Нечаканыя знаходкі ў Крэўскім замку
Руіны княскай вежы Крэўскага замка XIV ст.
Рэалізацыя дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі” прывяла да загадкавых знаходак у Крэўскім замку. Магчыма, Смаргоншчына захавала рэдкія егіпецкія фарбы, састаў якіх быў распрацаваны яшчэ ў Антычнасці.Новыя археалагічныя даследаванні Крэўскага замка пачаліся сёлета ў кастрычніку. Работы вядуцца ў самай вялікай вежы замка, вядомай як Княжацкая, ці Кейстутава.
Археолагаў зацікавілі фрагменты фрэсак, якімі былі аздобленыя жылыя пакоі. Здзівіла тое, што пры роспісе невядомыя мастакі выкарыстоўвалі насычаную сінюю фарбу, вядомую як “егіпецкая сіняя”. Распрацавалі яе ў старажытным Егіпце, але ў Сярэднявеччы перасталі ўжываць, бо была страчаная рэцэптура. Фарбу аднавілі толькі ў Італіі падчас Рэнесансу.
Адкрыццё ў Крэве дае падставу меркаваць, што раней за італьянскіх майстроў гэта зрабілі ў Беларусі.
Да таго ж крэўскія фрэскі варта вызначаць як сценапіс. Бо фрэска — гэта нанясенне фарбаў на вільготную тынкоўку. У Крэве ж распісвалі сухую.
Даследаванні прадоўжацца ў найбліжэйшыя дні. Магчыма, нас чакае сенсацыя ў сферы гісторыі мастацтва.
Алег ДЗЯРНОВІЧ.
Фота Алега ДЗЯРНОВІЧА.