Зямельныя ўчасткі, чэкі "Маёмасць", афармленне спадчыны і прыватызацыя

Источник материала:  

(Працяг. Пачатак у нумары за 20 кастрычніка.)

Зямельныя ўчасткі, чэкі "Маёмасць", афармленне спадчыны і прыватызацыяУсе гэтыя тэмы былі ўзняты падчас "прамой лініі" ў рэдакцыі нашага выдання з удзелам старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Георгія Іванавіча Кузняцова. Нашымі чытачамі было зададзена больш за 40 пытанняў. Мы прапануем вам адказы на самыя актуальныя з іх.

— Паважаны Георгій Іванавіч, у нас тут бяда. Мы ніяк не можам атрымаць дом і 25 сотак у спадчыну. Афармляем зямлю ўжо другі год. Справа вось у чым. Раней суседзі пры афармленні сваіх дакументаў адабралі ў нас 5 сотак зямлі. Але мы з гэтым не згодны. Спецыялісты землеўпарадкавальнай службы і мясцовае кіраўніцтва зацягваюць нашу справу. Цяпер нас ніхто ўжо не слухае. Што рабіць?

Ларыса Хамін, Мядзельскі раён, вёска Нарач.

— Я так разумею, што ў вашым выпадку існуе спрэчка з суседзямі наконт сумеснай мяжы. Зараз вам трэба зрабіць так. Афіцыйна напісаць заяву ў сельскі выканкам аб вырашэнні зямельнага канфлікту. Сельскі выканкам вымушаны будзе стварыць адпаведную камісію, у складзе якой будуць задзейнічаны неабходныя спецыялісты. Гэтая камісія павінна прыбыць на месца вашага зямельнага ўчастка, дзе ў прысутнасці вас і суседа будзе прынята рашэнне аб зямельнай спрэчцы. Паводле вынікаў работы камісіі будзе складзены адпаведны дакумент, які адлюстроўвае ўсе акалічнасці па гэтай справе. Потым гэты акт камісіі будзе разглядацца на пасяджэнні мясцовага выканкама і зацверджаны.

— Але нас не слухаюць, таму, можа, і заяву не возьмуць...

— Заяву можна накіраваць у выканкам і заказным пісьмом па пошце. Чыноўнікі будуць вымушаны прыняць вашу заяву.

— А калі рашэнне выканкама будзе не на нашу карысць?

— Тады вы маеце права адстойваць сваю праўду ў судзе. Другога спосабу вырашыць вашу зямельную спрэчку няма.

— Мы як маладая сям'я атрымалі зямельны ўчастак у горадзе Смалявічы, дзе будуем індывідуальны жылы дом. Пры будаўніцтве карыстаемся льготным крэдытам дзяржавы. Так адбылося, што цяпер вада з боку суседняга поля сцякае менавіта на наш участак. Вада ўжо знішчыла дарогу да ўчастка і сур'ёзна парушыла яго рэльеф. Пачынаюцца праблемы з фундаментам дома. Мясцовыя ўлады адказнасці ў гэтай сітуацыі на сябе не бяруць. На ўсе нашы заявы да гарадскіх чыноўнікаў атрымалі толькі адпіскі, дзе адмаўляюць дапамагчы ў гэтай складанай сітуацыі...

Анастасія Аляксандраўна, г. Смалявічы.

— Сітуацыя ў вас і сапраўды складаная. Калі раённыя ўлады не жадаюць вам дапамагаць, то паспрабуйце звярнуцца да адпаведных спецыялістаў аблвыканкама. Калі і там вы не знойдзеце разумення, то застаецца адзін шлях абароны сваіх правоў — праз суд.

— Маю жаданне прыватызаваць дом у вёсцы. Хачу выкарыстаць для гэтага і чэкі "Жыллё". Але ў мяне іх не бяруць. Чаму?

Іосіф Пабярэжын,Браслаўскі раён.

— Зараз хто з'яўляецца ўласнікам гэтага дома?

— Раней ён быў саўгасны, а пасля аб'яднання структур стаў належаць нашаму таварыству "Аграсэрвіс".

— Атрымліваецца, што гаспадаром дома з'яўляецца акцыянернае таварыства. Гэта яго прыватная уласнасць. А чэкі "Жыллё" выкарыстоўваюцца толькі для прыватызацыі дзяржаўнага жылля. Атрымліваецца, што ў вашым выпадку гутарка можа ісці толькі аб продажы вам гэтага дома. Ніякіх выключэнняў тут няма. Адзінае, што я вам параю, гэта ўдакладніць, ці сапраўды дом належыць акцыянернаму таварыству на праве ўласнасці. Бываюць выпадкі, калі аб'екты жылога фонду перадаюцца акцыянерным таварыствам па дагаворах бязвыплатнага карыстання. У гэтай сітуацыі дом застаецца ва ўласнасці дзяржавы і яго магчыма прыватызаваць з выкарыстаннем і чэкаў "Жыллё".

— Ці могуць зараз грамадзяне Расіі, якія атрымалі жылы дом у спадчыну ў Беларусі, аформіць яго і зямельны ўчастак у прыватную ўласнасць?

Аксана Кастунова,г. Брэст.

— Калі ў спадчынадаўца ўжо быў аформлены зямельны ўчастак у прыватную ўласнасць, то і спадчынніку — грамадзяніну іншай краіны — гэтае права ўласнасці пераходзіць. Адпаведна такое правіла існуе і па зямельных участках, якія былі ў спадчынадаўца на праве пажыццёвага валодання з правам перадачы ў спадчыну. Спадчыннік атрымае зямельны ўчастак у пажыццёвае валоданне з правам перадачы ў спадчыну. Аднак калі ўчастак быў ужо аформлены грамадзяніну іншай дзяржавы ў пажыццёвае валоданне з правам перадачы ў спадчыну, то выкупіць ва ўласнасць гэты ўчастак замежніку ўжо нельга. Бываюць выпадкі, калі зямельны ўчастак першапачаткова не быў аформлены спадчынадаўцам, тады гэты ўчастак будзе афармляцца іншаземцу толькі на праве арэнды.

— Я ў пачатку 90-х гадоў пабудаваў кааператыўны гараж ад сельгастэхнікі. Зараз гэтай арганізацыі юрыдычна ўжо няма. Таму і зніклі ўсе дакументы аб выдзяленні зямельных участкаў пад будаўніцтва гаражоў. Гэтага рашэння (аб выдзяленні зямельных участкаў) няма нават у абласным архіве. Што нам цяпер рабіць, каб аформіць гаражы ва ўласнасць?

Мікалай Хропік,г. Беразіно.

— Вам трэба высветліць тое, калі і якім чынам быў створаны гэты кааператыў. Магчыма, што такі кааператыў як юрыдычную асобу трэба будзе стварыць занава. Потым кааператыў павінен звяртацца ў гарвыканкам аб выдзяленні яму зямельнага масіву пад гаражамі, для іх абслугоўвання. Далей узнікае самае складанае пытанне — аб саміх гаражах. Тут трэба шукаць любыя дакументы аб будаўніцтве канкрэтнымі асобамі гэтых гаражоў. Калі і тут дакументаў няма, то застаецца апошні шлях — звяртацца ў суд, каб ужо ён прызнаў права ўласнасці грамадзян на такую нерухомасць. Гэта можна зрабіць толькі ў тым выпадку, калі ўсё спачатку было зроблена па законе. Галоўнае, каб гэта не было самавольнае будаўніцтва людзей, калі зямля выканкамам на гэтыя мэты ніколі не прадастаўлялася. Бо самавольнае будаўніцтва ўзаконіць практычна немагчыма.

Сяргей КУРКАЧ.

(Заканчэнне будзе.)

←Кристине важен каждый день

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика