Кіеў: горад, які яднае

Источник материала:  

У Кіеў я прыехала на адзін дзень на канцэрт музычнага гурта. Паколькі трапіла ў гэты горад упершыню, адразу пачала вылучаць адметнасці і праводзіць параўнальны аналіз нашай і ўкраінскай сталіц.

Першае ўражанне. Блізкасці

Яно жорстка разышлося з маімі ўяўленнямі пра Кіеў. Замест тлуму і мітусні "маці гарадоў рускіх" мяне ахінула атмасфера даволі ціхага і вельмі самабытнага гарадка. І толькі пазней, калі я трапіла на Сафійскую плошчу, нарэшце прыйшло разуменне, што я менавіта ў тым Кіеве, які сабе ўяўляла: з шырокім пляцам, саборамі і велічнай архітэктурай. А ўвогуле Кіеў — неверагодна цікавы горад са сваім непаўторным каларытам. У ім пераплятаюцца старажытнасць вузкіх брукаваных вулачак і візантыйскіх храмаў са строгасцю савецкіх будынкаў (якія, дарэчы, чамусьці амаль непрыкметныя на агульным архітэктурным фоне), эклектыкай асабнякоў ХІХ стагоддзя, шклянымі новабудоўлямі, па-еўрапейску арганізаванымі забавамі, сценавым графіці і зусім правінцыйным вольным гандлем на плошчах, вуліцах і ў падземных пераходах. Тут вельмі шмат турыстаў, але, прыехаўшы з-за мяжы, не адчуваеш сябе чужынцам на гэтай зямлі. Гэты горад яднае і дае пачуццё блізкасці ўсіх людзей.

Нататкі з падзямелля

Першы аб'ект, з якім мне давялося пазнаёміцца ў горадзе на Дняпры, — гэта метро. Кіеўскі метрапалітэн існуе з 1960 года. У параўнанні з мінскім уражвае глыбіня некаторых участкаў, вільгаць і пах цвілі, а таксама даволі простае афармленне станцый. Эскалатары такія даўжэзныя, што мне падумалася: калі б пісьменніца Агата Крысці, якая сачыняла раманы падчас мыцця посуду, раптам апынулася ў кіеўскім метро, за спуск/уздым яна прыдумала б не адзін сюжэт для сваіх кніг. А яшчэ ў некаторых месцах метро выходзіць з-пад зямлі. Кіеўскае метро мае тры веткі і не такое загружанае, як у Мінску. І ўсё ж нашая падземка ў параўнанні мне падалася больш цікавай і ахайнай.

"Развод" па-кіеўску

Куды адразу неабходна трапіць у Кіеве, ведаюць нават непадрыхтаваныя турысты кшталту мяне і маёй кампаніі па вандроўцы. Таму першай кропкай нашага імправізаванага маршруту стаў Майдан Незалежнасці і Крашчацік. Не паспелі мы выйсці з метро, як да нас падскочыў чалавек у касцюме тыгра з мульціка пра Віні-Пуха, пачаў распавядаць пра горад і прапаноўваць сфатаграфаваць нас на фоне славутасцяў. Тут жа аднекуль з'явіўся пераапрануты ў мядзведзя маладзён і далучыўся да фотасесіі. А потым пачалося самае цікавае. Мы, безумоўна, здагадваліся, што фатаграфаванне не бясплатнае. Але калі "Тыгр" запатрабаваў з кожнага па 25 грывен (прыкладна 25 тыс. беларускіх рублёў) за адну (!) фатаграфію (а зроблена іх было каля дзесяці), мы абурыліся. Добра яшчэ, калі б здымкі рабіў прафесійны фатограф на сваю камеру і друкаваў іх. А так хлопцы карысталіся нашым апаратам, не улічваючы элементарных законаў кампазіцыі і не асабліва пытаючыся нашай згоды на фатаграфаванне... Бачачы, што мы не паверылі іх расповеду пра тое, што яны бедныя студэнты і такім чынам зарабляюць на вучобу, маючы 10% з фотасесіі, фатаграфавальшчыкі атрымалі з нас траіх па 25 грывен (і гэтага было зашмат!) і адчапіліся. А мы пасля такога "разводу" па-кіеўску больш не пагаджаліся на шматлікія прапановы пагладзіць ручных галубоў і паціснуць лапу гіганцкаму плюшаваму зайцу.

Кіеў: горад, які яднае

Што там рэдка пабачым?

Калі вярталіся ў Мінск, на ўездзе ў горад мой хлопец заўважыў: "Нібы ў Расію прыехалі, а не ў Беларусь". І праўда: абсалютная большасць надпісаў, вывесак, білбордаў — на рускай мове. У Кіеве ж рэдка дзе пабачыш рускамоўны надпіс. Усе назвы — па-ўкраінску, а подпісы ўсіх аб'ектаў і нават бэйджы ў афіцыянтак у кавярні дубліруюцца лацінкай — для турыстаў. Што датычыцца гутарковага маўлення, то кіяўляне карыстаюцца як рускай, так і ўкраінскай мовамі. Прынамсі, на ўкраінамоўнага тут не глядзяць вачыма "ў пяць капеек", як гэта часам адбываецца ў Мінску з беларускамоўнымі. Дарэчы, нашую беларускую гаворку, за выключэннем некаторых асобных слоў, цудоўна разумелі ўсе, да каго б мы ні звярталіся.

Што пачым, або Тое на тое

Часу для мэтанакіраваных паходаў па крамах не было, таму ўдалося зазірнуць толькі ў некалькі гандлёвых кропак у цэнтры горада. Трапляліся ў асноўным буцікі, цэны на адзенне ў якіх былі роўныя з нашымі, а то і вышэй, чым мінскія. Зайшоўшы ў краму з мужчынскім абуткам, мы хутка пакінулі яе: няма чаго рабіць — везці з Кіева чаравікі за паўтара мільёнана на нашы грошы!.. Нізкімі былі цэны на мабільныя тэлефоны: апараты на дзве сім-карткі можна набыць пачынаючы ад 200-300 грывен, а прыстойны тэлефон з qwеrtу-клавіятурай — за 700 грывен (амаль тое самае ў пераліку на беларускія тысячы). Што датычыцца прадуктаў, то цэны прыкладна аднолькавыя што ў Мінску, што ў Кіеве. А вось мае любімыя ўкраінскія цукеркі і шакалад каштуюць значна танней, чым у Мінску. Выгадна можна набыць піва і ялавічыну, а вось цэны на сыры і здобу тут такія ж, як і ў нас.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Фота Аляксандра ГАЛКОЎСКАГА

←Прохладное отношение к теплой инициативе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика