Як вы лічыце, ці трэба ўзмацняць адказнасць дзяцей за сваіх пажылых бацькоў?
— Безумоўна, трэба. Мы якраз з калегамі цяпер і абмяркоўваем гэту тэму. Засмучае, што дзеці не хочуць сёння даглядаць сваіх бацькоў. Гэта дакладна прасочваецца, калі прыходзяць на прыём і просяць прыняць старых у інтэрнат. Маўляў, "я не магу справіцца са сваёй мамай. Калі пачынаеш чытаць матэрыялы справы, разумееш, што 3 месяцы ці год таму кватэра перапісана ўнуку — і адразу бацькі не патрэбны. Трэба спыняць гэта сацыяльнае ўтрыманства, прымусіць дзяцей несці адказнасць за сваіх бацькоў. Думаю, варта на заканадаўчым узроўні памяняць умовы змяшчэння пажылога чалавека, які мае дзяцей працаздольнага ўзросту, у інтэрнат, у прыватнасці, павысіць узрост, аплату. Акрамя таго, трэба ўмацоўваць сямейныя каштоўнасці. Унукі бачаць, як бацькі ставяцца да бабулі і дзядулі. І недарэмна кажуць: як гукнеш, так і адгукнецца.
Эдуард ВАЙЦЯХОВІЧ, кансультант Цэнтра падтрымкі сельскага прадпрымальніцтва "Камарова", Мядзельскі раён:— Трэба гэта рабіць. Але не надта адміністрацыйна, неяк гнутка, асцярожна. У першую чаргу, культуру людзей трэба павышаць, бо пытанне клопату аб пажылых бацьках наўпрост звязана з пытаннем выхавання. Маці маёй жонкі, калі адной жыць стала цяжка, пераехала да нас. Не магу сабе ўявіць, што магло быць па-іншаму... Яна не хацела ехаць, перажывала, што будзе нам перашкаджаць. Але трэба стварыць умовы, каб чалавеку было камфортна, каб ён упісаўся ў ваша жыццё. Яна не адчувае сябе чужой у нашай хаце. Італьянцы прыязджалі, дык мы не хавалі яе, а знаёмілі: "Гэта наша мама". Мэр Сардзініі ёй руку цалуе. Трэба, каб па-людску было. І бюджэт у нас сумесны. А ў некаторых жа хатах дзеляць: "Гэта твая каструля, гэта мая". Альбо (гэта наогул ні ў якія вароты не лезе) старшыня сальсавета фарбуе плот бабульцы, а дзіця ў Мінску сядзіць. Ёсць у нас такія, што самі не могуць часта прыязджаць, дык мясцовым плацяць, каб прыглядвалі за бацькамі, нешта дапамагалі. А не трасуць сельсавет, чаму бацьку хлеба не купіў.
Барыс МАКОЎСКІ, пенсіянер, які пражывае адзінока, Жлобін:— Цяжкае пытанне. Думаю, што пажылыя людзі самі пра сябе павінны клапаціцца. Але для гэтага трэба стварыць такія ўмовы, каб кожны чалавек штомесяц, пачынаючы з першага дня працоўнай дзейнасці, адкладаў частку грошай у банк на кніжку. А дзяржава, у сваю чаргу, забяспечвала нейкія працэнты. І тады не будзе дармаедства і п'янства. Чалавек, пакуль здаровы, павінен назапашваць грошы, каб сваімі рукамі забяспечыць сабе нармальную старасць. А пакуль нас, пенсіянераў, гадуеце вы — людзі, з заробкаў якіх штомесяц ідуць істотныя адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны. А што зменіцца, калі на заканадаўчым узроўні ўзмацніць адказнасць дзяцей за пажылых бацькоў? <І>(Задумваецца.) Можа, нараджальнасць павысіцца. Хто ведае?
Надзея ДРЫЛА.