"Каб сказаць... І пачулі"
"Вечар. Гасцініца. Пакой — як добрай бабе сесці, але ўсё ў ім ёсць — і ложак, і стол, і крэсла, ды што там — нават карціна, радыё!
Прычым знаёмае — дома калісь такое было. Прыемна паглядзець (нават пагладзіць!), прыемна павярнуць рычажок. І... аж сесці, пачуўшы адтуль даўно знаёмае, здаўна любімае, пранікнёна-пяшчотнае:
"Ты — моя мелодия,
Я — твой преданный Орфей.
Все, что нами пройдено,
Помнит свет нежности
твоей..."
Магамаеў. Незабыўны, непаўторны голас. З таго свету, можна сказаць...
Колькі ж гадоў на гэтым яго не чуваць было?!
...Для таго, каб зноў загучаць (хоць у запісах), для таго каб свету — гэтаму — яшчэ раз "сказаць", кім ты быў і якім, трэба памерці.
Не толькі артысту".
"Каб сказаць... І пачулі" — так называецца і гэты абразок, і цэлы зборнік мініяцюр Валянціны Доўнар. На паліцах кнігарняў ён з'явіўся зусім нядаўна, але ж, відавочна, знайшоў сваіх чытачоў яшчэ да... выхаду. Таму асобныя з іх — падпісчыкі "Звязды", прыхільнікі аўтарскай рубрыкі "Простая мова" — і прыехалі на прэзентацыю кнігі ў сталічную кнігарню "Светач". Што ўразіла — нават з Віцебска...
Варта зазначыць, на фінішы года "Звязда" прэзентуе, так бы мовіць, дзве вялікія кнігі, так што ў тых, хто завітаў у "Светач", была цудоўная магчымасць ці не першымі патрымаць у руках новы фотаальбом Анатоля Клешчука "Беларусь. Зямля песняроў", пазнаёміцца з аўтарамі. І хоць здымаюць і пішуць звяздоўцы лепш, чым расказваюць (а тым больш пра сябе), адведзенага часу ім падалося мала.
...Па папярэдняй дамове на 13 лістапада плануецца прэзентацыя звяздоўскіх кніг у горадзе Беразіно.
Алесь Жох