падзякаваў выпадковай суседцы за яе дабрыню, павіншаваў з надыходзячым і, змучаны камандзіроўкай, дарогай, імгненна заснуў.
Прачнуўся ад таго, што мне цяжка дыхаць, не хапае паветра, а твар упіраецца ў штосьці пругкае і адначасова мяккае.
Рукі (памылкі быць не магло)адразу "пазналі" жаночае цела — вабнае, гарачае, здольнае "запаліць" нават сталага мужыка, а ўжо маладога...
Чаго толькі ў нас не было ў тую навагоднюю ноч! Калі з цягам часу я прачытаў "Камасутру", то зразумеў, што многае з яе ўжо "праходзіў". Тады...
...І сёння я помню тую жанчыну, тую гасцініцу, тую ноч. Часам яна падаецца мне чароўным сном, марывам, казкай, якая доўжыцца і доўжыцца. Бо нічога больш нечаканага, больш дзіўнага і больш прыемнага ў мяне, здаецца, не было і ўжо не будзе.
Ці быў гэта грэх? Я не ведаю.
М. Б., г. Гомель.
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.