Дах адрамантавалі, а ён працякае...
На прыёме
У тым, што невырашальных сітуацый у Дубровенскім раёне няма, асабіста маглі пераканацца старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Васіль Максімаў і пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско, якія разам вялі прыём грамадзян у аграгарадку Асінторф Дубровенскага раёна.За дзве гадзіны адказныя асобы выслухалі больш за дваццаць чалавек. Дарэчы, па пытаннях праблем жыллёва-камунальнай гаспадаркі людзі прыходзілі на сустрэчу не па аднаму, а калектыўна. Так, жыхары дома № 12 на вуліцы Маякоўскага паскардзіліся кіраўнікам абласных структур, што зіма не за гарамі, а рамонт дома да гэтага часу не скончаны. У выніку — вільготнасць у кватэрах, а пад падлогай на першых паверхах пасля праліўных дажджоў стаіць вада. Да добраўпарадкаванні двара таксама ніхто не прыступаў. І аналагічная сітуацыя ў доме № 7.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці, звяртаючыся да прадстаўнікоў мясцовай улады, адзначыў, што пытанні работы ЖКГ знаходзяцца ў кампетэнцыі мясцовых органаў улады. І неабходна планамерна займацца іх вырашэннем, а не чакаць, напрыклад, калі людзям літаральна пацячэ на галаву вада. Як было ў кватэры жыльца дома №17 Васіля Самацветава. Цікава, што толькі мінулым летам у доме адрамантавалі дах. Праўда, кіраўнік кантрольнага ведамства падкрэсліў, што ў раёне, і асабліва ў Асінторфе, у плане рамонту, як і добраўпарадкавання тэрыторыі, зроблена адказнымі службамі нямала. Аднак, як гаворыцца, за вялікім не бачыцца малое...
Набалелым падзялілася і Ніна Герасімава. Яна агучыла пытанне недахопу ложка-месцаў у бальніцы сястрынскага догляду, ды і самому будынку даўно патрабуецца рамонт.
— Пасля правядзення прыёму Васіль Максімаў і Генадзь Дыско змаглі асабіста пераканацца ў праўдзівасці слоў Ніны Уладзіміраўны, наведаўшы бальніцу, — паведамілі ў прэс-службе Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці. — Кіраўнікамі камітэта і пракуратуры ў ліку іншых было таксама дадзена даручэнне прыняць неадкладныя меры па вырашэнні пытання аб заканчэнні добраўпарадкавання мясцовага стадыёна, у якім зацікаўлены ўсе жыхары пасёлка.
Падводзячы вынікі прыёму грамадзян, старшыня Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці адзначыў, што прыём у аграгарадку адрозніваўся ад аналагічных пытанняў у самых розных сферах. Усе праблемныя тэмы, якімі падзяліліся жыхары населенага пункта, узяты на кантроль да поўнага іх вырашэння.
Аляксандр ПУКШАНСКІ