Праверылі футбольны клуб
На кантролі
Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці падчас праверкі дзейнасці футбольнага клуба "Віцебск" знайшлі скажэнне звестак дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, за што прадугледжаная як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць.
— У мэтах стварэння неабходных умоў для далейшага развіцця фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама аптымізацыі мер падтрымкі гульнявых відаў спорту летась быў выдадзены Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 497 "Аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту". Указам устаноўлена некалькі відаў падтрымкі арганізацый фізічнай культуры і спорту. Гэта і бязвыплатная (спонсарская дапамога) юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Прадугледжана і выдзяленне субсідый за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, стварэнне спартыўным арганізацыям ільготных умоў для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, прадастаўленне падатковых ільгот, — расказалі ў Камітэце. — Умовай падтрымкі, у прыватнасці, для клубаў па гульнявых відах спорту з'яўляецца выкарыстанне сродкаў (у адпаведнасці з каштарысамі, узгодненымі з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, на тэрыторыі якіх знаходзяцца гэтыя клубы), на рэалізацыю сваіх статутных мэт і развіццё адпаведных відаў спорту, у тым ліку інфраструктуры клубаў па гульнявых відах спорту, а таксама дзіцяча-юнацкага спорту. Указам прадугледжаны падатковыя льготы як для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць падтрымку, так і для клубаў па гульнявых відах спорту і іх работнікаў. Напрыклад, прадпрыемствам, якія аказалі падтрымку, прадастаўлена права не абкладаць сумы расходаў па аказанні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі падаткам на прыбытак. Валавы прыбытак спартыўных арганізацый змяншаецца на суму прыбытку, выкарыстанага імі на мэты згодна з зацверджаным каштарысам. Умовай атрымання вышэйназванай ільготы з'яўляецца выкарыстанне не менш чым 25% сродкаў падтрымкі на развіццё дзіцяча-юнацкага спорту.
Аналіз жа статыстычнай справаздачнасці 11 клубаў па гульнявых відах спорту Віцебскай вобласці паказаў, што асноўнай крыніцай сродкаў для ажыццяўлення іх дзейнасці з'яўляецца падтрымка юрыдычных асоб, аказаная ў адпаведнасці з Указам № 497. За першае паўгоддзе гэтага года даходы клубаў склалі больш за 6,1 мільярда рублёў, з якіх сродкі падтрымкі прадпрыемстваў — 3322 мільёны рублёў, або 54,2 працэнта.
Але атрыманых сродкаў падтрымкі заўсёды, здаецца, мала. І, на думку кантралёраў, дзеляцца імі клубы вельмі неахвотна. У прыватнасці, ні адзін з клубаў, справаздачнасць якіх была прааналізавана, не выканаў пастаўленай умовы (аб спрыянні развіццю дзіцяча-юнацкага спорту). За першае паўгоддзе гэтага года толькі 432,5 мільёна рублёў (13 працэнтаў ад сумы падтрымкі) накіраваны на яго развіццё.
У выніку праверкі футбольнага клуба "Віцебск" было ўстаноўлена, што для выканання паказчыка па развіцці дзіцяча-юнацкага спорту ў статыстычнай справаздачнасці пазначаліся плацяжы асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" за футбалістаў-легіянераў у суме 21 мільёна рублёў, расходы па ўтрыманні ў штаце клуба начальніка аддзялення моладзевага футбола на суму 17,6 мільёна рублёў і нават заработная плата з налічэннямі трэнераў-выкладчыкаў спартыўнай школы, выплачаная за кошт сродкаў бюджэту (у суме 264,5 мільёна рублёў). А гэта ўжо — скажэнне звестак дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, за што прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць.
Указ № 497 дае магчымасць не толькі прасіць грошы, але і зарабляць іх. Аднак клубы па гульнявых відах спорту, як правіла, не маюць сваёй спартыўнай базы. І як вынік, толькі 3 працэнты ад даходаў гэтых клубаў (183,6 мільёна рублёў) былі атрыманы імі ад прадпрымальніцкай дзейнасці.
Год яшчэ не скончыўся, і ў кожнага клуба ёсць магчымасць выправіць сітуацыю. Сродкі, накіраваныя на развіццё дзіцяча-юнацкага спорту і інфраструктуры, вернуцца клубам новымі дасягненнямі маладых перспектыўных гульцоў і проста здароўем нашых дзяцей. У гэтым упэўнены рэвізоры.
Аляксандр ПУКШАНСКІ