На тры мікрараёны адзін садок
У садку дзецям падабаецца, але бацькам не заўсёды проста завезці туды дзіця.
Сёлета ад 12 студзеня працуе новы дзіцячы садок №7 “Казка” у шостым мікрараёне.Яго адкрыццё было вялікай радасцю для бацькоў – жыхароў шостага, а таксама дзясятага і адзінаццатага мікрараёнаў, бо новы садок недалёка ад дома.
Але “Казка” разлічаная толькі на 230 месцаў, якіх не хапае ўсім ахвотным.
Складана завезці дзіця ў садок
– Вазіць дзіця ў грамадскім транспарце заўсёды было праблемай. Бо нашы людзі нават месца саступіць не могуць! Але я ўжо прызвычаілася. Калі звыкнешся, усё робіцца лягчэй, – распавядае маладая мама Іна Янкоўская.
– Ездзіць з дзецьмі з шостага мікрараёна пасля сямі гадзін раніцы сапраўды вельмі складана, бо аўтобусы ўсе перапоўненыя, – гаворыць пра тое ж Ірына Крыўко. – З-за гэтага я павінна вазіць дзіця бліжэй да васьмі гадзін, калі амаль усе людзі ўжо на працы. Да таго ж даводзіцца ссоўваць свой працоўны графік на гадзіну наперад.
Але акрамя праблемы з аўтобусамі ёсць і іншая.
– У мяне дзве дачкі. Сёлета ім споўнілася тры гады. Самы час у садок, але паблізу ўсе ўкамплектаваныя, ёсць толькі месцы ў садку каля хлебазавода. Канешне, адна двое дзяцей я не змагу завезці. Ужо спрабавала хадзіць у аддзел адукацыі, але без чаргі ў сёмы садок амаль немагчыма патрапіць. Даводзіцца сядзець дома без працы і без грошай, – уздыхае Ганна Ануфровіч.
Месца не хапіла нават шматдзетнай маці
– Мы сталі ў чаргу ў садок №7 за тры гады да яго будаўніцтва. Але сёлета ў яго патрапіла толькі сярэдняя дачка. Старэйшай не хапіла месца. Давялося пісаць заяву ў аддзел адукацыі. На шчасце, уладкаваць дачку ў сёмым садку атрымалася, – расказвае шматдзетная маці Марыя Бельская.
Як трапіць у садок №7?
Пра гэта распавядае галоўны спецыяліст сектара арганізацыйна-педагагічнай працы і дашкольнай адукацыі Наталля Сідарэнка:
– Трэба прыйсці ў прыёмны дзень – сераду – у аддзел адукацыі горада Маладзечна (вул. Маркава, 14) і стаць у чаргу. Запісацца могуць усе ахвотныя. Людзі стараюцца ўладкаваць дзіця недалёка ад дома, таму пераважна ў сёмы садок запісваюцца тыя, хто жыве непадалёк.
– Колькі чалавек стаіць у чарзе?
– Пакуль чаргі няма. Усе дзеці ўладкаваныя. Мы ставім у чаргу, калі нідзе няма месцаў. Цяпер жа, хай далёка ад дома, але ўсе дзеці ходзяць у садкі. Напрыклад, сёлета мы набіралі тры групы, або 45 чалавек. Уладкоўвалі па чарзе. У наступным годзе таксама будзе набірацца 45 чалавек.
У Маладзечне садкоў хапае
Начальнік аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Іна Драпеза тлумачыць пра агульную сітуацыю з дзіцячымі садкамі ў Маладзечне:
– Набіраючы дзяцей у сёмы садок, мы разглядаем заявы бацькоў. Спачатку глядзім на льготы. Дзяцей з шматдзетных сем’яў, інвалідаў бяром у першую чаргу.
– Ці набіраеце дзяцей, якія жывуць далёка ад садка, калі ёсць заявы ад бацькоў з бліжэйшых дамоў?
– Канешне. Мы маем права ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі прымаць у садок дзяцей, не разглядаючы іх месца жыхарства. Можа ж быць такое, што бацькам, напрыклад, сюды зручней вазіць, таму што працуюць блізка?
– А ці ёсць дзеці, якія ўвогуле садок не наведваюць?
– Калі браць ад года да шасці, то ў садкі не ходзіць каля 20 працэнтаў. Але ж да трох год толькі адзінкі ходзяць у садок.
– Ці трэба гораду новыя садкі?
– Не. Усім месца хапае. Мы ж не Бараўляны. Там увогуле месцаў няма. Бацькам прыходзіцца наймаць няньку. У нас месцы ёсць. Нават калі раптам павялічыцца колькасць дзяцей, ёсць рэзерв. Можа, бацькам і нязручна вазіць дзяцей у аўтобусах праз увесь горад, але мы заўсёды можам прапанаваць месца. Канешне, на сёння ўсім бацькам хочацца ўладкаваць сваё дзіця ў сёмы садок, бо ён самы новы і сучасны.
Ганна ШАКЕЛЬ, школа маладога журналіста.
Фота Настассі РОЎДЫ.