«Трэба здымаць фільмы пра дзівакоў, у якіх мараль вельмі глыбока сядзіць…»

Источник материала:  
НЕ ТАК даўно трапіла на спектакль нашага знакамітага драматурга Аляксея Дударава «Не пакідай мяне…» Пайшла са сваяком з вёскі, які ніколі не быў у тэатры! Колькі ў яго было ўражанняў! «Я і смяяўся, і нават слязу пусціў. Спадабалася», — прызнаўся сваяк. У Аляксея Ануфрыевіча выдатна атрымліваюцца шчым- лівыя сцэны. Успомніць хаця б фільм «Белыя росы». «Калі глядзіш стужку, то і смяешся, і неяк лёгка сябе адчуваеш, а потым думаеш: а чаму ж табе ўсё-такі так сумна? Нейкая дзіўная гісторыя», — кажа сам драматург Аляксей ДУДАРАЎ, чарговы госць «Суботніх сустрэч» «БН».

— Аляксей Ануфрыевіч, Вы не хацелі пісаць працяг «Белых рос», а потым усё-такі згадзіліся. Чаму?

— Я не згадзіўся, а я да гэтага дарос, саспеў. Працяг «Белых рос» напісаць проста немагчыма. Калі, дапусцім, у 1983-м мы знялі стужку, то ў 1986-м можна было напісаць другую частку. Як там сябе адчувае і выглядае стары Ходас, яго сябрук і гэтак далей. А тут жа прайшло трыццаць гадоў! За гэты час столькі ўсяго адбылося, столькі здарылася катаклізмаў. Сёння мы жывём нават не ў іншай дзяржаве, мы жывём на іншай планеце! Таму ўжо напісана кінааповесць «Белыя росы». Гэта самастойны, незалежны ад першай часткі твор. Яны звязаны па духу, інтанацыі, па адносінах да жыцця…

Ужо праўнукі пайшлі ў тых, каго няма. Але сувязь з імі існуе. У кінааповесці адзін з ключавых эпізодаў — калі збіраецца сям’я, род, усе сваякі і адзначаюць стагоддзе Фядоса Ходаса, памінаюць галаву роду. Стаіць яго партрэт, гарыць свечка. За сталом яго па-славянску памінаюць. У гэтым ёсць нейкая такая шчымлівая цеплыня, з адценнем суму, але вельмі светлая…

Адзін з рэжысёраў казаў: «Они хотят, чтобы я снял фильм про советских дурачков». Дык вось пра савецкіх «дурачков» і патрэбна здымаць фільм, толькі слова «дурачков» узяць у двухкоссе. Трэба здымаць пра тых людзей, у якіх душа жывая, і з якой ніякі прагматызм, ніякая перабудова, ніякая рэвалюцыя нічога не зробіць. Яны трошкі дзівакаватыя, чым бы ні займаліся. І гэта тыя самыя Шукшынаўскія «чудики», яны — нефарматныя, да жыцця падыходзяць па-свойму, але ў іх мараль вельмі глыбока сядзіць…

— А на якім этапе знаходзіцца новы праект «Белых рос»?

— Ён прайшоў конкурс на нацыянальны праект. А цяпер шукаюць рэжысёра. Праект курыруе непасрэдна Алег Сільвановіч, генеральны дырэктар «Беларусьфільма». І паверце, у яго душа баліць за гэты праект не менш, чым у мяне.

— Над чым яшчэ сёння працуеце?

— Год таму скончыў п’есу «Не пакідай мяне…» Але будзе здымацца серыял. «Не пакідай мяне…» — візітная картка нашага Драматычнага тэатра беларускай арміі. Спектакль пра дзяўчат, хутчэй — дзяцей на вайне, учарашніх школьніц. Пра чатырох Зой Касмадзям’янскіх. Мабыць, здымаць стужку возьмецца Аляксандр Франскевіч-Лайе, яго гледачы ведаюць па фільме «У чэрвені 41-га».

А ў Драматычным тэатры беларускай арміі мы завяршаем працу над «Рэвізорам» Гогаля. Недзе на пачатак лістапада прызначана прэм’ера.

— Вы таксама будзеце ўдзельнічаць у здымках «Белых рос-2»?

— Вядома. Але слова за рэжысёрам, гэта яму ўвасабляць кінааповесць. Калі здымалі «Белыя росы», я рэжысёру Ігару Дабралюбаву нешта раіў, Дабралюбаў са мною раіўся, але прымаў рашэнні сам. У чым сакрэт Дабралюбава і стужкі? Рэжысёр адчуў тую інтанацыю, сутнасць, хоць здымалася не ўсё так, як было напісана ў сцэнарыі. Багата чаго адышло. Нават я здымаўся ў «Белых росах», і эпізод са мной не трапіў на экран. Па сцэнарыю, Сашку Ходаса нуда заела, ён пайшоў да дырэктара рыбакамбіната, каб звольніцца. І вось гэтага дырэктара я і іграў. Але эпізод неяк не манціраваўся. Не ўвайшла ў карціну і выдатная сцэна, калі Карачанцаў і Какшэнаў сустракаюцца каля кало- дзежа. Прыязджае Сашка дахаты, а сям’я перасялілася. І вёска пустая: адчыненыя вокны, дзверы, сабак няма. І ён ідзе па вуліцы, і толькі адзін Васька, які жонцы паказваў характар, выйшаў і сустрэўся з ім каля калодзежа, расплакаўся. Сашка пытаецца: «А дзе ўсе?» — «Выселілі нас»…

— Аляксей Ануфрыевіч, Вы, вядома, бачылі «Белыя росы» да выхаду на шырокі экран? Адчувалі, што будзе поспех?

— Я быў на агучанні па просьбе Дабралюбава. Я сядзеў ад пачатку да канца. І рабіў заўвагі. І Усеваладу Санаеву, народнаму артысту СССР. І Мікалаю Карачанцаву. І адзін раз паспрабаваў Барысу Новікаву. Але толькі адзін раз, таму што зразумеў, што гэта…

— Характар!

— Гэта такая стыхія! Які, можа, нешта не тое, па-свойму, зрабіў, але трапіў! Няхай робіць, што хоча! Усё роўна будзе туды…

Я не думаў ні пра які поспех. Мне было цёпла. Мне было прыемна, дарэчы, як і зараз. Фільм «Белыя росы» прыцягвае… І гаворка не аб тым, што я сабой ганаруся. «Белыя росы» — твор, які не залежны ні ад мяне, ні ад Дабралюбава, светлая яму памяць. Фільм увогуле існуе ў нейкім сваім незразумелым вымярэнні. Там проста нейкі такі добры пратуберанец святла і цяпла вырваўся з тых, хто ствараў «Белыя росы»! На здымках была сапраўдная сям’я…

— Вядома, чытачам заўсёды цікава, як жа было на здымачнай пляцоўцы?

— Сказаць, што я ад пачатку і да канца знаходзіўся на здымках — гэта пакрыўлю душой. Але тое, што Новікаў і Санаеў, калі выйдуць з кадра, працягвалі між сабою грызціся, гэта было. Новікаў увесь час падколваў Санаева. Той ад яго адбрэхваўся. Але за ўсім гэтым стаяла цяпло. Як брат старэйшы неяк паблажліва са свайго малодшага брата можа і насміхацца, але ён яго любіць. 

— А астатнія героі? Як складваліся іх стасункі між сабой і з Вамі?

— Стэфанію Міхайлаўну Станюту я любіў, люблю і любіць буду. Барыс Кузьміч Новікаў яшчэ іграў у «Асенніх снах», якія здымаў Дабралюбаў таксама па маім сцэнарыі…

Мы сустракаліся неаднойчы і з Мікалаем Карачанцавым, і з Міхаілам Какшэнавым. Па прыездзе ў Маскву ператэлефаноўваліся. У Станіслава Садальскага я не адзін раз быў у гасцях. З Наташай Харахорынай не так даўно бачыліся ў Магілёве на сустрэчы з гледачамі. І ў рэшце рэшт, калі з кім-небудзь з тых, хто ствараў фільм «Белыя росы», здараецца бяда, то гэта ўспрымаецца як асабістае гора.

— Ці помніце прэм’еру стужкі?

— Дом кіно ў Маскве, прэм’ера фільма «Белыя росы». Прыйшлі Санаеў, Новікаў, Харахорына, Дабралюбаў, я. Садальскі быў недзе на здымках. Карачанцаў таксама адсутнічаў. Выйшаў Дабралюбаў, некалькі слоў сказаў. Прадставіў мяне: «Вось наш малады драматург». І: «Прыемнага прагляду!» Я накіроўваюся да свайго месца, а Барыс Кузьміч на ўсю залу (голасам Новікава): «Леша, а ты, что, эту хрень смотреть будешь?» Я адкрыў рот: «Ну а як жа?» — «Да брось ты! Пошли в буфет!» Палова залы, хто чуў, лягла ад смеху. Сказаў не таму, што ён хацеў насмяшыць некага… Новікаў зацягнуў мяне ў буфет. Ся- дзелі, пілі каньяк. А зала побач з буфетам. І чуваць рэакцыю гледачоў. Раз — і узрыў рогату. Другі раз. І Новікаў кажа: «Ты смотри, нравится!»

— Аляксей Ануфрыевіч, здаецца, у новай кінааповесці «Белыя росы» дзеянне будзе адбывацца зімой?

— Гэта яшчэ не вызначана. Я не ведаю, што будзе рабіць рэжысёр. Можа, усё перайначыцца. У першым фільме падзеі разгортваюцца летам, я б хацеў, каб у новай стужцы былі і вясна, і лета, і восень, і зіма. У кінааповесці напісана сцісла, але значны прамежак часу праходзіць.

— Вы, вядома, хацелі б, каб у галоўнай ролі здымаўся Генадзь Гарбук?

— Так. Дарэчы, ён багата чым з Санаевым падобны. Сапраўды, як яго сын! Яму цяпер столькі, колькі было Усеваладу Васільевічу, калі здымаліся «Белыя росы» ў 1983-м.

— Помніце, як прыдумваліся фразы для фільма?

— Фразы не прыдумваюцца. Яны нараджаюцца, калі адчуеш героя, яго сутнасць, яго інтанацыю, нейкі такі згустак энергіі. Тады ён гаворыць сам. Ты проста паспявай запісваць. Героі існуюць незалежна ад волі аўтара. І фразы самі выскокваюць. Я да гэтага часу не разумею, што смешнага ў фразе: «Гляньте на него, ровесник Суворова, а все помереть боится».

— Смешна! І добра ж сыграна Новікавым!

— Вось! Дарэчы, у мяне такое адчуванне, што я з Барыса Кузьміча, якога заўсёды любіў, на якога заўсёды радасна глядзеў на экране, калі бачыў яго ў іншых фільмах яшчэ да майго знаёмства з ім, да таго, як стаў ствараць «Белыя росы», спісаў яго героя Цімафея.

— Ці ёсць у вас любімыя сцэны ў «Белых росах»?

— У мяне ўсе любімыя. Калі Васька ў гняздзе бусла сядзіць — гэта нейкая такая сімвалічная сцэна…

— Аляксей Ануфрыевіч, хочацца ведаць трошкі пра новых герояў «Белых росаў». Цікава заглянуць у сцэнарый, што ж вы там такога напрыдумвалі?

— Новыя героі — як працяг старых. Я жыву за ўсіх, хто быў перада мной. І я нясу адказнасць за іх, і ведаю, што яны за мяне адказныя. Можа, патэтычна гучыць, аднак гэта сапраўды так. І апраўдання нечаму непазітыўнаму не існуе... Дарэчы, не так даўно перабраў сваіх герояў, якіх набралася ўжо мабыць больш, чым у мяне ёсць сваякоў, і аказалася, што дрэнных у мяне няма! Не таму, што я такі — усё дарую. Яны робяць дрэнныя ўчынкі, не туды ходзяць, грашаць, але ў іх ёсць перспектыва вярнуцца і ўсё выправіць! Ці стаць лепшымі і чысцейшымі. І такую перспектыву не я, як аўтар, даю персанажам, а гэта дадзена ўсім нам звыш.

— У кінааповесці «Белыя росы-2» многа ўвагі будзе вёсцы?

— Я не думаў, але нейкая такая думка-сімволіка ёсць. Андрэй Ходас атрымаў кватэру, з жонкай ён у рэшце рэшт развітаўся і пераехаў у вёску. Але на гэтым месцы нехта вырашыў пабудаваць катэджны пасёлак пад назвай Белыя Росы. І ўсе хаты павыкуплялі, а Андрэй сваю не прадае, да канца змагаецца, таму што ў яго там падвор’е, і дуб расце, на якім бусел жыве… І тут увага вёсцы. Наша сучаснае жыццё вёску выціскае ці пераабсталёўвае. Проста адсоўвае, адпіхвае ўбок усё тое добрае, што гэта вёска дала. Разам з гэтым прыбіраецца нешта тое, што заклікала «трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці». І Андрэй за гэта святое да канца змагаецца. А ён ужо сам стары стаў. Дзяцей няма. Але яны з’явяцца…

— Ці бываеце на сваёй малой радзіме?

— Я нарадзіўся ў Клянах Дубровенскага раёна і пражыў там дванаццаць гадоў. Потым сям’я пераехала ў Зарубы, гэта за сем кіламетраў ад Кляноў. Апошнім часам бываю толькі на Радаўніцу…

У нашай мясцовасці якраз быў Дняпроўскі рубеж, ішлі страшэнныя баі і ў 1941-м, і ў 1944-м. Багата было страляных гільзаў і цэлых патронаў, і ў кожнага меўся нямецкі штык, каскі. Калі мы, дзеці, у вайну гулялі, то апраналі савецкія і нямецкія каскі. Усё маё дзяцінства прайшло пад знакам і ў атмасферы вайны. Хоць яе ўжо не было, але яна такую страшэнную зарубку пакінула на душах людзей!

Кажуць, кожны чацвёрты загінуў на Вялікай Айчыннай. А ў маёй сям’і іх было чатыры. Маці. Бацька. Сёстры Надзя і Дзіна — 1941 і 1937 гадоў нараджэння. І бацька «ад званка і да званка» прайшоў вайну. Сустрэў перамогу ў Югаславіі. Маці з дзяўчаткамі былі ў бежанцах. Як яны толькі выжылі! І вось нас гэтая статыстыка — кожны чацвёрты! — не зачапіла. Але я недзе з жахам падумаў, што статыстыка — яна ж няўмольная. Значыць, у некага быў не кожны чацвёрты, а кожны другі. Ці кожны першы…

Я сядзеў на печцы ў Клянах і, раскрыўшы рот, слухаў, што гавораць бацькі, суседзі. Яны толькі і ўспаміналі: хто ў палоне быў, хто ў партызанах, хто ў дзеючай арміі, хто ў акупацыі. Як яны выжывалі. І тая праўда, якая ёсць і ў «Не пакідай мяне…», і ў «Радавых», і ў іншых п’есах пра вайну, — адтуль, з вёскі, з тых размоў. І, гэтага не саромеюся, з лепшай літаратуры пра вайну: Быкаў, Астаф’еў, Бондараў…

— І Сіманаў?

— Так. Сіманаў. Ён вельмі дакладна перадаў атмасферу першых дзён вайны. Нават у мяне ў спектаклі пра магілёўскую абарону «Ты памятаеш, Алёша» адна з галоўных гераінь з прозвішчам Сінцова.

— Нешта ж было і светлае ў Вашым дзяцінстве?

— У дзяцінстве было багата сонца і багата снегу. Мабыць, так здавалася. Цяпер іх не столькі. Але і дажджы, і ўсё навокал было нейкае сапраўднае. А снег — вышэй дахаў, з якіх мы коўзаліся! Бегла рэчка Расасенка. Я заўважыў, што яна ў мяне з твора ў твор перакачоўвае. І ў «Не пакідай мяне…» героі Расасенку фарсіруюць.

— Вашы спектаклі ішлі ў знакамітых тэатрах Савецкага Саюза. А ці ведаеце Вы пра пастаноўкі Вашых п’ес недзе ў глыбінцы?

— Такія спектаклі ёсць, мяне запрашаюць, але бракуе часу. Ведаю, што ў Барані ідзе спектакль «Не пакідай мяне…» І ў розных народных тэатрах. Яны не могуць не ісці. Таму што яны зразумелыя, як і ўсё ў жыцці. Калі светла — значыць светла, калі цёмна — значыць цёмна, калі баліць — значыць баліць, калі радасна — значыць радасна. І гэта не прымітыў. Іншым разам, калі баліць, то гэта добра. А калі радасна, то гэта не надта добра… Яшчэ ў Лідзе ідуць мае спектаклі. У Масты мяне часта запрашаюць, яны ставяць «Чорную панну Нясвіжа»… У рэшце рэшт, я сам пачынаў з самадзейнасці, і мне здаецца, што ў тэатрах у глыбінцы больш душы, больш любові, чым у прафесійных, дзе за ігру на сцэне атрымліваюць грошы. А калі гэта аматарскі тэатр, ці «любительский», то гэта ад слова «любоў». Таму я лічу, што творы, якія ставяць аматары, — яны сапраўдныя.

— Аляксей Ануфрыевіч, дзякуй за гутарку і за Вашу творчасць!

Гутарыла Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара

←Важнейшая экологическая инициатива

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика