Vіvа Куба!

Источник материала:  

13 лістапада 2012 года адбылася прэс-канферэнцыя надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Альфрэда Ньевеса Партуонда з нагоды прыняцця ў ААН рэзалюцыі "Аб неабходнасці спынення эканамічнай, гандлёвай і фінансавай блакады, уведзенай Злучанымі Штатамі Амерыкі супраць Кубы". Паўдзельнічаць у прэс-канферэнцыі ў якасці судакладчыка прапанавалі і мне.

Vіvа Куба!Альфрэда Партуонда абмаляваў прысутным журналістам сітуацыю з прыняццем Генеральнай Асамблеяй ААН згаданай рэзалюцыі, асабліва падкрэсліўшы, што гэта галасаванне, якое будзе праводзіцца ўжо 21 раз. У 2011 годзе ў падтрымку кубінскай рэзалюцыі выступіла 186 дзяржаў — членаў ААН, а супраць прагаласавала толькі дзве, уключаючы самі Злучаныя Штаты. Пасол Рэспублікі Кубы адзначыў, што такая аднадушная падтрымка ў ААН надзвычай рэдкая і сведчыць аб усеагульнай падтрымцы пазіцыі Кубы. Ён таксама падкрэсліў, што Куба як суверэнная дзяржава не баіцца выступіць супраць такой вялікай дзяржавы, як ЗША, адчуваючы сваю праўду. Была названа ім і агульная сума ўрону, нанесенага Кубе амерыканскай блакадай за больш чым 50 гадоў. Ён складае 1 трыльён 66 мільярдаў долараў (з улікам абясцэньвання долара ў дачыненні да золата). Як гэта і пацвярджаецца думкай пераважнай колькасці краін свету, эканамічная блакада Кубы з'яўляецца незаконным і варожым актам, які парушае міжнароднае права, супярэчыць палажэнням і прынцыпам Статута ААН, парушае права суверэннай дзяржавы на мірнае існаванне, развіццё і бяспеку і можа па сваёй сутнасці і мэтах кваліфікавацца як акт генацыду паводле Жэнеўскай канвенцыі 1948 года.

Пасол прывёў шэраг эпізодаў, якія дэманструюць негатыўны ўплыў блакады на развіццё Кубы. Урад ЗША штрафуе замежныя банкі на сотні мільёнаў долараў за ажыццяўленне законных фінансавых трансакцый у інтарэсах Кубы, дапамагае амерыканскім прадпрымальнікам прысвойваць кубінскія таварныя знакі і маркі, якія не маюць нічога агульнага з ЗША. Альфрэда Партуонда таксама выказаў падзяку міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею за тое, што ў сваім выступленні ў ААН ён закрануў тэму блакады Кубы і загадзя падзякаваў беларускаму ўраду за падтрымку кубінскай рэзалюцыі ў ААН.

У сваім выступленні я нагадаў прысутным, што блакада ЗША супраць Кубы з'яўляецца толькі адным з апошніх эпізодаў пастаяннай дзейнасці ўрада ЗША супраць суверэнных правоў кубінскага народа. У ХІХ стагоддзі Куба была іспанскай калоніяй, якая прыносіла іспанцам велізарныя багацці. Асновай экспарту Кубы быў цукар, які ў тыя часы адыгрываў такую ж важную ролю ў міжнародным гандлі, якую цяпер адыгрывае нафта. Перыядычна Куба была найбуйнейшым экспарцёрам цукру на сусветнай арэне, што не магло не быць заўважана ў ЗША, магутнасць якіх пастаянна расла на фоне падзення ўплыву Іспаніі. У той жа час у ЗША разумелі, што спроба зрабіць Кубу калоніяй па ўзоры Іспаніі пасля адрывання ад яе можа абысціся занадта дорага, паколькі свабодалюбны кубінскі народ прадэманстраваў непрымірымасць у барацьбе за незалежнасць з іспанскімі каланізатарамі, што стала вельмі дорага абыходзіцца іспанскай кароне. Таму ЗША выбралі напаўкаланіяльную формулу панавання над Кубай, якая дазваляла б спакваля кантраляваць палітыку і эканоміку Кубы, атрымліваць жаданыя багацці з эксплуатацыі вострава, не сутыкаючыся з неабходнасцю душыць паўстанні. Засталося толькі адабраць Кубу ў Іспаніі і рэалізаваць задуманую формулу кантролю. У рамках вайны з Іспаніяй за яе калоніі ў Амерыцы амерыканскі ўрад падмануў кубінскіх патрыётаў, прыняўшы ў Кангрэсе папраўку Тэлера, у адпаведнасці з якой ЗША прапанавалі сваю дапамогу кубінцам супраць іспанскага ярма, паабяцаўшы пасля сумеснай перамогі над Іспаніяй гарантаваць суверэнітэт Кубы. Кубінцы прынялі ваенную дапамогу супраць іспанцаў, але пасля перамогі над каланізатарамі ЗША адмянілі папраўку Тэлера, прыняўшы законапраекты, у адпаведнасці з якімі Куба стала фактычна напаўкалоніяй ЗША. Быў уведзены жорсткі нагляд за ўсімі дзеяннямі кубінскага ўрада, на Кубе атабарыўся амерыканскі ваенны кантынгент, закліканы кантраляваць лаяльнасць кубінцаў, Кубу прымусілі саступіць шэраг тэрыторый пад базы ЗША рознай скіраванасці, уключаючы сумна вядомае Гуантанама.

На фоне гэтых гістарычных падзей цяперашняя бяспрыкладная па працягласці і разбуральных наступствах блакада ЗША не выклікае здзіўлення. Калі ў 1959 годзе на Кубе перамагла рэвалюцыя і новы ўрад сканцэнтраваў у сваіх руках усе суверэнныя паўнамоцтвы над краінай, не жадаючы больш дзяліцца імі з ЗША, вялізная амерыканская імперыя была абражана стратай кантролю над важнай у стратэгічных адносінах тэрыторыяй. Так і склаліся перадумовы для прыняцця ў наступныя гады рашэння аб увядзенні блакады. Яна ніяк не звязана з праблемамі дэмакратыі на Кубе, як беспаспяхова спрабавалі пераканаць свет амерыканцы. Блакада толькі дэманструе несуцішнае жаданне амерыканцаў вярнуць сабе кантроль над тэрыторыяй і народам Кубы. І яны не адмаўляюцца ад блакады, баючыся "страціць твар" і здацца слабымі. Я таксама адзначыў, што цяперашні гадавы ўзровень ВУП Кубы ў дзесяць тысяч долараў на жыхара мог бы быць у 2—2,5 раза вышэй, зрабіўшы тым самым Кубу адной з найбагацейшых краін у Лацінскай Амерыцы, калі б не блакада з боку ЗША. Куба прадэманстравала здольнасць да гэтага, здолеўшы нават ва ўмовах такой жорсткай блакады дамагчыся ўзроўню медыцыны лепшага, чым у Лацінскай Амерыцы.

Сяргей КІЗІМА,

загадчык кафедры міжнародных адносін

Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь,

доктар палітычных навук.

←Дух креатива

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика