Чаму маладзечанцы не шукаюць згубленыя рэчы?

Источник материала:  

Бюро знаходак даўно няма, пасажыры аўтобусаў вяртаюць толькі драбязу, а таксісты і чыгуначнікі  гатовыя самі вярнуць страчаную рэч!

Старэйшыя жыхары нашага горада ўпэўнілі мяне, што калісьці бюро знаходак размяшчалася ў раёне завода ”Спадарожнік”. Але калі я патэлефанавала па нумары гарадской даведкі, голас аператара адказаў, што такой службы ў Маладзечне няма.

Куды ж звяртацца жыхарам горада ў сітуацыі, калі губляюцца альбо пакідаюцца ўласныя рэчы? Паспрабуем разабрацца.

Грамадскі транспарт

Ведаючы пра тое, што часцей за ўсё рэчы пакідаюцца ў транспарце, я патэлефанавала ў прыёмную дырэктара аўтапарка №4. Па тэлефоне сакратарка  сумна паведаміла:

– А вы не ведаеце, які зараз народ? Цяпер пакінутыя рэчы знаходзяць новага гаспадара хутчэй, чым аўтобус завяршае свой маршрут. Вось і немэтазгодна трымаць такое бюро. 

Далей размова працягвалася больш узрушана:

– Але быў такі выпадак, калі мужчына пакінуў у салоне аўтобуса ноўтбук і кандуктар перадала яго механіку, які ў сваю чаргу вярнуў яго ўдзячнаму ўладальніку. А калі вы пакінулі ключы, пальчаткі ці іншую драбязу, то можаце не хвалявацца, яны хутчэй за ўсё будуць у кіроўцы аўтобуса, галоўнае, запомніць, у якім аўтобусе згубіліся рэчы.

Чыгунка

Цікавая размова адбылася і з супрацоўнікамі чыгункі. 

– Калі нехта з нашых супрацоўнікаў знойдзе, скажам, тэлефон, мы дзейнічаем проста. Набіраем з яго на свой мабільнік, каб даведацца нумар уладальніка. А потым знаходзім уладальніка і ў прысутнасці міліцыянера вяртаем маёмасць!

– А што ж рабіць з астатнімі рэчамі?

– У кожным разе згубленыя вамі рэчы нікуды не знікаюць, а перадаюцца ў рукі дзяжурнага па вакзале, дзе складаецца падрабязны вопіс вашай рэчы. Гэта робіцца для таго, каб уладальнік хутчэй знайшоў прапажу. Калі ж гаспадар не знаходзіцца, рэчы не выкідаюцца, а адпраўляюцца ў Мінск на склад згубленых рэчаў. Уявіце сабе, што і такі склад існуе!

Таксі

Кіроўца службы таксі 158 Павел Самаль паведаміў:

– Пасажыры забываюцца рэчы амаль штодня. І ў асноўным гэта парасоны, пальчаткі, кашалькі. Але чамусьці шукаюць прапажу вельмі рэдка! Не вераць у тое, што рэчы вернуць. А дарма. Усе рэчы, якія пакідаюць пасажыры, захоўваюцца ў аператараў таксі і іх можна вярнуць, калі проста патэлефанаваць у службу таксі.

Кавярня

Наконт забытых рэчаў дырэктар кавярні “Мезанін” Ірына была гаваркая, як ніхто.

– О! Вядома забываюць, асабліва па суботах, нядзелях. Забываюць ўсё: і світары, і пашпарты, і зарадку ад ноўтбукаў і тэлефонаў, і самі тэлефоны. Дарэчы, у нас да сённяшняга дня захоўваецца нейкі прыборчык ў шэрай скрыначцы, які таксама нехта забыўся. Але нешта не спяшаюцца вяртацца за ім.

– А што за прыбор?

– А хто яго ведае? І, здаецца, не для вымярэння ціску, так нейкі, мабыць, фізічны.  А быў выпадак, калі мужчына забыўся пашпарт, але так па яго і не прыйшоў. Мусілі звярнуцца ў пашпартны стол.

А бываюць і такія сітуацыі, калі прыходзяць людзі, упэўненыя ў тым, што менавіта ў нас забыліся рэч. Зусім нядаўна прыйшоў хлопец і абвінаваціў нас у тым, што мы яму адмовіліся вярнуць зарадку ад айфона. Казаў, што яна каштуе даражэй за сам тэлефон. А ён яе забыўся дакладна не ў нас.

Крама

Начальнік службы аховы магазіна “Алмі” Марат Саўчыц:

– Наш новы магазін адчыніўся месяц таму, і яшчэ не было ніводнага выпадку, каб нехта нешта забыўся. А так, бывае, пакідаюць нейкія дробныя рэчы з пакупак: ёгурты, сыркі. Таму пытанне пра вяртанне рэчаў у нас не стаіць, але калі вы хутка апомніцеся, то служба бяспекі заўсёды вам верне рэч, толькі абавязкова пасля прагляду камеры назірання. Гэта робіцца для таго, каб мы былі ўпэўненыя ў тым, што менавіта вы забыліся гэту рэч.

Лядовы палац

Адміністратар палаца:

– А што ў нас на лёдзе забудзешся? Шапку ды пальчаткі? Яны захоўваюцца ў гардэробе, а паколькі нашы наведнікі прыходзяць да нас часта, то, як правіла, рэчы хутка і вяртаюцца гаспадарам.

Гасцініца

Апошняя ўстанова, куды мы звярнуліся, – гасцініца “Маладзечна”. Гутарым з адміністратарам.

– Скажыце, а што часцей за ўсё забываюцца вашы госці?

– А зарадкі для мабільнікаў і пашпарты лічыць? – хітра пытаецца адміністратар.

І я разумею, што адказ будзе небанальны.

– Не, не лічыць.

– Тады заручальныя пярсцёнкі… вельмі  часта трапляюцца.

– А былі нейкія цікавыя рэчы?

– Так адразу і не ўспомніш… А! Басаножак адзін  забыліся… у студзені. Па рэчы вяртаюцца вельмі рэдка. Вось і цяпер ў сейфе адміністратара захоўваюцца некалькі пашпартоў. Так што звяртайцеся, калі ласка, з радасцю вернем!

Выглядае, што калі вы забыліся нешта ў грамадскім месцы – не вешайце нос і спрабуйце вярнуць!

Дзяжурны па чыгуначным вакзале, тэл. 74- 22-53. Гасцініца, тэл. 77-16-76.

Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.

←Большой пресс-тур российских журналистов по Беларуси продолжается.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика