На хітрага ёсць хітрэйшы

Источник материала:  

Гэта сёння нават падумаць страшна, каб лавіць рыбу сеткай, крыгай ці, барані Божа, з дапамогай электратоку. Пакаранне такое, што мала не падасца...

У тыя ж, далекаватыя, часы падобная лоўля каралася не жорстка. Ды і калі "рыбачыў" хто з начальства (нават дробнага), факты браканьерства ўдавалася "замазаць". Вось таму і вольніца была. Зламыснікі нават ганарыліся сваімі "подзвігамі", сваёй лёгкай здабычай, выхваляліся адзін перад адным. А не трэба было. Чаму? Зараз даведаецеся.

Два "тузкі" Іван Іванавіч і Сяргей Пятровіч (назавем іх так) падчас выхадных сабраліся на сваё ўлюбёнае возера. Пад вечар і, вядома ж, не згледзеўшы, як у адным з вокнаў насупраць калыхнулася фіранка, сталі згружаць у багажнік гумавую лодку, намёт, сеткі, неабходны правіянт.

І далей пайшло па плане: дабраліся, кінулі ў возера сеткі, паставілі намёт, расклалі агонь, праз пэўны час дасталі рыбкі на юшку (снасці, вядома ж, зноўку ў ваду...). А самі — ну не без таго — налілі. І па першай, і па другой... Ды пад гарачую юшачку...

За тымі чарачкамі, за прыемнай бяседай неўпрыкмет пачало змяркацца. Сяргей Пятровіч, ужо добра захмялелы, вырашыў, што самы час цяпер "падстрахавацца": рушыў да берага, а адтуль да "месца дыслакацыі" працягнуў шнур, які загадзя быў прымацаваны да сеткі. Другі ж канец перад сном ён прывязаў сабе да нагі...

Хвалі з возера закалыхвалі, лёгкі дымок ад вогнішча адганяў камароў, гаючае паветра спрыяла цудоўнаму сну... І снам — аб проста небывалым улове!

Прачнуліся рыбакі, калі сонца ўжо паднялося. Перш чым паснедаць, Сяргей Пятровіч хуценька адвязаў ад нагі прымацаваны звечара шнур — стаў намотваць яго на руку, пакрысе набліжаючыся да берага. Калі ж наблізіўся — мову адняло... Па галаве, дзе яшчэ захаваліся шэсць валасін у тры рады, пабеглі чароды мурашак: на другім канцы шнура ніякай сеткі, ніякага вялікага ўлову не было. Была... чырвоная цагліна з дзіркамі.

— Я вас парву, сабакі! — немаведама каму закрычаў рыбак.

Але ж ці пачулі яны, гісторыя замоўчвае...

Аляксандр Матошка, г.п. Расоны.

Сон у руку

Шмат незвычайнага было ў жыцці майго добрага сябра Алеся Камароўскага. Гэта, прынамсі, здарылася ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Алесь тады, пасля вучобы ва ўніверсітэце, ужо лейтэнантам трапіў на службу ў войска. І вось...

І вось пачынаецца там грандыёзны "шмон" — з інспекцыяй у Беларускую ваенную акругу едзе намеснік міністра абароны СССР (!), генерал арміі... Аляксандр Камароўскі.

На знаёмства з ім — цёзкам — Алесь асабліва не разлічваў, але ж...

Збег абставін: спачатку яму прысніўся сон, што атрымаў ён сваю, асобную кватэру. А потым...

Напярэдадні візіту высокага маскоўскага госця завітаў Алесь у букіністычную краму. І трэба ж — сярод шматлікіх выданняў на вочы яму патрапіла невялікая брашура "Фартыфікацыйныя збудаванні". Аўтар яе — той самы генерал, Аляксандр Мікалаевіч Камароўскі... Ну як было не купіць?

І вось дзень прыезду настаў. На пляцы ў ваенным гарадку ў струнку выстраілася дывізія — дэманструе сваю страявую вывучку. Але ж не толькі!

— Товарищ генерал, разрешите обратиться! — прыклаўшы руку да казырка, выпаліў Алесь.

Камандаванне дывізіі, што называецца, набрала ў грудзі паветра: што зараз будзе, якое каленца выкіне гэты лейтэнант?! Той жа хуценька дастаў з-за пазухі брашуру і працягнуў высокапастаўленаму маскоўскаму інспектару.

— Товарищ генерал, подпишите, пожалуйста!

Убачыўшы свой твор, намеснік міністра абароны заўсміхаўся (для творцы — Алесь ведаў — няма большай узнагароды, чым прызнанне таленту), выцягнуў з кішэні ручку...

— Как ваша фамилия, лейтенант? — добразычліва спытаў, каб пакінуць аўтограф...

— Комаровский, товарищ генерал!

Генерал яшчэ больш здзівіўся, яшчэ больш узрадаваўся і з задавальненнем падпісаў брашуру. А потым яшчэ і пацікавіўся, ці няма ў лейтэнанта нейкіх заўваг альбо, можа, просьбаў?

Заўваг у Алеся, вядома ж, не было. А вось просьба...

Ён тады жыў у інтэрнаце: удваіх з сябруком дзялілі пакой. І абодва збіраліся жаніцца... Таму і аднаму, і другому пазарэз патрэбна было жытло — хаця б невялічкая, але кватэра...

Бачыць такую ў снах, нават марыць пра яе не шкодна. Таму Алесь на ўсялякі выпадак загадзя падрыхтаваў заяву: прашу, маўляў, выдзеліць аднапакаёўку...

Генерал уважліва паглядзеў на працягнутую паперу, прачытаў і... тут жа напісаў рэзалюцыю: "Выделить лейтенанту Комаровскому А.А. двухкомнатную квартиру". Унізе паставіў дату, свой подпіс... Дадаў яшчэ візітоўку са словамі (ледзь не шэптам):

— Чует мое сердце родственную кровь... Будете в Москве, лейтенант, заходите. Буду рад.

...Такім вось незвычайным чынам Алесь атрымаў кватэру, у якой потым некалькі гадоў пражыў разам з сябрам і ягонай жонкай.

У.В. Шулякоўскі, г. Мінск.

Дыягназ

У мяне ёсць блізкая сяброўка — рыжанка Валда, якая, памятаю, вельмі перажывала, калі захварэла яе любімая цётачка. Галоўнае — прыгожая такая, жанчына, што называецца, у поўным росквіце сіл, а "расклеілася" ну зусім. Хто ж ведае, адкуль з'явілася страшэнная слабасць, млоснасць, без дай прычыны стаў уздувацца жывот, пачала кружыцца галава,...

Спачатку ўсё гэта кабета "спісвала" на "пераходны перыяд", на ўзрост — за 50 як-ніяк. Але ж яно і ў 90, калі дажывеш, хварэць не хочацца. Стала лячыцца — чым толькі магла. Ну ўсё перабрала! Марна — анічога не дапамагае. Прыйшлося ісці па дактарах. Тыя і глядзелі яе, і слухалі, а каб дакладны дыягназ паставіць, каб дапамагчы — не.

Нарэшце да вядомага свяцілы ў сталічны медцэнтр трапіла. Той таксама галаву паламаў, але ж прысуд свой вынес, хоць і досыць нечаканы: "У вас, — сказаў, — саліцёр".

Жанчына проста ў жаху была: як саліцёр, адкуль саліцёр? Пра гэтага ж "звера" апошнім часам нават нідзе не чуваць было?!

Адзінае, што суцяшала, — па словах доктара, хвароба была яшчэ не запушчаная, і "га́дзіну" тую можна вывесці. Найлепшы сродак для гэтага — сырыя гарбузовыя семкі...

Цяпер ніхто і не прыпомніць, колькі гарбузоў было прывезена да хворай, колькі іх змарнавана — не да толку "зарэзана"! Семкі з іх з'ядаліся шклянкамі, "дозы" пастаянна павялічваліся. Ды што дрэнна — амаль такімі ж тэмпамі ў жанчыны павялічваўся жывот. "Значыць, расце той саліцёр?" — перажывала яна...

Аж пакуль праз сем месяцаў нечакана для сям'і... не нарадзіла на свет ружовенькага, гладзенькага, як той гарбузік, хлопчыка.

...Што цікава, вырас ён у сапраўднага прыгажуна і ў вельмі вялікага разумніка: проста бліскуча скончыў медыцынскі ўніверсітэт, стаў адным з лепшых дактароў у горадзе. Бо зусім жа малады яшчэ, а вакол толькі і чуваць паважлівае: "Артур Янавіч сказаў...", "Артур Янавіч зрабіў...".

І толькі ў сваёй сямейцы (праўда, за вочы) яго па-ранейшаму з усмешкай называюць... Саліцёрам.

Людміла Бурдыка, г. Мінск.

Лобзік для Лены

Якіх толькі анекдотаў не складаюць мужчыны пра жанчын-бландзінак, пра жанчын-кіроўцаў, пра жанчын-шапаголікаў і г.д. Пакуль — адзін. Жонка пасля зарплаты ўзяла мужыкову картку, пайшла ў гастраном прадуктаў купіць. Пад вечар вяртаецца — прыносіць цэлы мех нейкіх трантаў: ліфчыкаў, калготак, спаднічак... "А дзе ж хлеб, дзе мяса-малако?" — пытаецца муж. "Зарабляць трэба больш, — адказвае жонка. — Тваіх грошай нават на ежу не хапіла".

...Вось у нас, у Лучыне акурат з такім мужчынам адна маладзічка жыве — прыгожая. І досыць рэдкае захапленне мае: хлебам яе не кармі, дай нешта з дрэва стварыць. Што? Ды ўсё, што заўгодна — ад кухоннай дошкі і да...

Мініяцюрныя калёсы каля дзіцячага садка паставіла (цюцелька ў цюцельку, як сапраўдныя! Ну хоць ты поні ў іх запрагай!), каля Дома культуры лебедзяў "прызямліла", на высокім беразе Дняпра прыгожую альтанку збудавала... Для ўсіх, каб пасядзець маглі, палюбавацца...

І пры гэтым яна ні разу нават не заікнулася пра нейкую плату, пра нейкую славу ці прызнанне таленту. Нясмелая яна (як і большасць майстроў), сціплая. Адно хіба — адчуўшы асалоду ад творчасці, рабіць ёй хочацца больш і лепш...

Якраз для гэтага стала Алена інструментам цікавіцца, марыць, у прыватнасці, пра электрычны лобзік — прафесійны, фірмы BОSСH. Грошы на яго, каб неадчувальна было для сямейнага бюджэту, пакрысе адкладвала, на сабе эканоміла.

І вось патрэбная сума сабралася. Свята, можна сказаць. Дзеля гэтага і ў горад можна матнуцца. Але ж дом, гаспадарка, але ж час ды і грошы...

А мужык яе, лічы, штодня ў Жлобін ездзіць, бо працуе там.

Вось яму і даручыла жонка зрабіць пакупку. З вечара дэтальны "інструктаж" правяла — расказала чалавеку (нават запісала!), якая павінна быць магутнасць у лобзіка, які запуск, колькі абаротаў...

— Усё зразумеў? — раніцай перапытала.

— А то ж! — аж пакрыўдзіўся той. — За каго ты мяне лічыш?!

Пасля такой упэўненай заявы Алене нічога не заставалася, як чакаць вечара.

І вось ён настаў. Чалавек яе прыехаў, з ладнага пакета стаў даставаць каробку. Ды і прыгаворваць пры гэтым:

— Ты паглядзі, якія я сабе "педалі" купіў. Верх — натуральная скура, унутры — натуральная аўчынка... На — памацай... Ну мякка ж, праўда?

— Праўда... Я рада... А лобзік дзе?

— А на лобзік, ты ведаеш, грошай не хапіла, — не спускаючы вачэй з чаравікаў, прамовіў муж ...

Лена ў выніку зноўку збірае грошы — на гэты раз падпрацоўку ўзяла. Каб купіць сабе лобзік...

І купіць жа! Абавязкова... Калі паедзе ў горад сама. Бо мужыку да тых новых "педаляў" можа спатрэбіцца шапка. Ці куртка.

Соф'я Кусянкова,в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

←Фильмы о прошлом и настоящем: за каким кино будущее?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика