Вестэрнізацыя як выклік

Источник материала:  

Вестэрнізацыя з'яўляецца адной з тых з'яў, якія наўпрост уплываюць у інтарэсах Захаду на жыццё ўсіх незаходніх краін, уключаючы Беларусь. Яна можа трактавацца як навязванне, прамое і спакваля, заходніх каштоўнасцяў, пунктаў гледжання, імкнення да высокіх стандартаў жыцця грамадзянам незаходніх краін.

 Як адзначае аглядальнік "Нью-Ёрк Таймс" Т. Фрыдман, цяпер людзі не параўноўваюць сябе са сваімі бацькамі. Цяпер яны параўноўваюць сябе са сваімі суседзямі — усюды. Таму што яны могуць адсочваць іх па ўсім свеце пры дапамозе тэлебачання, спадарожнікавых антэн, DVD і інтэрнэту. Палярнае ўздзеянне вестэрнізацыі адзначае і вядомы даследчык Н. Фергюсан, сцвярджаючы, што ў выніку наступлення заходняй цывілізацыі на Блізкі Усход магчыма казаць пра яўны раскол блізкаўсходніх суполак на прыхільнікаў умеранай вестэрнізацыі і фундаменталістаў. Вестэрнізацыя стала самастойным праектам заваявання розумаў у краінах, размешчаных па-за заходнім арэалам, праз выкарыстанне апошніх тэхнічных дасягненняў у сферы ўплыву на паводзіны і псіхалогію індывіда. На думку Г.Г. Дзілігенскага, жыхары бедных краін і прадстаўнікі небагатых слаёў тым цяжэй перажываюць сваё становішча, чым лепш яны ўяўляюць сабе "багатае жыццё" іншых краін і сацыяльных груп, якую ім штодзённа паказваюць аўдыявізуальныя масмедыя.

Вестэрнізацыя як выклікВажнай часткай вестэрнізацыі з'яўляецца ажыццяўленне ўплыву праз дзейнасць СМІ і заходніх недзяржаўных арганізацый, у тым ліку праваабаронных. Яны часта даюць адкрыта прадузятую ацэнку падзей, што адбываюцца па-за заходнім светам. Прафесар Універсітэта Лувена Ж. Брыкман адзначае, што спрэчкі вакол правоў чалавека ў асноўным вядуцца вакол палітычных правоў і правоў асобы, у той час як іншыя правы — эканамічныя і сацыяльныя, якія таксама ўваходзяць ва ўніверсальную Дэкларацыю правоў чалавека, часта ігнаруюцца, Ён прапаноўвае звярнуцца да думкі эканамістаў Жана Дрэза і Амарціі Сена: яны разлічылі, што Кітай і Індыя, якія знаходзіліся ў прыкладна аднолькавай "стартавай пазіцыі", выбралі розныя шляхі развіцця, і адрозненне сацыяльных сістэм гэтых дзвюх краін (ахова здароўя) абумоўлівае штогод гібель 3,9 млн чалавек індыйцаў, якіх можна было выратаваць. Гэта звязана з тым, што Індыя спрабуе цалкам імітаваць Захад і ў эканоміцы, і ў палітыцы, а Кітай запазычвае толькі тое, што яму выгадна.

Прыватным аспектам вестэрнізацыі з'яўляецца культурны ўплыў. Так, прадукцыя Галівуда садзейнічае таму, што ў краінах, размешчаных за тысячы кіламетраў ад ЗША, вырастаюць мільёны прыхільнікаў ЗША, якія імкнуцца выглядаць і дзейнічаць, як амерыканцы ў папулярных заходніх фільмах. Галівуд стаў важнай часткай sоft роwеr, або "мяккай сілы", ЗША. Сіметрычным адказам з'яўляюцца дзеянні ўрада Францыі па падтрымцы французскай мовы і забароне дамінавання замежнай медыя-прадукцыі ў культурным жыцці, уключаючы абмежаванні на паказ замежных фільмаў у кінатэатрах і напрамак адлічэнняў ад іх пракату на развіццё нацыянальнага кінематографа. Падобныя крокі зроблены і ў Іране. Асобныя мерапрыемствы рэалізуюцца і ў Беларусі, уключаючы павелічэнне вяшчання ў нацыянальным эфіры айчынных музычных твораў.

Вестэрнізацыя часам атаясамліваецца з амерыканізацыяй. Але на справе гэта не так. Вестэрнізацыя ўяўляе сабой сукупнасць праектаў заваявання розумаў грамадзян незаходніх краін, выхавання як паклоннікаў амерыканцаў, так і англафілаў, франкафілаў, германафілаў і іншых прыхільнікаў той або іншай заходняй краіны, з'яўляючыся па сваім ахопе больш старадаўнімі і шырэйшымі за сучасную амерыканізацыю. Аднак на сучасным этапе амерыканізацыя стала, без сумнення, дамінуючай сілай вестэрнізацыі, якая адказвае за яе поспехі і паражэнні.

Сутнасць амерыканізацыі — ператварэнне грамадзян іншых дзяржаў у ментальнае падабенства сярэдняга амерыканца, які захапляецца амерыканскай канстытуцыяй, амерыканскай сістэмай кіравання і амерыканскай культурай біг-мака, пепсі-колы і Галівуда. Гібрыдная асоба, якая атрымліваецца ў выніку бесперашкоднай амерыканізацыі, за межамі ЗША безагаворачна верыць у святую місію ЗША па абароне правоў чалавека ва ўсім свеце, вітае адкрыццё амерыканскіх ваенных баз на тэрыторыі сваёй краіны, з зачараваннем чакае новых прэм'ер Галівуда, падтрымлівае нацыянальных чыноўнікаў, якія праводзяць палітыку ўступак любым патрабаванням ЗША. Таму што ЗША і чыноўнікі ЗША не могуць памыляцца па прычыне дасканаласці самых свабодных у свеце амерыканскай сістэмы і амерыканскай канстытуцыі.

Самая важная проблема вестэрнізацыі заключаецца ў навязванні людзям, якія вырашаюць надзённыя матэрыяльныя праблемы выжывання, нематэрыяльных каштоўнасна-нарматыўных узораў і калектывізму. Гутаркі пра абарону правоў геяў, лесбіянак і транссэксуалаў як найважнейшай задачы палітычнага развіцця, якія напышліва вядуцца заходнімі прадстаўнікамі, выклікаюць у насельніцтва краін, якія развіваюцца, нервовы смех, паколькі самі заходнія краіны прыйшлі да гэтага этапу толькі ў апошнія дзесяцігоддзі, выйшаўшы на добры ўзровень "дзяржавы дабрабыту". У якасці найважнейшых задач краін, якія развіваюцца, стаяць электрыфікацыя, індустрыялізацыя, забеспячэнне насельніцтва чыстай пітной вадой (праблема, якую на гэты дзень не змог вырашыць нават Кітай з яго вялізнымі фінансавымі рэсурсамі), масавы ахоп даступнай урачэбнай дапамогай, развіццё сельскай гаспадаркі з тым, каб вырашыць праблемы смярцей ад голаду, неаказанай медыцынскай дапамогі, непаўнацэннага фізічнага і інтэлектуальнага развіцця ў выніку пастаяннага галадання — г. зн. тыя праблемы, якія заходнія краіны вырашалі ў асноўным у ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя і вырашалі ў многім пры дапамозе развіцця матэрыяльных каштоўнасна-нарматыўных узораў, якія садзейнічалі жаданню творча і самааддана працаваць.

Настойлівае навязванне Захадам сваёй нематэрыяльнай сістэмы каштоўнасцяў прыводзіць да парушэння цэласнай карціны свету і свайго месца ў ім у грамадзян краін, якія развіваюцца: вырашаючы элементарныя задачы нематэрыяльнага выжывання, яны ў разгубленасці глядзяць на заходні свет Поршэ і Мерседэсаў, шыкоўных асабнякоў і працоўных месцаў, якія неверагодна высока аплачваюцца. Навязванне постматэрыяльнай заходняй індывідуалізацыі пазбаўляе дзяржавы, якія развіваюцца, такіх важных рэсурсаў развіцця, як калектывізм і салідарнасць, без якіх немагчымы быў бы ні японскі, ні кітайскі, ні тайваньскі эканамічны цуд.

Вынікам вестэрнізацыі з'яўляецца індывід з рванай свядомасцю, які няўтульна адчувае сябе ў тым цывілізавана-матэрыяльным кантэксце, які павінен з'яўляцца для яго натуральным. Яго неўсвядомленае абурэнне з гэтай нагоды можа быць умела накіравана зацікаўленымі палітычнымі акцёрамі па двух асноўных рэчышчах: супраць уласнага ўрада, які не здолеў забяспечыць узровень жыцця, як у Амерыцы і ў Еўропе, або супраць Захаду, у выніку эгаізму якога асноўныя матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы аказаліся сканцэнтраванымі ў руках "залатога мільярда". Першы кірунак азначае чараду рэвалюцый з прыходам да ўлады прадстаўнікоў самых экзатычных ідэалогій, другі — рост тэрарызму і палітычных альянсаў супраць дамінавання Захаду. Як адзначаў С. Ханцінгтан, Захад заваяваў свет не з-за перавагі сваіх ідэй, каштоўнасцяў або рэлігіі (у якую была схілена толькі невялікая колькасць прадстаўнікоў іншых цывілізацый), але хутчэй перавагай у прымяненні арганізаванага гвалту. Жыхары Захаду часта забываюць гэты факт, жыхары не-Захаду ніколі гэтага не забудуць.

Можна рэзюмаваць, што вестэрнізацыя, прапагандуючы недарэчныя ў культурна-гістарычным, сацыяльным і эканамічным плане каштоўнасці, не спрыяе пазітыўнаму развіццю эканомікі, якое можа быць дасягнута за кошт звычайна мадэрнізацыі, а выстройвае дадатковыя перашкоды на шляху паспяховай мадэрнізацыі. Такім чынам, барацьба з распаўсюджваннем працэсаў вестэрнізацыі з'яўляецца адной з асноўных задач незаходніх нацыянальных урадаў. Падтрымка традыцыйных каштоўнасцяў, заслон на шляху заходніх каштоўнасцяў, якія дэмаралізуюць насельніцтва, з'яўляюцца механізмамі самаабароны для незаходняй дзяржавы, якая прэтэндуе на паспяховае эканамічнае развіццё.

Сяргей КІЗІМА,

загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук.

←Костюмчик сидит

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика